
Пасля скаргаў узбекскіх работнікаў на ўмовы працы ў Беларусі «Белсат» паглядзеў, колькі можна зарабіць у самім Узбекістане і якія заробкі мігрантам абяцаюць у Расеі, Паўднёвай Карэі і некаторых краінах Еўропы. Аказалася, што даходы могуць быць у некалькі разоў вышэйшымі, чым у Беларусі, хоць і там абяцанні працадаўцаў не заўсёды супадаюць з рэчаіснасцю.
Колькі зарабляюць ва Узбекістане
Паводле статыстычнага ведамства Узбекістану, у першым квартале 2026 года сярэдні заробак у краіне склаў 6,83 млн узбекскіх сумаў (каля $ 565 паводле актуальнага курсу). У галінах разбежка вельмі вялікая. Найбольш зарабляюць у фінансавай і страхавой дзейнасці ($ 1541), сферы інфармацыі і сувязі ($ 1370), а таксама дзяржаўным кіраванні і абароне, абавязковым сацыяльным забеспячэнні ($ 954,43).
Самыя нізкія заробкі ў адукацыі ($ 382,65), ахове здароўя і сацыяльных паслугах ($ 340,85), сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы ($ 290).
Пад навіной пра сярэдні заробак людзі дзівяцца, дзе гэты паралельны Узбекістан, дзе столькі зарабляюць.
«Скіньце лакацыю гэтага Узбекістану, там жыць хачу», – пішуць у каментарах.
Пры гэтым мільёны сумаў могуць сысці вельмі хутка. UzNews апублікавала відэаапытанне, дзе ў людзей спыталі, на што яны трацяць грошы. Адзін хлопец апавёў, што больш за ўсё выдаткоўвае на ежу і таксі, прычым на таксі ў яго сыходзіць 2 млн сумаў (каля $ 165) або амаль траціна сярэдняга заробку.
Іншы апавядае, што на правільным харчаванні на сняданак ва ўстанове сыходзіць 80 тысяч сумаў ($ 6,6).
«У месяц бывае баксаў 200-300 сыходзіць на паесці толькі», – дадае трэці.
Адна дзяўчына апавяла, што $ 600-700 у месяц выдаткоўвае на адзенне.
Некаторыя ў каментарах заўважаюць, што відэа знятае на алеі ў цэнтры Ташкенту, так званым Брадвэі.
«Брадвэй – гэта не Узбекістан», – паказвае каментатар на розніцу ва ўзроўні жыцця ў сталіцы і іншых рэгіёнах.

Колькі ўзбекі могуць зарабіць у Расеі?
Паколькі ва Узбекістане актыўна прырастае насельніцтва, а маладым людзям складана знайсці працу з годнай аплатай, шмат хто шукае спосаб зарабіць за мяжой.
Самым папулярным напрамкам для працоўных мігрантаў з Узбекістану ёсць Расея. Паводле звестак намесніка дарадцы прэзідэнта Узбекістану Рахіма Хакімава, там часова ўладкаваныя на працу каля 1,3 млн узбекаў. Толькі ў 2025 годзе каля 106 тыс. грамадзянаў Узбекістану паехалі працаваць у Расею ў рамках арганізаванага набору, гэта значыць праз такі ж механізме, як у Беларусь у пачатку ліпеня.
Адзначаецца, што каля 50 тыс. асобаў трапілі на буйныя прадпрыемствы, у тым ліку «Газпром», «Лукойл», «КАМАЗ», «АвтоВАЗ», Ozon і SPAR.
Калі шукаць вакансіі самастойна, то ў Расеі можна знайсці шмат прапановаў для работнікаў з краінаў СНД. Часам у іх асобна згадваецца Узбекістан. Часцяком гэтыя вакансіі звязаныя з ручной працай, але можна нядрэнна зарабіць, калі ўмовы адпавядаюць рэчаіснасці.
Напрыклад, у Новасібірску шукаюць работніка складу без досведу. Абяцаюць 4–7 тыс. расейскіх рублёў за змену. Калі ў месяцы 22 змены, то гэта 88–154 тыс. расейскіх рублёў (каля $ 1120–1960). З бонусаў – аплата транспарту да працы.
