«Гэта важны тэст для расійскага грамадства: што ж там будзе ў выпадку маштабнай экстрэмальнай сітуацыі?» Алесь Кіркевіч пра паліўны крызіс у Расіі

Бензінавы крызіс у Расіі адкрыў партал у пекла. На запраўках не проста мацюкаюць адно аднаго, але едуць з «пнеўматамі» і тэлескапічнымі дубінкамі. Крымчане ненавідзяць жыхароў РФ, жыхары РФ — масквічоў, а масквічы — усіх «недачалавекаў», якія жывуць па-за кальцавой. Ці праваліцца Расія сама ў сябе?

Алесь Кіркевіч

Відэа з палаючымі расійскімі прадпрыемствамі, складамі Wildberries, з бойкамі на запраўках ды слязамі ў цік-току — заварожваюць. Глядзець можна бясконца. Здаецца, нарэшце краіна-агрэсар пачала адчуваць смак той кашы, якую сама ж заварыла. Смак вайны, на які яны так доўга маліліся.

Але гэта яшчэ нават блізка не маштабны крызіс і не дух вайны. Гэта — лёгкі вецярок, які папярэджвае пра немінучую буру.

Пажар на складзе Wildberries у Электрасталі пад Масквой. Скрыншот з відэа

Расіяне паўстаюць толькі супраць слабой улады

Ці справакуе сённяшні маштаб праблем у Расіі «народнае паўстанне»? Не. Паўстаюць тыя, хто мае пачуццё ўласнай годнасці. Або тыя, каму няма чаго губляць. У нашым выпадку — два разы «не». У расіян цяжка з пачуццём годнасці, а губляць акурат ёсць што: спажывецкі набор аўто і тэлевізараў, які ўдалося нажыць у сытыя «нафтавыя» гады.

Рашучасці, каб запісаць цік-ток з просьбамі да Пуціна, — хапае. Публічна выпіць вады з унітаза — хапае. А вось на паўстанне… Калі глядзець з гістарычнай рэтраспектывы, расіяне паўстаюць толькі супраць слабой улады: супраць цара Мікалая, супраць Часовага ўраду, супраць СССР, які ўжо і так «разложился на плесень и липовый мёд». Супраць Сталіна ніхто не паўставаў.

Паўставалі ў Расіі заўжды асобныя групы: стральцы, мяцежныя палкі, казакі, каўказцы, яўрэі, латышы. Усе астатнія ішлі следам, каб займацца марадзёрствам. Калі ўжо бяспечна і — ёсць чым пажывіцца. Каб паўстаў народ, гэты народ мае быць народам, а не атамізаванай масай людзей, якія ненавідзяць адно аднаго і вымушана жывуць разам.

Дзяды бралі штурмам вінныя крамы, а не Берлін

Пішуць, што сапраўднае паўстанне ў Расіі выкліча масавая мабілізацыя. Вось тады «народ» падыме галаву… Узгадайце, колькі ваенкаматаў было спалена падчас мабілізацыі ў Афганістан? Ніколькі.

Калі вайна «пераможная» — расіяне ідуць у ваенкаматы з вясёлымі песнямі. Калі «не пераможная» — ідуць з сумнымі песнямі. Вось і ўся розніца.

Душа расійскага соцыуму сфармаваная так, што незадаволенасць не канвертуецца ў бунт. Кожная катастрофа — гэта не нагода выправіць несправядлівасць. Гэта нагода — пасумаваць, памаліцца, выпіць, падумаць: «Што же будет с родиной и с нами…». Тая «родина» ніколі не была прыгажуняй, праўда ж?

Тым больш, дзяды сённяшніх расіян насамрэч не бралі штурмам Берлін. Яны бралі штурмам вінныя крамы ў часы Гарбачова. Тое пакаленне, якое ўдалося мабілізаваць Сталіну, якое сапраўды магло жыць у зямлянках і верыць у Партыю, незваротна сышло. Сённяшнія пенсіянеры — «дзяды» — гэта не пакаленне пераможцаў. Гэта пакаленне пераможаных. Тыя, хто б’ецца ў чэргах за бензін — іхныя ўнукі.

І вось тут крамлёўскія стратэгі дакладна пралічыліся. Грамадства, якое яны вырасцілі, ужо не будзе класціся на амбразуру. У лепшым выпадку: кінуць на амбразуру суседа-таджыка.

Бойка ў чарзе па бензін у Разані. Скрыншот: Supernova+ / Telegram

«Паліўны эксперымент»

Сёння мы бачым не «паліўны бунт», але — першыя вынікі «паліўнага эксперымента». Гэта важны тэст для расійскага грамадства: што ж там будзе ў выпадку маштабнай экстрэмальнай сітуацыі? Нічога добрага. Замест салідарнасці і мабілізацыі — істэрыка і нянавісць.

Як думаеце, як сябе павядзе такое грамадства ў выпадку сапраўднай вайны?.. Баюся, з-пад завалаў там будуць выцягваць не людзей, а тэлефоны і мікрахвалёўкі.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org