У ЗША падрыхтавалі план на выпадак анексіі Беларусі Расеяй. Што прапануюць рабіць

Крэмль. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Flickr / Andrei Zverev

Расея можа фармальна анексаваць Беларусь ужо цягам найбліжэйшых двух гадоў, калі палічыць, што гэтага патрабуюць ейныя інтарэсы бяспекі. Такі сцэнар разглядае амерыканскі дыпламат і эксперт у пытаннях Расеі Томас Грэям у мемарандуме для Рады ў міжнародных дачыненнях (Council on Foreign Relations, CFR). Гэта не прагноз і не афіцыйная пазіцыя ЗША, а рэкамендацыі Вашынгтону пра тое, як перадухіліць анексію або рэагаваць на яе, калі яна ўсё ж адбудзецца.

Томас Грэям – амерыканскі дыпламат і спецыяліст па Расеі. Цяпер ён з’яўляецца ганаровым навуковым супрацоўнікам Рады ў міжнародных дачыненнях. Раней быў спецыяльным памочнікам прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага і старэйшым дырэктарам па Расеі ў Радзе нацыянальнай бяспекі ЗША. Таксама працаваў у амбасадзе ЗША ў Маскве і Дзяржаўным дэпартаменце ЗША.

Цяперашняга ўзроўню кантролю над Беларуссю Крамлю можа аказацца недастаткова

На думку Грэяма, да анексіі могуць падштурхнуць тры фактары: вайна ва Украіне, нявызначанасць вакол пераемніка Аляксандра Лукашэнкі і пацяпленне стасункаў паміж Менскам і Вашынгтонам.

«Абвастрэнне сітуацыі вакол вайны ва Украіне, нявызначанасць датычна пераемніка Лукашэнкі і пацяпленне стасункаў паміж Злучанымі Штатамі і Беларуссю могуць падштурхнуць Крэмль да высновы, што бяспека Расеі патрабуе фармальнай анексіі Беларусі цягам найбліжэйшых двух гадоў», – піша Грэям.

Аўтар мяркуе, што незалежна ад таго, ці адбудзецца анексія паступова або з ужываннем сілы, яна істотна зменіць сітуацыю ў Еўропе і павысіць рызыку канфлікту паміж Расеяй і Захадам.

«Такі крок будзе мець далёкасяжныя наступствы для стасункаў Расеі са Злучанымі Штатамі і Еўропай незалежна ад таго, ці будзе анексія адбывацца паступова – праз паглынанне беларускіх інстытутаў расейскай адміністрацыйнай сістэмай – або раптоўна, з ужываннем сілы. У абодвух выпадках стабільнасць на расейска-заходняй мяжы – ад Баранцава да Чорнага мора – апынецца пад яшчэ большай пагрозай», – гаворыцца ў дакладзе.

Грэям таксама адзначае, што адміністрацыя Доналда Трампа пачала асцярожна аднаўляць стасункі з Менскам, спрабуючы ўзмацніць самастойнасць Беларусі і адначасова не справакаваць Крэмль на анексію.

«Задача палягае ў тым, каб паменшыць уплыў Расеі ў Беларусі, не справакаваўшы пры гэтым Расею на фармальную анексію краіны, і адначасова рыхтавацца да такога развіцця падзей незалежна ад таго, ці ўдасца яго прадухіліць», – піша Грэям.

Ён указвае, што Беларусь застаецца часткай расейскай сферы ўплыву, але адначасова выконвае ролю буфернай дзяржавы паміж Расеяй і NATO.

Томас Грэям, ганаровы навуковы супрацоўнік Савета па міжнародных адносінах (Council on Foreign Relations, CFR). Фота: Council on Foreign Relations

«Расея выкарыстоўвае краіну як перадавую базу для праецыявання сілы ва Украіну і Еўропу і размясціла там тактычную ядравую зброю як сродак стрымлівання больш маштабнай еўрапейскай падтрымкі Украіны. У той жа час захаванне Беларусі як буфернай дзяржавы зніжае рызыку прамога ваеннага канфлікту з сіламі NATO і дазваляе выкарыстоўваць краіну як зручную пляцоўку для дыялогу паміж Усходам і Захадам», – піша аўтар.

