Леў Львоўскі: Не ўпэўнены, што ў беларусаў захавалася талерантнасць да іншых народаў

Леў Львоўскі. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube

У новым выпуску ТОКу вядомы эканаміст, акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі паразважаў пра тое, ці сапраўды беларусы застаюцца талерантнай нацыяй.

Леў Львоўскі нарадзіўся ў Расіі. Скончыў факультэт прыкладной матэматыкі Пермскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, атрымаў ступені бакалаўра і магістра. Каля шасці гадоў жыў у ЗША, дзе ў 2017 годзе абараніў ступень PhD па эканамічнай дэмаграфіі ва Універсітэце Аёвы. Пасля жыў у Беларусі. Цяпер — у Літве.

Падчас інтэрв’ю ТОКу Львоўскі адзначыў, што гістарычная талерантнасць беларусаў — бясспрэчны факт. У мінулым на беларускіх землях «побач жылі розныя народы і выкарыстоўваліся розныя мовы, прычым ніводная з іх не дамінавала настолькі, каб цалкам выцесніць астатнія».

Аднак сучасная Беларусь, як адзначае Львоўскі, значна больш монаэтнічная. І таму ён не ўпэўнены, што талерантнасць да іншых народаў захавалася.

«Гэта (талерантнасць. — НН) цяжка вымераць. Калі ў вас так мала чарнаскурых людзей, так мала яўрэяў, нават мала татараў, проста мусульман, то вы не ведаеце, як вы будзеце да іх ставіцца», — адзначыў ён.

У якасці прыкладу Львоўскі прывёў рэакцыю часткі беларусаў на ідэю прыезду ў краіну вялікай колькасці пакістанцаў.

«Калі ўрад прапануе прывезці 100 тысяч пакістанцаў, то беларусы не кажуць: «Ласкава просім, прыязджайце, мы вось напяклі дранікаў». Кажуць, што не хочуць. Не падобна на звышвялікую талерантнасць», — заўважыў ён.

Што тычыцца негатыву, які ў свой адрас атрымліваюць у Threads расіяне, што выказваюць жаданне пераехаць у Беларусь, то Львоўскі адзначыў дзве важныя акалічнасці.

На яго думку, інтэрнэт сам па сабе робіць людзей больш агрэсіўнымі, чым яны ёсць у рэальным жыцці.

«Самыя культурныя, талерантныя, добрыя людзі, якія ў асноўным посцяць пра коцікаў, калі пачынаецца які-небудзь канфлікт, аказваецца, маюць вельмі моцныя меркаванні наконт таго, якую нацыю трэба выразаць на Блізкім Усходзе, якую нацыю трэба выразаць у Еўропе і гэтак далей.

Пры рэальнай сустрэчы твар у твар людзі значна менш агрэсіўныя і значна менш хочуць адзін аднаго рэзаць. Ну, як мінімум абсалютная большасць людзей», — даводзіць Львоўскі.

Другой акалічнасцю, якая абумоўлівае негатыўную рэакцыю беларусаў, Львоўскі назваў своеасаблівае вымяшчэнне. На яго думку, раздражненне, выкліканае дзеяннямі Расіі, пераносіцца на расіян, што пераязджаюць у Беларусь, хоць гэта «не найгоршыя з расіян».

«Найгоршыя з расіян ужо пахаваныя на палях бітваў з Украінай. А іншыя людзі, якіх менш за ўсё хацелася б бачыць, — гэта такія патрыёты, якія ні ў якую Беларусь, ні за якім інтэрнэтам, ні за якой адноснай свабодай не паехалі б. Гэта значыць, у нас усё ж выбарка не з найгоршых».

Ён адзначае, што расіяне сапраўды дрэнна ведаюць Беларусь і іншыя суседнія краіны. У якасці прыкладу ён згадаў сваё навучанне ў расійскай школе. Паводле Львоўскага, на ўроках гісторыі пра Беларусь там не расказвалі нічога. Пра Украіну згадвалі толькі ў кантэксце Кіева як «маці гарадоў рускіх» і Кіеўскай Русі, а пра краіны Балтыі — амаль нічога.

Пры гэтым, паводле эканаміста, у яго школе не прапагандавалі ідэю «трыадзінства» ўсходнеславянскіх народаў і нават не расказвалі пра Саюзную дзяржаву Расіі і Беларусі. Пра яе ён даведаўся ўжо пасля пераезду ў Беларусь.

«Расказвалі пра Францыю, пра Афрыку, пра Вялікабрытанію, ну, зусім крыху пра Кітай. (…) Напэўна, гэта таксама частка гэтай імперскасці. Гэта значыць, расіяне, будучы жыхарамі вялікай краіны, думаюць пра іншыя вялікія краіны і вельмі мала ведаюць пра краіны меншыя», — робіць выснову Львоўскі.

nashaniva.com