У Маскоўскай вобласці патрэбны зборца на вытворчасць таксама без досведу працы на заробак 100–220 тыс. расейскіх рублёў (каля $ 1270–2810). Сярод іншага, грамадзянам Узбекістану абяцаюць дапамогу з жытлом і дакументамі.
Рознарабочым на будоўлі ў Маскве прапаноўваюць ад 180 тыс. расейскіх рублёў (каля $ 2300).
«Што атрымліваюць работнікі: уніформа, пражыванне, медычная страхоўка, харчаванне, зоны адпачынку, транспарт да працы, падарункі дзецям на святы, навучанне, кампенсацыя праезду з працы», – гаворыцца ў апісанні вакансіі.
Пакаёўкам у гатэлі Санкт-Пецярбургу гатовыя плаціць ад 120 тыс. расейскіх рублёў ($ 1530) плюс харчаванне. У вакансіях падкрэсліваецца, што гэта стабільная праца з белым заробкам і аплатай усіх страхавых унёскаў, у тым ліку для грамадзянаў Узбекістану.
Праўда, у Расеі працоўныя мігранты могуць зазнаваць нападкі сілавікоў, асабліва ў сувязі з узмацненнем строгасці міграцыйнай палітыкі ў 2024 годзе ў сувязі з тэрактам у «Крокус Сіці Хол». У 2025 годзе амбасада Узбекістану ў Маскве нават накіравала ў МЗС Расеі ноту ў адказ на жорсткі рэйд у інтэрнаце для мігрантаў.

Узбекі ў Паўднёвай Карэі
Яшчэ адзін папулярны кірунак для ўзбекаў – гэта Паўднёвая Карэя. На пачатак 2026 года іх там было 100 тыс., распавёў амбасадар Узбекістану ў Карэі Алішэр Абдусаломаў. Праўда, 9 % з іх перайшлі на нелегальную працу і цяпер Паўднёвая Карэя пагражае спыніць выдачу візаў.
У Паўднёвай Карэі можна нядрэнна зарабіць. Напрыклад, у 2024 годзе Агенцтва міграцыі Узбекістану расказала, што 100 тыс. узбекаў будуць упершыню прыцягнутыя да адбору на працу ў Паўднёвай Карэі.
Тады набіраліся працаўнікі на вытворчасць (22,3 тыс. вакансіяў), у сельскую гаспадарку (6,9 тыс. вакансіяў), гасцінічны і рэстаранны бізнес (5,4 тыс. вакансіяў) і ў будаўніцтва (2,9 тыс. вакансіяў).
Паводле звестак агенцтва, сярэдні заробак тады складаў $ 2000–2500.
Праўда, каб прайсці адбор, трэба было хадзіць на адмысловыя курсы карэйскай і здаць экзамен.
Алішэр Абдусаломаў распавёў, што штогод Паўднёвая Карэя вылучае для грамадзянаў Узбекістана 5 тыс. візаў на сезонныя працы, але карыстаюцца гэтай магчымасцю каля 600 асобаў.

Еўропа прымае ўсё больш узбекаў
На фоне росту праблемаў у мігрантаў з Узбекістану ў Расеі, людзі пачалі часцей арыентавацца на Еўропу, а ўлады спрабуюць гэтаму спрыяць, складаючы пагадненні з рознымі краінамі. У 2025 годзе Нямеччына вылучыла для ўзбекаў 50 тыс. працоўных месцаў. Там цікавяцца ў тым ліку асобамі з медычнай адукацыяй. Папярэдне ім таксама трэба падвучыць нямецкую мову.
Увесну 2026 года Агенцтва міграцыі Узбекістану абвясціла пра магчымасць прыёму на працу ў Нямеччыне 800 медычных спецыялістаў сярэдняга звяна.
Каб прайсці адбор, трэба ведаць нямецкую мову на ўзроўні B2; ёсць спецыяльныя бясплатныя дзесяцімесячныя курсы. Акрамя таго, абяцаюць стыпендыю і бясплатнае жытло.
Калі чалавек пройдзе адбор, то за 39 працоўных гадзінаў на месяц абяцаюць заробак € 1900, а пасля трох месяцаў працы і пацверджання кваліфікацыі – € 2500.

