Дзесяць гадоў чакання. Гісторыя беларуса са Светлагорска, які ўцёк ад палітычнага пераследу, але дагэтуль не атрымаў прытулку ў ЗША

Генадзь Жулега. Тут т далей – фота з яго асабістага архіву

44-гадовы Генадзь Жулега са Светлагорска ўжо амаль 10 гадоў жыве ў Злучаных Штатах. Ён пакінуў Беларусь пасля таго, як з’явілася небяспека крымінальнага пераследу. Але нават праз дзесяцігоддзе яго гісторыя не скончылася: статус палітычнага ўцекача ён так і не атрымаў.

“Я да апошняга спадзяваўся вярнуцца”

У ЗША Генадзь прыехаў у 2017 годзе. Паводле амерыканскага заканадаўства ў чалавека ёсць адзін год пасля прыезду, каб звярнуцца па палітычны прытулак.

“Я амаль увесь гэты год не падаваў дакументы. Спадзяваўся, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца і я змагу вярнуцца. Я быў адзін, сям’я засталася дома”,

– узгадвае ён.

Аднак пасля таго, як супраць яго завялі крымінальную справу, вяртанне стала немагчымым.

“Перада мной быў выбар: або застацца ў Беларусі і апынуцца за кратамі, або застацца ў Амерыцы без сям’і, але мець магчымасць падтрымліваць блізкіх. Я выбраў другое”.

“Я быў упэўнены, што праўды будзе дастаткова”

Генадзь кажа, што не звяртаўся да дарагіх іміграцыйных адвакатаў і не спрабаваў зрабіць сваю гісторыю больш драматычнай.

Наадварот, ён быў перакананы, што рэальных фактаў будзе дастаткова. Пра пераслед Жулегі пісалі беларускія СМІ, а ягонае прозвішча нават згадвалася ў штогадовай справаздачы Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

“Я думаў: калі людзі з выдуманымі гісторыямі атрымліваюць прытулак, то мне, у якога ўсё адбывалася насамрэч, няма чаго хвалявацца”.

Аднак ужо пасля першага інтэрв’ю замест абяцанага адказу праз некалькі тыдняў пачаліся месяцы чакання. Потым адбылося другое інтэрв’ю – і зноў маўчанне.

Пандэмія, якая паставіла жыццё на паўзу

У 2020 годзе працэс фактычна спыніўся. Пандэмія COVID-19 практычна паралізавала працу іміграцыйнай службы ЗША. Паводле Генадзя, разгляд большасці справаў быў адкладзены на некалькі гадоў.

Толькі напрыканцы 2024 года яго выклікалі на трэцяе інтэрв’ю. Замест чаканага рашэння мужчына атрымаў адмову ад іміграцыйнага чыноўніка.

“У лісце было сказана, што мне адмоўлена ў прытулку і я павінен пакінуць краіну. Для мяне гэта быў вельмі цяжкі момант”.

Пазней адвакат патлумачыў яму, што гэта не канчатковае рашэнне. Паводле амерыканскай працэдуры, пасля адмовы справа пераходзіць у іміграцыйны суд.

Суд, якога не адбылося

Фінальнае слуханне павінна было адбыцца ў г. Сан-Францыска (штат Каліфорнія). Але пасля прыходу новай адміністрацыі ў ЗША сітуацыя нечакана змянілася.

Паводле Генадзя, іміграцыйны суд Сан-Францыска быў закрыты, а ўсе справы перадалі ў суседні г. Конкард (у акрузе Контра-Коста штата Каліфорнія).

“У суддзі, які павінен быў разглядаць маю справу, быў вельмі высокі працэнт станоўчых рашэнняў для беларусаў. Пасля рэарганізацыі ўсё прыйшлося пачынаць амаль нанова”.

Цяпер замест фінальнага пасяджэння яму прызначылі толькі папярэдняе слуханне. Калі будзе асноўны разгляд – невядома.

