Больш за паўстагодзьдзя Ежы Гедройць, які нарадзіўся ў Менску, выдаваў пад Парыжам часопіс, забаронены ў камуністычнай Польшчы. У доме сярод кнігаў і тысячаў лістоў, некалькі чалавек рыхтавалі кожны наступны нумар выданьня. Апроч таго, яны рыхтавалі краіну да часу, калі яна зноў стане свабоднай.

14 верасьня 2000 году ў клініцы невялікага французскага гораду Мэзон-Ляфіт паміраў чалавек. Яму было 94 гады, і нават у апошнія дні ён думаў пра чарговы нумар часопіса. Што варта было паставіць, каму напісаць, які тэкст яшчэ трэба атрымаць ад аўтараў. Яго звалі Ежы Гедройць. А часопіс называўся вельмі проста: «Культура».
Пасьля сьмерці рэдактара выйшаў апошні, 637-ы нумар. Потым часопіс спыніўся, як і хацеў сам Гедройць. Ён ня верыў, што «Культура» зможа існаваць па інэрцыі, ператварыўшыся з жывой думкі ў помнік самой сабе. Часопіс выходзіў 53 гады, пачынаючы ад першага нумару, надрукаванага ў Рыме ў 1947-м, да апошняга, падрыхтаванага ўжо пасьля сьмерці рэдактара.
За гэты час зьмяняліся кіраўнікі Польшчы і СССР, паміралі дыктатары, распадаліся імпэрыі. У Польшчы пасьпелі скончыцца сталінізм, «адліга», эпоха Гамулкі, час Герэка, ваеннае становішча Ярузэльскага і сама камуністычная сыстэма. А ў доме пад Парыжам па-ранейшаму выходзіў штомесячны часопіс, які ня меў ні вялікай рэдакцыі, ні багатага ўладальніка, ні дзяржавы за сьпінай.
Дом каля трыццаці кілямэтраў ад Парыжу

Дом «Культуры» стаяў у Мэзон-Ляфіт, ціхім прыгарадзе каля трыццаці кілямэтраў ад сталіцы. Спачатку рэдакцыя арандавала стары халодны дом, мала падобны да штаб-кватэры ўплывовага выданьня. Унізе працавала рэдакцыя, наверсе жылі яе супрацоўнікі. Тут жа гатавалі ежу, прымалі аўтараў, чыталі рукапісы, рабілі карэктуру і складалі кнігі ў пасылкі.
У цэнтры гэтага маленькага сьвету быў Гедройць. Побач хадзілі мастак і эсэіст Юзаф Чапскі, Зоф’я і Зыгмунт Герцы, пазьней брат рэдактара Генрык. Ежы Гедройць уздымаўся адным зь першых і клаўся апошнім. Калі было трэба, сам мыў посуд і пераносіў пачкі кнігаў. Ён прызнаваўся ў адным зь лістоў, што «Культура» толькі звонку выглядае добра наладжанай машынай. Насамрэч, каб яна не спынілася, рэдактар мусіў быць адначасова выдаўцом, адміністратарам, карэктарам, грузчыкам і чалавекам, які штодня вырашае новую фінансавую загадку.
У 1954 годзе рэдакцыя мусіла пакінуць першы дом. Каб набыць новы, «Культура» зьвярнулася да сваіх чытачоў. І яны адгукнуліся. Людзі дасылалі ахвяраваньні, пакуль будынак ня быў набыты, на што спатрэбілася каля двух гадоў. Так адзін з найважнейшых інтэлектуальных цэнтраў пасьляваеннай Эўропы атрымаў уласны дом, які набылі чытачы.
Ствараць будучыню

Пасьля Другой сусьветнай вайны польская эміграцыя была вялікай, але разгубленай. Тысячы вайскоўцаў, палітыкаў, чыноўнікаў, пісьменьнікаў і навукоўцаў апынуліся на Захадзе. Шмат хто зь іх верыў, што новая вайна з Савецкім Саюзам пачнецца празь некалькі гадоў, камунізм абрынецца, а яны вернуцца ў Польшчу. Гедройць ня верыў у такі сцэнар.
Ён разумеў, што выгнаньне можа працягнуцца дзесяцігодзьдзямі. А значыць, галоўная барацьба будзе адбывацца ў галовах людзей. Менавіта таму ў 1946 годзе ў Рыме, пад апекай Другога польскага корпусу генэрала Ўладыслава Андэрса, зьявіўся Літаратурны інстытут. Праз год выйшаў першы нумар «Культуры», а ўвосень 1947-га рэдакцыя пераехала ў Францыю. Неўзабаве рэдакцыя стала цалкам незалежнай ад войска і пачала існаваць самастойна.
Гедройць не жадаў, каб часопіс залежаў ад польскага ўраду ў выгнаньні, эміграцыйных партыяў або нейкага замежнага цэнтру. «Культура» не павінна была абслугоўваць асяродзьдзе, а мусіла яго зьмяняць.
Замест гэтага «Культура» прапаноўвала не кансэрваваць ва ўспамінах краіну, якая ўжо зьнікла, а думаць пра тую, якая некалі паўстане. Найважнейшым чытачом заставаўся чалавек у самой Польшчы, той, хто ня мог легальна набыць «Культуру», адкрыта напісаць у рэдакцыю або нават прызнацца, што яе чытаў.
Як свабоду хавалі пад савецкай вокладкай

