
Днямі многіх узрушыла гісторыя беларускі Кацярыны Бартко. Жанчыну, якая прасіла палітычнага прытулку ў ЗША, затрымалі службоўцы міграцыйнай службы ICE і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Беларускія арганізацыі ў Амерыцы б’юць трывогу і адзначаюць, што гэта далёка не адзінкавы выпадак. Дыяспара параўноўвае сітуацыю з «прысмакам снежня 2020-га», заяўляе аб патрэбе салідарызацыі і просіць падтрымкі ад Офісу Святланы Ціханоўскай.
З вяртаннем Трампа стаўленне да мігрантаў змянілася
Кіраўнік ініцыятывы «ByAction» Яўген Ждановіч сцвярджае, што сітуацыя істотна змянілася з вяртаннем Доналда Трампа ў Белы дом. З 2025 года справы мігрантаў з Беларусі ў ЗША яшчэ пагоршыліся, ўжо пасля зменаў непасрэдна ў самой адміністрацыі Трампа. Суразмоўца кажа, што вымушаны цяпер біць трывогу і прасіць грамадскасць аб увазе і дапамозе, бо людзей, якія маюць «няпэўны статус» і чакаюць разбору сваіх справаў аб прытулку, ужо прыраўнялі да нелегалаў. Гісторый, падобных да выпадку Кацярыны Бартко, не адна і не дзве.
Арганізацыя «ByAction», карыстаючыся адкрытымі дадзенымі, адзначае, што з 3 мільёнаў заведзеных спраў аб прытулку 3162 тычацца беларусаў, якія цяпер знаходзяцца ў зоне асаблівай рызыкі.
Гаворка ідзе найперш пра тых, хто заехаў на тэрыторыю ЗША праз Мексіку і не меў адпаведнай візы. Ждановіч сцвярджае, што такі ўчынак не з’яўляецца крымінальным ці грубым парушэннем амерыканскіх законаў. Любы чалавек мае права на мяжы ці ўжо на тэрыторыі ЗША папрасіць прытулку праз палітычны, рэлігійны ці іншы пераслед. Вялікая частка беларусаў, якім цяпер пагражае арышт і дэпартацыя, заехалі ў краіну якраз праз мексіканскую мяжу.
«Нават на мяжы можна скарыстацца гуманітарным „паролем“ і атрымаць часовы дазвол на ўезд у краіну з гуманітарных прычын. Нават пераплыўшы раку ці праціснуўшыся праз горы ці пустыню, можна скарыстацца USCIS і папрасіць прытулку, заявіўшы, што ўцякаеш ад помсты картэля, ураду ці звар’яцелага вусатага дзеда з Беларусі», – кажа Яўген Ждановіч.

Беларусаў пачалі затрымліваць, змяшчаць пад варту і дэпартаваць
У ініцыятыве «ByAction» адзначаюць, што з пачатку 2025 года было затрымана як мінімум 127 грамадзянаў Беларусі – 107 мужчын і 20 жанчын. На момант складання апошняй справаздачы аб справах беларускіх мігрантаў пад вартай заставаліся 64 чалавекі, 8 былі дэпартаваныя і 9 пагадзіліся на добраахвотны выезд з тэрыторыі ЗША.
Людзей масава арыштоўваюць і змяшчаюць у цэнтры ізаляцыі яшчэ да разбору ў справе прытулку для іх. Нават калі чалавек не мае парушэнняў і крымінальнай гісторыі і не становіць ніякай небяспекі для грамадства.
Яўген Ждановіч адзначае, што ўжо з ліпеня 2025 года назіраецца рэзкае падзенне адсотка станоўчых рашэнняў аб прытулку для беларусаў. У траўні 2026-га быў зафіксаваны рэкордна нізкі паказнік – ажно 76 % спраў скончыліся адмовай, адпаведна, толькі 24 % былі задаволеныя. Хоць у траўні 2025 года ў 73 % выпадкаў прымаліся станоўчыя рашэнні.
Нарэшце, яшчэ адна праблема – тая, што мноства беларусаў, якія пераехалі ў ЗША ў пошуках прытулку, маюць пратэрмінаваныя пашпарты і, адпаведна, не могуць самастойна пакінуць тэрыторыю краіны.
Аднак з’явілася інфармацыя, што амерыканскія міграцыйныя службы пачалі дэпартаваць беларусаў у трэція краіны, не заўжды бяспечныя. Да прыкладу, іміграцыйны суд Каліфорніі пастанавіў выслаць двух грамадзянаў Беларусі ажно ў Бэліз.
Ждановіч адзначае, што міграцыйны суд фактычна не мае незалежнасці, а падпарадкоўваецца Міністэрству юстыцыі. Ён кажа, што за год з гэтай структуры былі звольненыя ажно 139 суддзяў і на іх месцы тэрмінова набіралі яшчэ 140 новых. Таксама на працу ў гэты орган прынялі прыкладна 600 вайсковых суддзяў.

