
У 2020‑м шмат гаварылі пра пінскую сям’ю будаўніка Сяргея і санітаркі Алены Маўшукоў: маму і тату пасадзілі за пратэсты, а іх малых дзяцей ледзь уратавалі ад прытулка. Мы пагутарылі з Аленай Маўшук пра тое, што ў іх чуваць.
«Байсол» зладзіў збор грошай для сям’і, каб падтрымаць пару пасля выхаду Сяргея. Паўдзельнічаць можна тут.
Сяргея і Алену Маўшукоў затрымалі яшчэ 10 жніўня 2020‑га за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах. 9 жніўня Маўшукі выйшлі да пінскага гарвыканкама, каб даведацца вынікі галасавання, і аказаліся ў цэнтры сутычкі з сілавікамі. Алена падышла да шарэнгі сілавікоў і ўдарыла па шчытах рукамі і драўляным калком, не застаўся ўбаку і Сяргей.
Маўшука ў выніку асудзілі на 6,5 года зняволення, яго жонку — на 6 гадоў. Абое трапілі на строгі рэжым да рэцыдывістаў — адгукнулася няпростае мінулае.
Але ж выйшлі на свабоду Маўшукі раней. Алену дэпартавалі ў Літву 12 лютага 2025-га, Сяргея — 19 сакавіка 2026-га.
Цяпер Алена і Сяргей жывуць разам у Вільні. Алена працуе прыбіральшчыцай у трэнажорнай зале, яе муж толькі ў бліжэйшыя тыдні атрымае дазвол на жыхарства і тады зможа афіцыйна працаваць.
Справа для яго знойдзецца, упэўненая Алена:
«Калі атрымае літоўскі ДНЖ, то знойдзе сябе, ён жа плітачнік, будаўнік. Мы праз гэта не хвалюемся».
Жанчына ўспамінае, як упершыню за амаль шэсць гадоў пабачылася з мужам:
«Пазванілі, сказалі, што яго вязуць у Літву. Я ўзяла таксі, сустрэла яго, паехалі дахаты…
Цяжкавата было маральна, пакуль ён не апусціўся на зямлю і не зразумеў, дзе ён знаходзіцца і што ён на волі. Я разумею, што я, напэўна, таксама такая была пасля турмы. Прайшоў час, і ён трохі сарыентаваўся, горад вывучыў, хадзілі з ім па Вільні — недзе я яго вадзіла, недзе ён адзін гуляў».
Алена расказвае, што балючая тэма для іх сям’і — агульная малодшая дачка, 10‑гадовая Карына. Іншыя яе дзеці дарослыя, са сваімі сем’ямі, і Маўшукі разумеюць, што тыя не захочуць выязджаць з Беларусі.
У Алены ёсць 16‑гадовая дачка Ангеліна — як і Карына, яна жыве ў сваякоў. Але ж Ангеліна скончыла 9 класаў і паступае ў 10-ты, таму Алена з мужам вырашылі яе не чапаць — маўляў, няхай вучыцца. Аднак малодшую, адзіную агульную дачку Алены і Сяргея, пара ўсё-ткі хацела б перавезці ў Вільню, каб «яна пабачыла іншае жыццё — мо ў яе б тут нешта выйшла».
Алена кажа, што Сяргей часта згадвае малую.
«Гэта яго адзіная дачка, і так выйшла, што ён яе не гадаваў праз турму […] Бываюць зрывы, калі ён пачынае казаць — як хачу дачушку абняць, як хачу дачушку звадзіць пагуляць… Гэта вельмі цяжка», — дзеліцца жанчына.
І Сяргей, і Алена былі выдвараныя з краіны, таму не маюць магчымасці прыехаць і забраць дачку, якая знаходзіцца пад апекай у старэйшай дачкі Алены. Бацькі Карыны спрабавалі хаця б знайсці адваката, каб той прадстаўляў інтарэсы Маўшукоў — але адвакаты кажуць, што Алене трэба прыехаць і на месцы падпісаць дамову:
«Калі суд будзе мне вяртаць дзіця з апекі, я таксама павінна буду на судзе прысутнічаць. Шмат складанасцяў. А калі я кажу, што не магу прыехаць, што мне з палітычных прычын забаронена ўязджаць у Беларусь, мне адразу адмаўляюць».
Каб знайсці нейкі выхад, Маўшукі нават гутарылі з амерыканскімі перамоўнікамі ў пасольстве. Алена кантактуе з дачкой па відэасувязі і кажа, што і Карыне няпроста:
«Дзіця таксама нервуецца, гэта заўважна, калі мы гутарым з ёй. Яна вельмі тату любіць, ёй таксама хочацца хутчэй сустрэцца».