У камуністычнай Польшчы «Культура» была забароненая. Але яе ўсё адно чыталі. Нумары часопіса і кнігі Літаратурнага інстытуту перапраўлялі празь мяжу, хавалі ў багажы, рассылалі на выпадкова выбраныя адрасы з тэлефонных даведнікаў. Некаторыя выданьні маскіравалі пад савецкую літаратуру.
Раман Джорджа Оруэла «1984» атрымаў вокладку, якая нагадвала савецкі прапагандысцкі плякат. Раман Чэслава Мілаша «Здабыцьцё ўлады» адпраўлялі ў Польшчу пад выглядам выдуманай кнігі «Вызваленьне» Зыгмунта Карнагі, нібыта выдадзенай арганізацыяй будаўнікоў Народнай Польшчы імя Ванды Васілеўскай. Пазьней кнігі выпускалі на тонкай паперы ў мініятурным фармаце, каб іх было лягчэй схаваць і перавезьці.
У 1970–1980-я гады, калі ў Польшчы ўзьнік масавы падпольны друк, выданьні з Мэзон-Ляфіт сталі для яго адной з галоўных крыніцаў. У бібліяграфіі польскага незалежнага самвыдату за 1977–1990 гады налічылі больш за тысячу назваў, якія першапачаткова пабачылі сьвет у Літаратурным інстытуце. «Культура» таксама зьбірала сродкі, перадавала грошы і друкарскае абсталяваньне тым, каго Гедройць называў жаўнерамі вольнага слова.
Адмовіцца ад Львова і Вільні

Адна з самых вядомых ідэяў «Культуры» напачатку выглядала амаль здрадай. Значная частка польскай эміграцыі не прызнавала пасьляваенных усходніх межаў. Людзі, якія нарадзіліся ў Львове ці Вільні і былі выгнаныя адтуль, спадзяваліся, што некалі гэтыя гарады вернуцца ў склад Польшчы.
Гедройць і ягоны галоўны палітычны аўтар Юліюш Мерашэўскі казалі пра адваротнае: што Польшча павінна канчаткова адмовіцца ад прэтэнзіяў на Львоў і Вільню. Яна мусіць прызнаць права ўкраінцаў, літоўцаў і беларусаў на ўласныя дзяржавы.
У 1952 годзе «Культура» надрукавала ліст маладога польскага сэмінарыста, у будучым сьвятара, які пісаў, што літоўцы маюць права на Вільню (беларуская гістарычная традыцыя, вядома, прапануе ўласны погляд на Вільню), а над Львовам павінен лунаць украінскі сьцяг. Рэдакцыя адкрыта падтрымала гэтую пазыцыю.
У 1977 годзе ў № 5 «Культуры» была апублікаваная «Дэклярацыя ў справе незалежнасьці Ўкраіны», падпісаная прадстаўнікамі польскай, чэскай, вугорскай і расейскай эміграцыі. Яна сьцьвярджала, што ня можа быць сапраўды вольных палякаў, чэхаў ці вугорцаў без вольных украінцаў, беларусаў, літоўцаў і расейцаў. Пазьней Гедройць называў гэты дакумэнт адным са сваіх найважнейшых дасягненьняў. У момант публікацыі гэта была праграма для краінаў, якіх яшчэ не існавала на палітычнай мапе.
«Культура» ня мела мільённых накладаў і не спрабавала спадабацца ўсім. У часопісу маглі друкавацца людзі з рознымі поглядамі, як левыя, так і правыя, лібэралы і кансэрватары, нацыяналісты і іхныя апанэнты.
Беларусь займала ў канцэпцыі Ежы Гедройця не цэнтральнае, але прынцыпова важнае месца. Нават напрыканцы жыцьця ён працягваў шукаць спосабы падтрымаць беларускую культуру. У 1999–2000 гадах ён актыўна далучыўся да намаганьняў дзеля вылучэньня Васіля Быкава на Нобэлеўскую прэмію, абмяркоўваючы гэтую задуму ў ліставаньні з Сакратам Яновічам.
Праз дванаццаць гадоў пасьля сьмерці Гедройця ягонае імя вярнулася ў горад, дзе ён нарадзіўся. З 2012 году ўручаецца літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця, найбуйнейшая незалежная ўзнагарода за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове.
Гедройць больш за паўстагодзьдзя выдаваў польскі часопіс за межамі Польшчы. Цяпер і беларуская літаратура, і беларуская журналістыка часта ствараюцца далёка ад Менску, але гэтаксама для краіны, а не ў адрыве ад яе.
******
Калі ў 1947 годзе выйшаў першы нумар «Культуры», ніхто не ведаў, ці дачакаецца Польшча свабоды. Але сёння мы ведаем: дачакалася. І таму цяпер можна ацаніць, што зрабіў невялікі дом у Мэзон-Ляфіт.