Аднак, мяркуе Грэям, цяперашняга ўзроўню кантролю над Беларуссю Крамлю можа аказацца недастаткова. У дакладзе ён разглядае два магчымыя сцэнары анексіі.

Два сцэнары анексіі

Першы сцэнар Грэям называе «паўзучай», або паступовай, анексіяй.

На ягоную думку, яна стане лагічным завяршэннем цяперашняга курсу на інтэграцыю, які паскорыўся пасля таго, як Расея дапамагла Лукашэнку здушыць масавыя пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

«Па меры таго як Расея паступова назапашвала ўладу і ўплыў унутры Беларусі, фармальная анексія стала б не драматычнай падзеяй, а хутчэй заканамерным завяршэннем ейнай палітыкі пасля распаду Савецкага Саюза», – піша Грэям.

На ягоную думку, Крэмль можа паскорыць гэты працэс, калі стасункі Менску і Вашынгтону будуць хутка паляпшацца, калі пагоршыцца палітычны або фізічны стан Лукашэнкі, калі ў беларускім войску або спецслужбах узмоцніцца незадаволенасць вайной супраць Украіны або калі краіну ахопяць пратэсты праз пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі.

Пры такім сцэнары беларускі суверэнітэт будзе паступова знікаць.

«Паўзучая анексія будзе адбывацца праз паступовае размыванне беларускага суверэнітэту: увядзенне расейскага рубля, поўную інтэграцыю спецслужбаў, расейскі кантроль над медыямі і сістэмай адукацыі і, у рэшце, фармальнае ўключэнне Беларусі – цалкам або асобных яе вобласцяў – у склад Расейскай Федэрацыі. На кожным этапе змены могуць падавацца як такія, што адбываюцца паводле ўзаемнай згоды і адпавядаюць ужо існым дамоўным абавязанням, што ўскладніць выпрацоўку ўзгодненай рэакцыі Захаду», – гаворыцца ў дакладзе.

Другі сцэнар – сілавая анексія.

«Раптоўная анексія будзе азначаць хуткае і прымусовае ўсталяванне фармальнага расейскага кантролю – імаверна, з разгортваннем дадатковых сілаў у Беларусі, прывядзеннем да ўлады цалкам залежнага кіраўніцтва або адкрытым задушэннем беларускага супраціву», – піша Грэям.

Ён мяркуе, што такі сцэнар здольны выклікаць узброены супраціў унутры Беларусі, падштурхнуць Украіну да ўдараў па беларускай тэрыторыі і справакаваць маштабны паток уцекачоў у Латвію, Літву і Польшчу.

Уладзімір Пуцін на вучэннях «Захад-2025» ў Ніжагародскай вобласці, 16 верасня 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: прэс-служба Крамля

«Прымусовая анексія, асабліва калі яна будзе суправаджацца відавочнай жорсткасцю, можа прывесці да маштабнага гуманітарнага зыходу ў Латвію, Літву і Польшчу, істотна павысіўшы напружанасць на межах NATO і павялічыўшы рызыку інцыдэнтаў з удзелам сілаў Альянсу», – гаворыцца ў мемарандуме.

Якія сігналы павінны насцярожыць ЗША

Грэям прызнае, што адрозніць звычайнае паглыбленне інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы ад падрыхтоўкі да анексіі будзе няпроста, паколькі Масква і Менск ужо даўно заяўляюць пра намер пашыраць супрацу.

Таму, піша аўтар, Вашынгтону варта сачыць не за асобнымі палітычнымі рашэннямі, а за сукупнасцю прыкметаў, якія могуць сведчыць пра пераход ад інтэграцыі да фактычнага паглынання Беларусі.

Да такіх прыкметаў ён адносіць паскоранае стварэнне інстытутаў Саюзнай дзяржавы, пераход да агульнай валюты і адзінай падатковай сістэмы, далейшую інтэграцыю беларускага войска і спецслужбаў з расейскімі, узмацненне расейскага кантролю над эканомікай, медыямі і адукацыяй, а таксама прасоўванне тэзы пра «гістарычнае адзінства» беларускага і расейскага народаў. Асобным сігналам аўтар уважае паступовае адхіленне Аляксандра Лукашэнкі ад публічнай палітыкі.