“Цяпер я баюся не суда, а дарогі да суда”

Асноўны страх Генадзя сёння звязаны ўжо не з магчымай адмовай. Ён кажа, што пасля ўзмацнення жорсткасці міграцыйнай палітыкі ўлады ЗША пачалі значна часцей затрымліваць людзей, якія прыходзяць на судовыя пасяджэнні або іншыя абавязковыя працэдуры.

“Калі мяне затрымаюць каля суда, я магу апынуцца ў цэнтры ўтрымання яшчэ да таго, як суддзя паспеў разгледзець маю справу”.

Паводле яго, менавіта таму многія людзі цяпер баяцца нават выконваць патрабаванні міграцыйных органаў.

“Я не шкадую, што сказаў праўду”

За 10 гадоў чакання Генадзь паспеў пабудаваць жыццё ў ЗША, але дагэтуль не мае права адчуваць сябе ў бяспецы. Ён прызнаецца, што часам задаецца пытаннем: ці не было б прасцей прыдумаць гісторыю, як гэта, паводле яго назіранняў, рабілі некаторыя іншыя заяўнікі.

Але адказ заўсёды адзін.

“Я не хацеў падманваць. Я быў упэўнены, што праўды дастаткова”.

Страх, які мае канкрэтныя прычыны

Генадзь кажа, што ягоны страх быць затрыманым не з’яўляецца перабольшаннем. Ён спасылаецца на гісторыі іншых мігрантаў, якія ведае асабіста або праз беларускую супольнасць у ЗША.

Паводле яго, адзін з беларусаў, які законна чакаў рашэння ў сваёй справе аб палітычным прытулку і меў дазвол на працу, быў затрыманы пасля таго, як прыехаў з дастаўкай на тэрыторыю вайсковай базы. Яго перадалі супрацоўнікам іміграцыйнай службы, пасля чаго ён апынуўся ў цэнтры ўтрымання. У яго засталіся жонка і двое дзяцей, а беларуская дыяспара збірала сродкі на дапамогу сям’і.

Яшчэ адзін выпадак, пра які расказвае Генадзь, адбыўся з беларускай, якая прыехала ў ЗША па студэнцкай візе і таксама папрасіла палітычны прытулак. Пасля бытавога канфлікту ў штаце Фларыда, які паліцыя палічыла нязначным, яе ўсё роўна затрымалі супрацоўнікі іміграцыйнай службы. Паводле Генадзя, жанчына перанесла анкалагічнае захворванне (выдалена шчытоўка) і мае патрэбу ў сталым прыёме лекаў. Ён сцвярджае, што падчас утрымання ёй не забяспечылі належнай медычнай дапамогі, што прывяло да рэзкага пагаршэння стану здароўя і некалькіх шпіталізацый.

“Такія гісторыі прымушаюць мяне баяцца не толькі рашэння суда, але і самога шляху да яго. Я баюся выйсці на вуліцу, баюся ісці на працу, баюся, што любое непаразуменне можа скончыцца затрыманнем”,

– кажа Генадзь.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны сям’я Генадзя была вымушана пакінуць Беларусь, ён дапамог блізкім эвакуявацца ў Еўропу. Цяпер ён працягвае фінансава падтрымліваць сям’ю, аплачвае жыллё і навучанне дачкі. Менавіта таму, кажа ён, нават кароткае затрыманне можа абярнуцца катастрофай не толькі для яго самога, але і для людзей, якія ад яго залежаць.

Сёння справа Генадзя Жулегі ўсё яшчэ знаходзіцца ў іміграцыйнай сістэме ЗША. Амаль 10 гадоў пасля вымушанага ад’езду з Беларусі ён працягвае чакаць рашэння, якое вызначыць, ці атрымае чалавек, які ўцёк ад крымінальнага пераследу, права на бяспечнае жыццё.

М. Бурачок, gomelspring.org