
Ад 5 жніўня многія беларусы ва Ўкраіне могуць зрабіцца нелегаламі. Гэта зьвязана зь сёлетняй пастановай украінскага ўраду пра абмен пасьведчаньняў на часовае пражываньне ва Ўкраіне.
Прадстаўніца фонду BySol ва Ўкраіне Маша Анімія патлумачыла «ПіК Свабоды» праблему.
«На жаль, такая сытуацыя ня тое, што можа здарыцца, — такая сытуацыя здарыцца. Ад 5 жніўня цалкам уступіць у сілу пастанова, і беларусы, у якіх скончыліся беларускія пашпарты, ня змогуць падоўжыць сабе часовы від на жыхарства і стануць нелегаламі на тэрыторыі Украіны.
Што з гэтым рабіць, на гэты момант рашэньня няма. Ёсьць шмат спробаў неяк пасунуць, павялічыць гэты тэрмін, магчыма, унесьці нейкія дадатковыя папраўкі. На жаль, тэрмін сапраўды вельмі кароткі. І напэўна адзіным, што можна цяпер назваць нечым падобным на выйсьця з гэтай сытуацыі, гэта падача на ўцякацтва і дадатковую абарону».
Маша Анімія кажа, што ня бачыць адрозьненьняў у стаўленьні да беларусаў і да іншых замежнікаў падчас цяперашняй перарэгістрацыі ва Ўкраіне.
«Проста атрымліваецца такі заканадаўчы правал, дзе не прадугледзелі гэтага пытаньня. Не прадугледзелі сытуацыі, калі ў людзей заканчваюцца пашпарты, а яны ня могуць вярнуцца ў краіну паходжаньня, каб яго бясьпечна прадоўжыць. Такое ня часта сустракаецца ў прадстаўнікоў іншых краін.
Калі выходзіла пастанова Кабінэту міністраў № 141, у ёй былі і плюсы. Для тых, хто праходзіць службу ў сілах абароны, у тым ліку для беларусаў, ёсьць магчымасьць падавацца з пратэрмінаванымі пашпартамі. А вось з цывільнымі атрымаўся такі заканадаўчы правал.
Што з гэтым рабіць і як мы будзем з гэтым працаваць? Нам трэба паказаць вострую неабходнасьць рашэньня, прапанаваць нейкія магчымыя варыянты і максымальна садзейнічаць украінскаму ўраду — гэта значыць падаваць максымальную інфармацыю аб беларусах, аб іх колькасьці і паказаць наколькі маштабнай зьяўляецца гэтая праблема».
Вось што прадстаўніца фонду BySol ва Ўкраіне раіць рабіць тым беларусам, у якіх скончыліся пашпарты:
«Я б раіла ім заняцца гэтым пытаньнем, не чакаючы апошняга дня, а ўжо зараз зьвяртацца ў арганізацыі, у інстытуцыі, якія могуць кансультаваць беларусаў ва Ўкраіне, расказваць пра свае кейсы.
Таму што чым больш такіх выпадкаў такія арганізацыі змогуць зафіксаваць і апэляваць гэтым у кантактах з украінскім урадам, тым больш зразумелай будзе гэтая праблема. Варта зьвяртацца па кансультацыі аб падачы на ўцякацтва і дадатковую абарону, калі ў сытуацыі чалавека гэта магчыма».