Калі ж Расея пяройдзе да падрыхтоўкі сілавой анексіі, індыкатарамі могуць стаць нарошчванне расейскіх войскаў у Беларусі, з’яўленне прарасейскіх арганізацый з патрабаваннямі «узʼяднання», маштабная інфармацыйная кампанія супраць Лукашэнкі ў расейскіх дзяржаўных медыях, заявы Крамля пра крызіс у Беларусі і прыкметы барацьбы за ўладу пасля магчымага сыходу Лукашэнкі.

Чаму ЗША не могуць ігнараваць анексію

Грэям прызнае, што з эканамічнага і дэмаграфічнага пунктаў гледжання Беларусь не здольная кардынальна ўзмацніць Расею. Нават пасля фармальнай анексіі Масква не атрымае прынцыпова новых рэсурсаў, якімі не магла б карыстацца раней.

Сцяг ЗША і дзяржаўны сцяг Беларусі. Фота: БелТА

«На першы погляд можа падацца, што фармальная анексія Беларусі Расеяй амаль не закранае інтарэсаў ЗША ні ў Еўропе, ні дзе-небудзь яшчэ. З насельніцтвам каля дзевяці мільёнаў чалавек і намінальным ВУП прыкладна 75 мільярдаў долараў Беларусь не зможа істотна павялічыць магутнасць Расеі, насельніцтва якой складае каля 145 мільёнаў чалавек, а намінальны ВУП перавышае два трыльёны долараў. Больш за тое, фармальная анексія не прывядзе да радыкальнага ўзмацнення цяперашняга расейскага кантролю над беларускімі рэсурсамі», – піша Грэям.

Аднак адразу пасля гэтага аўтар робіць агаворку, якую ўважае ключавой.

«Але геаграфія мае значэнне. Беларуская буферная дзяржава дапамагае знізіць рызыку прамога ваеннага сутыкнення не толькі паміж Расеяй і яе суседзямі, але і паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі. Яе знікненне будзе мець далёкасяжныя наступствы для ваеннай і стратэгічнай сітуацыі ў Еўропе, расейска-амерыканскіх стасункаў і ўсёй архітэктуры рэгіянальнай бяспекі», – гаворыцца ў дакладзе.

На думку эксперта, пасля анексіі Расея зможа яшчэ мацней ціснуць на краіны Балтыі і Польшчу. Акрамя таго, мяркуе ён, знікненне Беларусі як самастойнай дзяржавы ўскладніць стасункі паміж Масквой і Вашынгтонам, паставіць пад сумнеў магчымасць перамоваў пра вайну ва Украіне і ўзмоцніць напружанасць унутры NATO, паколькі саюзнікі могуць па-рознаму ацэньваць пагрозу і спосабы рэагавання.

«Паўзучая незалежнасць»

Грэям прапануе супрацьпаставіць расейскай «паўзучай анексіі» амерыканскую палітыку «паўзучай незалежнасці». Яе мэта – не вывесці Беларусь з расейскай сферы ўплыву, а захаваць баланс паміж Масквой і Вашынгтонам, які дазваляе краіне заставацца буфернай дзяржавай.

«Мэтай будзе не столькі сапраўдная незалежнасць Беларусі, колькі захаванне крохкага балансу паміж амерыканскай і расейскай прысутнасцю ў краіне, які дазваляе ёй выконваць ролю буфернай дзяржавы, што адпавядае інтарэсам абодвух бакоў», – гаворыцца ў мемарандуме.

Для гэтага аўтар прапануе паступова аднаўляць дыпламатычныя, эканамічныя, культурныя і грамадскія сувязі з Менскам, не ствараючы ўражання, што Вашынгтон спрабуе выцесніць Расею з Беларусі.

Самая нечаканая рэкамендацыя датычыць унутранай палітыкі. Грэям прапануе адмовіцца ад змены рэжыму або дэмакратызацыі Беларусі як мэты амерыканскай палітыкі, пазбягаць прамога ўмяшання ва ўнутраныя справы краіны, але захоўваць кантакты з беларускай апазіцыяй за мяжой.