Яшчэ адна праблема – тая, што беларусаў часам арыштоўваюць у адным штаце, але потым перамяшчаюць у турму ў іншы. Часцей за ўсё на Заходняе ўзбярэжжа. Яўген Ждановіч найперш звязвае гэта з асаблівасцямі мясцовага заканадаўства і прарэспубліканскім кіраўніцтвам штатаў, якія больш жорстка ставяцца да людзей, затрыманых па падазрэнні ў парушэнні міграцыйнага заканадаўства.
Праз складанасці амерыканскай прававой сістэмы на новым месцы не так проста знайсці адвакатаў, якіх дапусцяць да судовага працэсу. Каб даць рады гэтай праблеме, беларусы стварылі спецыяльную сістэму, якая не толькі збірае інфармацыю пра судовыя працэсы, але і дапамагае скласці рэйтынг юрыстаў, якія найбольш эфектыўна працуюць з падобнымі справамі ў судзе.
У выпадках арыштаў і ўтрымання пад вартай Ждановіч раіць непасрэдна звяртацца ў федэральны суд. Гэты орган, паводле ягоных словаў, у 80 % выпадкаў вызваляе чалавека з-пад варты. Часам пад заклад, памер якога можа скласці да 35 тыс. долараў.

Надзея на дапамогу дэмсілаў
У «ByAction» адзначаюць, што тлумачыць складанасць цяперашніх праблемаў беларусаў перашкаджае няўменне працаваць з лічбамі. Менавіта гэтым цяпер займаецца арганізацыя. Яны ставяць за мэту адвакацыю беларусаў перад афіцыйнымі дзяржаўнымі органамі ЗША. Яўген Ждановіч з калегамі ўжо рыхтаваў шэраг справаздач і тлумачальных дакументаў для Дзярждэпартаменту ЗША і іншых устаноў. Ён спадзяецца патлумачыць, што ў пераважнай большасці беларусы – законапаслухмяным, адукаваныя і працавітыя людзі, якія маюць патрэбу ў прытулку.
У сувязі з новай хваляй цяжкасцяў для беларусаў у ЗША Ждановіч вельмі разлічвае на ўвагу і дапамогу ў пытаннях адвакацыі з боку Офіса Святланы Ціханоўскай. На думку Ждановіча, менавіта яго супрацоўнікі маюць неабходныя сувязі, каб паспрабаваць змяніць стаўленне да беларусаў. Грамадскі дзеяч падкрэслівае, што праблема беларусаў не выглядае такой вялікай ды масавай на фоне іншых буйных нацыянальных груп, і яе можна вырашыць.
Таксама ў ініцыятывы дзейнічае кругласутачная гарачая лінія дапамогі.
Вайбы снежня 2020-га
«Белсату» таксама ўдалося пагутарыць з прадстаўніком АВА і сябрам Каардынацыйнай Рады 4-га склікання Глебам Івашкевічам. Ён адзначае, што многія мігранты з Беларусі ў ЗША «ловяць вайбы снежня 2020-га».
«Многія беларусы, выходзячы з дому, ужо не ведаюць, ці змогуць увечары туды зноў вярнуцца», – кажа наш суразмоўца.
Людзей затрымліваюць па дарозе ў краму, на паркоўках і дзе толькі заўгодна. Глеб Івашкевіч кажа, што літаральна днямі ў адным са штатаў беларускага айцішніка, які раней падаваўся на прытулак, затрымалі проста ў аэрапорце. Па прылёце яго адвялі ўбок і затрымалі для далейшага разбору. Гэта быў першы выпадак затрымання непасрэдна ў аэрапорце.
Яшчэ аднаго беларуса затрымалі, калі ён ехаў да сябра рамантаваць аўтамабіль. Затрымлівалі з удзелам трох машын – адна спераду, другая ззаду, трэцяя блакавала па дыяганалі.
Суразмоўца кажа, што, на жаль, не ўсе гатовыя да такіх здарэнняў. Ён раіць кожнаму, хто ў зоне рызыкі, мець пры сабе дакумент, які пацвярджае асобу і легальны статус.
«Важна разумець, што афіцэр ІСЕ як супрацоўнік паліцыі мае задачу затрымаць. Вас затрымаюць і перададуць іншым афіцэрам, а потым могуць змясціць пад варту», – кажа Івашкевіч.
Колькі сядзяць пад вартай і колькі гэта каштуе?
Утрыманне пад вартай можа працягвацца да 2,5 года, але ў сярэднім выходзіць 10 месяцаў. Кошт працы адваката і пісання скаргаў за такі перыяд можа скласці ад $ 10 тыс. да $ 40 тыс. Мужчына адзначае, што юрыдычная дапамога з вядзеннем справы і складаннем скаргаў у Амерыцы вельмі дарагая.
Прычынаю такога доўгага зняволення Івашкевіч называе слабую падрыхтаванасць міграцыйнай справы і дакументаў беларусаў. Ён кажа, што людзі звыклі да старых лагодных часоў, а цяпер ад іх патрабуюць значна больш абгрунтаванняў і доказаў. Сярод іншага, знізіўся давер да людзей, якія выехалі з Польшчы і заехалі ў ЗША праз Мексіку.
Асобна Глеб Івашкевіч расказаў пра рост колькасці цэнтраў для ўтрымання мігрантаў. Ён адзначае, што выкупляюць нават вялікія лагістычныя цэнтры, якія абсталёўваюць пад новыя мэты. Мужчына з сумам згадвае, што часта з’яўляюцца навіны пра смерць тых, каго там утрымліваюць.
«У Беларусі дзейнічае камісія па вяртанні – вы можаце спакойна вярнуцца дадому»
Родныя і сябры часта ўвогуле не ведаюць, што рабіць пасля затрымання. Яны губляюць шмат часу, калі трэба сабраць дакументы ці ўнесці праўкі ў тыя ці іншыя паперы.
Асабліва ўразлівымі бываюць так званыя адзіночкі. Чалавек можа сесці ў трак і адправіцца на іншы канец краіны. Потым з навінаў становіцца вядома, што беларуса затрымалі ў Тэхасе. У такім выпадку складана нават забраць ягоныя рэчы, якія маглі выкінуць праз няплату за кватэру, ці адшукаць машыну, якую маглі змясціць на адмысловую пляцоўку. Івашкевіч робіць выснову, што людзям неабходна падтрымліваць сувязі і трымацца разам.
Нарэшце Івашкевіч адзначае, што вялікая частка людзей, якія звяртаюцца да іх па дапамогу і кансультацыі, маюць пратэрмінаваныя пашпарты. Гэтыя людзі не могуць пайсці ў амбасаду дзеля замены дакументаў, нават каб выехаць у іншую краіну. Некаторым застаецца атрымаць даведку «на вяртанне». Мужчына кажа, што такая практыка можа толькі павялічыць колькасць палітвязняў у Беларусі.
Івашкевіч расказвае, што ў судах здараюцца трагікамічныя сітуацыі. Так, адной беларусцы суддзя паведаміў на паседжанні, што яму вядома пра існаванне камісіі па вяртанні ў Беларусь, і параіў вяртацца дадому, дзе ёй нічога не пагражае.

