Гібралтар адкрыў мяжу з Іспаніяй. Што гэта азначае для беларусаў і ці патрэбная цяпер брытанская віза

Гібралтар. Фота: Wikimedia Commons

З 15 ліпеня 2026 года паміж Іспаніяй і Гібралтарам фактычна знікла сухапутная мяжа. Замест агароджы, шлагбаумаў і абавязковага пашпартнага кантролю цяпер — свабодны рух пешшу і на аўтамабілі. Гэта адна з найбольш прыкметных змен у Еўропе пасля Брэксіту. Але разам з адкрыццём мяжы кардынальна змяніліся і правілы ўезду.

Гібралтар — невялікая тэрыторыя плошчай усяго 6,8 квадратнага кіламетра на поўдні Пірэнейскага паўвострава. Ён перайшоў пад кантроль Брытаніі ў 1704 годзе падчас Вайны за іспанскую спадчыну, а ў 1713 годзе Іспанія прызнала гэта паводле Утрэхцкага мірнага дагавора. Аднак Мадрыд ніколі не адмовіўся ад сваіх прэтэнзій на тэрыторыю.

У 1969 годзе рэжым Франка цалкам закрыў сухапутную мяжу. Яна адкрылася толькі ў 1985 годзе, перад уступленнем Іспаніі ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць.

Але нават пасля гэтага пераход праз мяжу заўсёды суправаджаўся пашпартным кантролем.

Калі Вялікабрытанія выйшла з Еўрапейскага саюза, Гібралтар пакінуў ЕС разам з ёй.

Каб не ператварыць граніцу ў адну з самых жорсткіх знешніх межаў Еўрасаюза, Лондан, Мадрыд, улады Гібралтара і Еўракамісія некалькі гадоў вялі перамовы. Вынікам стала пагадненне, часовае прымяненне якога пачалося 15 ліпеня 2026 года.

Як цяпер працуе мяжа

Пашпартны кантроль знік з сухапутнай мяжы паміж Ла-Лінеяй і Гібралтарам.

Цяпер усе праверкі перанесены ў аэрапорт і марскі порт Гібралтара. Калі чалавек прылятае сюды з Вялікабрытаніі або прыбывае морам, ён праходзіць два кантролі — гібралтарскі і шэнгенскі, які ажыццяўляюць супрацоўнікі іспанскай паліцыі.

Пры гэтым сам Гібралтар не стаў часткай шэнгенскай зоны. Ён застаецца брытанскай тэрыторыяй са сваімі законамі і органамі ўлады, але ўезд арганізаваны паводле новых пагадненняў паміж ЕС і Вялікабрытаніяй.

Што гэта азначае для беларусаў

Калі ёсць шматразовая шэнгенская віза — можна ўехаць у Гібралтар з боку Іспаніі без дадатковай брытанскай візы.

Тое ж датычыць уладальнікаў нацыянальнай візы D любой краіны шэнгенскай зоны.

Калі ёсць дазвол на жыхарства або ПМЖ краіны шэнгенскай зоны — таксама можна свабодна наведаць Гібралтар.

Калі ёсць толькі брытанская турыстычная віза — гэтага ўжо недастаткова. Пасля змены правіл яна больш не дае права на ўезд у Гібралтар.

Калі ёсць часовы або пастаянны від на жыхарства ў Вялікабрытаніі — сам па сабе ён таксама не дае права на ўезд. Каб трапіць у Гібралтар, патрэбна дзейная шматразовая шэнгенская віза або дазвол на жыхарства краіны шэнгенскай зоны.

Калі падарожнічаеце па праязным дакуменце (Travel Document) — усё залежыць ад таго, хто яго выдаў і які статус ён пацвярджае. Калі дакумент выдадзены краінай шэнгенскай зоны разам з правам на пражыванне, уезд магчымы. Сам па сабе праязны дакумент без права на ўезд у краіны шэнгена такога права не дае.

Калі маеце або афармляеце рэзідэнцтва Гібралтара — для вас дзейнічаюць асобныя правілы, якія не распаўсюджваюцца на звычайныя турыстычныя паездкі.

Ці ўлічваецца час, праведзены ў Гібралтары?

Так.

Хоць Гібралтар фармальна не стаў членам шэнгенскай зоны, пасля ўступлення ў сілу новага пагаднення на яго распаўсюджваюцца правілы кароткатэрміновага знаходжання, якія дзейнічаюць у шэнгене. Гэта азначае, што для грамадзян трэціх краін, у тым ліку беларусаў, дні, праведзеныя ў Гібралтары, улічваюцца ў агульны ліміт — 90 дзён на працягу любых 180 дзён.

Напрыклад, калі вы правялі 20 дзён у Іспаніі, потым 5 дзён у Гібралтары, а пасля яшчэ 10 дзён у Іспаніі, то ў агульны ліміт будзе залічана 35 дзён.

Праверыць, ці патрэбная вам віза, якія дакументы неабходныя для ўезду і на які тэрмін можна знаходзіцца ў Гібралтары, можна на афіцыйным сайце Памежнай і берагавой службы Гібралтара — www.gibraltarborder.gi/visa. Дастаткова выбраць краіну свайго грамадзянства, пасля чаго сістэма пакажа актуальныя патрабаванні для ўезду.

Дзе яшчэ дзейнічаюць падобныя правілы

Падобная сітуацыя ёсць у некалькіх еўрапейскіх мікрадзяржавах, якія фармальна не ўваходзяць у шэнгенскую зону, але маюць адкрытыя межы з суседнімі краінамі.

Адзін з найбольш паказальных прыкладаў — Андора. Яна не ўваходзіць ні ў Еўрасаюз, ні ў шэнгенскую зону, але трапіць туды можна толькі праз Іспанію або Францыю. У Андоры няма ўласнага аэрапорта, таму падарожнік спачатку павінен легальна ўехаць у шэнген, а ўжо адтуль — па сушы — у Андору. Пастаяннага памежнага кантролю на гэтых пераходах няма.

Падобны рэжым дзейнічае ў Манака, якое фактычна мае адкрытую мяжу з Францыяй, а таксама ў Сан-Марына і Ватыкане, куды можна свабодна трапіць з тэрыторыі Італіі. Усе гэтыя краіны фармальна не з’яўляюцца часткай шэнгенскай зоны, але на практыцы доступ да іх залежыць ад таго, ці мае падарожнік права знаходзіцца ў суседняй шэнгенскай краіне.

Што будзе з duty free

Крамы duty free ў Гібралтары не знікнуць і працягнуць працаваць, у тым ліку на галоўнай гандлёвай вуліцы Main Street. Турысты па-ранейшаму змогуць купляць там алкаголь, тытунёвыя вырабы, парфуму, электроніку і іншыя тавары.

Аднак галоўная перавага Гібралтара — значна ніжэйшыя цэны ў параўнанні з Іспаніяй — будзе паступова змяншацца. Новыя правілы прадугледжваюць увядзенне ўскоснага падатку і павышэнне акцызаў на тытунь, алкаголь і паліва да ўзроўню, бліжэйшага да еўрапейскага.

nashaniva.com