
У літоўскіх анлайн-кнігарнях стала даступнай новая манаграфія польскага мовазнаўцы Міраслава Янковяка «Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Том 2: Салечніцкі раён». Выданне прысвечанае сучаснаму стану беларускіх гаворак у адным з найбольш цікавых памежных рэгіёнаў Літвы.
Паводле аўтара, беларускія гаворкі там яшчэ жывыя, аднак паступова знікаюць. Калі гістарычна на іх найбольш уплывала польская мова, то сёння ўсё мацней адчуваецца таксама ўплыў рускай. Без сістэмнай падтрымкі беларускай мовы перспектывы гэтых гаворак застаюцца няпэўнымі.
Пра тое, чаму беларускія гаворкі Літвы паступова адыходзяць, хто яшчэ застаецца іх носьбітам і што можа дапамагчы захаваць гэтую моўную спадчыну, «Радыё Рацыя» пагаварыла з аўтарам кнігі, дыялектолагам Міраславам Янковякам.
РР: Чаму Вы вырашылі прысвяціць асобную манаграфію менавіта беларускім гаворкам Салечніцкага раёна? Што робіць гэты раён асаблівым?
Міраслаў Янковяк: Гэта кніжка, якая датычыць сучасных беларускіх гаворак у Салечніцкім ці Шальчынінкайскім раёне, таму што ў нас тут дзве назвы. Адна больш славянская ці польска-беларуская, а другая назва больш ужо літоўская, афіцыйная. Першы том датычыў Варэнскага раёна – гэта далей на захад, які ўвогуле не даследаваўся ў мінуласці. Другі рэгіён – гэта Салечніцкі раён – гэта паўднёва-усходняя Літва. Цяпер у распрацоўцы знаходзіцца трэці том – гэта будзе Віленскі раён і ў будучыні будзе Тракайскі, Свенцянскі і Ігналінскі раёны.
А адкуль такая ідэя ўзнікла? Больш чым 10 гадоў таму ў Інстытуце літоўскай мовы ў аддзеле дыялекталогіі вырашылі змапаваць нанова ўсю тэрыторыю Літвы. Значыць паехаць яшчэ раз усёй камандай і даследаваць гаворкі, каб пабачыць, як гэта змяняецца, як змяняецца арэал, ці структура гэтых гаворак змяняецца. І літоўцы выдалі ў 2014 годзе вялікую манументальную працу геалінгвістычную. І што было цікавае і важнае, яны апісалі не толькі літоўскія дыялекты, але папрасілі іншых спецыялістаў апісаць дыялекты ці гаворкі польскія, рускія, тут мы думаем пра старавераў перадусім, беларускія і латышскія. І вынікі былі вельмі цікавыя. Таму што гэта адна генерацыя, адно пакаленне. І ўжо паказвае, як адбываюцца змены. Літоўцы прыйшлі да вываду, што трэба паўтараць такія даследаванні кожныя 10 – 15 гадоў, каб пабачыць, як гэта ўсё змяняецца.

Я быў у Салечніцкім раёне ў 2015 – 2016 гадах і цяпер меў магчымасць у 2025 і 2026 гадах праводзіць даследаванні. І трэба сказаць, што змянілася шмат. Па-першае, цікавае, таму што гэта тэрыторыя, якая лічылася такім абшарам вялікага распаўсюджвання беларускіх гаворак, дзе шмат людзей пражывала, у кожнай вёсцы амаль беларуская гаворка ці “па-просту”, як яны называюць, была вельмі папулярная і распаўсюджаная. На гэтай тэрыторыі ёсць некалькі моў ці дыялектаў, але літоўскай вельмі мала. Але прайшло дзесяць гадоў і вельмі бачна, што знікаюць беларускія гаворкі, на жаль. І калі 10 – 12 гадоў таму я мог заехаць у любую вёску, зайсці ў любы дом і мог запісаць беларускую гаворку, цяпер гэта ўжо вялікая праблема. З гэтым найстарэйшым пакаленнем знікае і беларуская гаворка. І на гэтае месца ўваходзіць расейская і польская мовы. І гэта такі цікавы феномен, які варта надалей даследаваць. Гэта нават трошкі на роўні псіхалінгвістыкі.
Вольга Сямашка, racyja.com,
фота з архіва Міраслава Янковяка і аўтара