Расце колькасць працоўных мігрантаў з Узбекістану і ў Літве. Паводле Службы занятасці, паводле працоўных дамоваў вясною 2026 года там працавалі 11,7 тыс. узбекаў, а за год іх колькасць вырасла на 29,4 %. Палова ўсіх працоўных мігрантаў у Літве працуе ў сферы транспарту і захоўвання.
У пачатку 2026 года Агенцтва міграцыі Узбекістану апублікавала некалькі вакансіяў ад прыватнага агенцтва, якое шукае работнікаў у Літву. Адна з прапановаў – праца на птушкафабрыцы. Трэба будзе займацца пакаваннем прадукцыі, маркіроўкай і пагрузкай. Плаціць абяцаюць $ 1000–1700.
Таксама запрашалі на будоўлю паводле шэрагу вакансіяў: ад бетонніка да сантэхніка, страхара і гэтак далей. Такіх вакансіяў было 100 на заробак ад $ 1000 – у залежнасці ад досведу працы і кваліфікацыі.
Працадаўца абяцае жытло, афіцыйнае працаўладкаванне і магчымасць доўгатэрміновай занятасці. Кандыдат павінен узяць на сябе выдаткі на візу, авіябілет і харчаванне.
Пры гэтым пошук працы з дапамогай вакансіяў, якія публікуе Агенцтва міграцыі Узбекістану, і дамоўленасці паміж краінамі яшчэ не азначаюць, што чалавек не будзе падмануты ў сваіх чаканнях у Еўропе, як гэта адбылося і ў Беларусі. Радыё Свабода расказала гісторыю Улугбека, які быў вымушаны паехаць на заробкі ў Славаччыну, знайшоў вакансію ў тэлеграм-канале агенцтва, каб не трапіць на ашуканцаў, і ўсё роўна ягоны досвед быў негатыўным – ён прапрацаваў усяго месяц.
«У Ташкенце мяне спыталі: “Ці ёсць у вас магчымасць часам працаваць па 12 гадзін на дзень?” Я сказаў: “Так”. Але калі я пачаў працаваць, даведаўся, што паводле такога графіку трэба працаваць кожны дзень. Не кожны вытрымае 12-гадзінную змену на нагах. Другое, што не гавораць пры працаўладкаванні нашых грамадзянаў у Еўропе: Агенцтва міграцыі не заключае наўпроставых кантрактаў з працадаўцамі, а працуе з пасярэдніцкімі агенцтвамі. Яны забіраюць сабе 40 % заробку мігранта. Да адпраўкі кажуць: “Будзеш атрымліваць 2-3 тысячы еўраў на месяц”. У выніку плацяць палову. Я пачаў абурацца, што нас падманулі. Гэта не спадабалася працадаўцу», – апавёў Улугбек.
У ліпені ў Беларусь прыехалі больш як 200 работнікаў з Узбекістану. Прабыўшы ў краіне некалькі дзён, яны расказалі, што хочуць з’ехаць праз дрэнныя ўмовы: некаторых пасялілі ў пакоі, якія патрабуюць грунтоўнага рамонту, а плаціць збіраліся толькі $ 500, хоць Агенцтва міграцыі сцвярджала, што ў дамовах прадугледжаны заробак $ 900–1200.
15 ліпеня, калі скарга разляцелася па сацсетках, выйшаў прэс-рэліз на сайце прэзідэнта Узбекістану, які звярнуў увагу на становішча ўзбекскіх работнікаў у Беларусі і нагадаў пра неабходнасць выконваць дамоўленасці. На сустрэчы з кіраўніком Узбекістану Шаўкатам Мірзіёевым 8–9 ліпеня Аляксандр Лукашэнка абяцаў узбекскім работнікам у Беларусі выдатныя ўмовы.
Пазней мужчына на ўзбекскай мове запісаў відэазварот, дзе паведаміў, што гэта ён распаўсюджваў відэа са скаргамі, але яго «не так зразумелі», а цяпер увогуле ўсё добра: у Беларусі ў яго ёсць падпісаная дамова з заробкам $ 700, а таксама працадаўца нібыта будзе даваць бясплатна жытло і харчаванне.