«Злучаным Штатам варта адмовіцца ад змены рэжыму (або дэмакратызацыі) Беларусі як ад мэты і пазбягаць прамога ўмяшання ва ўнутраныя справы краіны, захоўваючы пры гэтым кантакты з беларускімі апазіцыйнымі сіламі за мяжой, у тым ліку для таго, каб захоўваць рычагі ўздзеяння на Лукашэнку», – піша Грэям.

Акрамя таго, ён раіць не заклікаць Менск публічна дыстанцыявацца ад Масквы і выкарыстоўваць Лукашэнку як закрыты канал сувязі з Крамлём, не ўзмацняючы пры гэтым яго міжнародную легітымнасць.

Што рабіць, калі Расея пачне рыхтаваць сілавую анексію

Калі прыкметы падрыхтоўкі анексіі стануць відавочнымі, ЗША, на думку Грэяма, павінны дзейнічаць гэтак жа, як дзейнічалі перад поўнамаштабным уварваннем Расеі ва Украіну.

Амерыканскія вайскоўцы падчас шматнацыянальных вучэнняў Saber Strike у Фінляндыі, 18 траўня 2026 года. Фота: Sgt. Derek Combs / U.S. Army

Аўтар прапануе змяніць вайсковую пазіцыю NATO ў Польшчы і краінах Балтыі, сумесна папярэдзіць Маскву пра наступствы анексіі, максімальна шырока публікаваць выведныя даныя пра расейскія падрыхтоўкі, а таксама прыцягнуць да дыпламатычнага ціску Кітай, Індыю і іншыя ўплывовыя дзяржавы Глабальнага Поўдня.

Самая спрэчная рэкамендацыя дакладу

Грэям прапануе ацэньваць рэакцыю ЗША не паводле самога факту анексіі, а паводле таго, як менавіта яна адбылася.

«Афіцыйная рэакцыя на расейскую анексію Беларусі павінна залежыць ад таго, як менавіта яна адбудзецца. Калі працэс будзе пераважна добраахвотным – як працяг інстытуцыйнага афармлення Саюзнай дзяржавы, з фармальным ухваленнем беларускага народа або без яго, – Злучаным Штатам варта прызнаць такую анексію легітымнай. Наадварот, калі анексія стане відавочным выпадкам гвалтоўнага захопу, Злучаныя Штаты не павінны прызнаваць яе», – піша эксперт.

У любым выпадку ён рэкамендуе ўмацаваць усходні фланг NATO, пацвердзіць прыхільнасць да артыкула 5 Паўночнаатлантычнай дамовы і пашырыць падтрымку Украіны. Калі ж анексія будзе сілавой, аўтар прапануе вынесці гэтае пытанне ў Раду Бяспекі ААН, а пасля чаканага расейскага вета – у Генеральную Асамблею, а таксама ўвесці адрасныя санкцыі супраць датычных да анексіі расейскіх чыноўнікаў і арганізацый. Пры гэтым, падкрэслівае Грэям, Вашынгтону не варта цалкам разрываць кантакты з Масквой.

Галоўная выснова

Напрыканцы Грэям паўтарае галоўны тэзіс мемарандума: ЗША павінны асцярожна аднаўляць стасункі з Менскам, адначасова рыхтуючыся да магчымай анексіі.

«Вашынгтону неабходна праводзіць такую палітыку ў дачыненні да Беларусі, якая дазволіць асцярожна аднаўляць стасункі з Менскам, узаемадзейнічаць з Масквой, каб знізіць рызыку празмернай рэакцыі, і адначасова рыхтавацца да анексіі, нягледзячы на ўсе намаганні Злучаных Штатаў па яе прадухіленні», – лічыць эксперт.

Пры гэтым мэтай ЗША, на думку аўтара, павінна быць не пераўтварэнне палітычнай сістэмы Беларусі, а ўзмацненне яе аўтаноміі настолькі, каб Расея не магла свабодна выкарыстоўваць краіну для праецыявання сілы ў Цэнтральную і Усходнюю Еўропу. Напрыканцы Грэм заклікае загадзя падрыхтавацца да абодвух сцэнароў анексіі, стварыць сістэму ранняга папярэджання і вызначыць меры рэагавання на кожным этапе.

Ганна Калтыгіна, belsat.eu