Што можа дапамагчы?
«Хацелася б, каб можна было аб’яднацца дзеля працы з Кангрэсам і сенатарамі. У 20-м беларусы аб’ядналіся, але зноў раз’ядналіся. Калі чытаеш сацыяльныя сеткі, што павінна Ціханоўская ці Латушка дапамагчы – хочацца ўмяшацца, каб беларусы разумелі, што павіны самі бараніць сябе супольна», – кажа Глеб Івашкевіч.
Магчымую палёгку Івашкевіч звязвае з пунктам збору біяметрыі для пашпарта Новай Беларусі, які адкрыўся ў Філадэльфіі. Ён спадзяецца, што беларусы будуць актыўна ўкладаць у гэтую справу. Адна рэч, калі ёсць 500 такіх дакументаў, а іншая – калі 50 000. На ягоную думку, беларусы чакаюць, пакуль якая-небудзь краіна прызнае дакумент, і толькі тады пойдуць яго афармляць.
Што параіць беларусам у «зоне рызыкі»?
- падрыхтаваць дакументы;
- знайсці памочніка, які будзе вырашаць праблемы з банкам, адвакатамі і дакументамі;
- быць гатовым апынуцца ў турме. Першы час – самы важны, каб зрабіць правільны крок, знайсці адваката, праверыць гісторыю і падрыхтаваць дакументы;
- калі ведаеш, што наўрад ці дакажаш патрэбу ў прытулку, – падумаць пра іншае месца пражывання за межамі ЗША;
- ні ў якім разе не займацца падробкай дакументаў;
- устрымлівацца ад пералётаў па краіне, бо цяпер гэта з вялікай доляй імавернасці прывядзе да арышту.

Што кажуць у Офісе Святланы Ціханоўскай?
Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі кажа, што ведае пра сітуацыю беларускіх мігрантаў у Злучаных Штатах і прыкладае намаганні, каб трымаць яе пад пільным кантролем. Юрыдычная каманда офісу працуе з тэматычнымі зваротамі: збірае інфармацыю, аналізуе кожны выпадак і правярае, ці існуе рэальная рызыка пераследу ў выпадку вяртання ў Беларусь.
Пасля гэтай унутранай праверкі адпаведныя кейсы юрыдычная каманда перадае ў Дзяржаўны дэпартамент ЗША. Кучынскі запэўнівае, што Офіс Святланы Ціханоўскай падтрымлівае з амерыканскім бокам пастаянны кантакт. Аднак ён нагадвае, што непасрэдныя рашэнні прымаюць ужо амерыканцы.
«Мы, са свайго боку, робім усё магчымае, наколькі гэта ад нас залежыць, каб дапамагчы беларусам і беларускам – не толькі ў Злучаных Штатах, але і ў іншых краінах, дзе ўзнікаюць падобныя пытанні», – дадаў Дзяніс Кучынскі.
