
Хачу напісаць некалькі асабістых радкоў пра Анатоля Маўчуна – паэта, празаіка, публіцыста, мемуарыста, аматарa-фатографа і аднаго з тых ціхіх беларускіх інтэлектуалаў, пра якіх часта ведаюць занадта мала. Мне ўдалося высветліць калі ён памёр і дзе пахаваны.
Анатоль Маўчун нарадзіўся 2 студзеня 1932 года ў невялікай асадзе Абруб (тады Дзісьненскі павет, цяпер на Глыбоччыне) у сям’і Яна і Надзеі Маўчуноў. Яго дзяцінства выпала на часы калектывізацыі, вайны, змены ўладаў і чалавечых трагедый. Ён рана страціў маці, а бацька быў вывезены на прымусовыя работы, таму хлопчык фактычна рос сіратой, пад апекай родзічаў. У сваіх успамінах ён пісаў пра разбураны вясковы лад, страхі, няпэўнасць і адначасова пра моц сувязі з роднай зямлёй.
У маі 1946 года разам з сям’ёй быў рэпатрыяваны на Заходняе Памор’е ў Польшчы. Спачатку жыў у фальварку Бушава (цяпер не існуе) паміж вёскамі Чарнэ-Мале і Гранічнэ (цяпер Лысінін), пазней у Брачыне, а з восені 1948 года – у Сямчыне. Тут вучыўся, працаваў у сельскай гаспадарцы, удзельнічаў у грамадскім і культурным жыцці, наведваў курсы для моладзі, дапамагаў у тэатральным гуртку, жыў насычаным жыццём пасляваеннай вёскі.
У канцы 1940-х гадоў захапіўся фатаграфіяй. Першыя здымкі рабіў нямецкімі камерамі Agfa Standard і Laack Padie „Luxus” D. Фіксаваў школьную моладзь, сем’і асаднікаў, працу на полі, святы, дэманстрацыі, паўсядзённае жыццё. За некалькі гадоў стварыў сотні негатываў, якія пазней былі адлічбаваныя і сістэматызаваныя, стаўшы каштоўным сведчаннем эпохі.
У сталым узросце пераехаў у Познань, дзе стаў адным з актыўных прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Быў сябрам Беларускага культурна-асветніцкага цэнтру ў Познані, удзельнічаў у святкаваннях, сустрэчах, літаратурных вечарынах.

Шмат гадоў супрацоўнічаў з „Нівай”, дзе друкаваў вершы, эсэ і публіцыстычныя артыкулы. Сярод вядомых твораў – эсэ «Абрубскія хутары», верш «Кліч» (1998), артыкул «Закон для чалавека, ці чалавек для беззаконня?». Свае самыя апошнія тэксты Анатоль Маўчун друкаваў у альманаху «Беларус», які выдаецца ў Нью-Ёрку. Яго тэксты адрозніваюцца філасофскай засяроджанасцю, спакойнай інтанацыяй і глыбокай настальгіяй па родных мясцінах.
Але для мяне Анатоль быў перадусім чалавекам лістоў. Ён пісаў лісты ўсё жыццё. Пісаў шмат, грунтоўна, ад рукі. Перапісваўся з вядомымі дзеячамі беларускай эміграцыі, а таксама з людзьмі культуры ў Беларусі. Дасылаў іх з Познані, часта ўкладаючы ў канверты ксеракопіі цікавых краявідаў, архітэктурных дэталяў, старонак з кніг. За гады знаёмства я атрымаў ад яго сотні лістоў на жывой, прыгожай беларускай мове. Ён сварыўся на мяне, што рэдка пішу і доўга не адказваю. Але заўсёды працягваў пісаць.
Нас аб’яднаў Глыбоцкі край. Ён быў у яго закаханы, бадай, нават больш за мяне. Успамінаў Абруб, ваколіцы, Доўгае возера, хутары, людзей. Беларусь жыла ў ім штодня.
Анатоль меў вялікую і ўражваючую бібліятэку. Частку кніг ён перадаў мне. Сярод іх – рэдкія пераклады на беларускую мову Платона, Міцкевіча і іншых аўтараў. Кнігі для яго былі не проста рэчамі, а жывымі субяседнікамі.
Ён меў сваю дзялянку і маленькую хатку, любіў праводзіць там час, працаваць, думаць, пісаць. Гэта было яго месца цішыні.
Памятаю, як некалі мы разам вярталіся цягніком з Беластока ў Познань. Была ноч. Мы прагаварылі ўсю ноч напралёт – пра Беларусь, гісторыю, кнігі, людзей, жыццё. І гэта пры тым, што Анатоль ужо меў свае гады.
Калі аднойчы лісты ад яго перасталі прыходзіць, я адразу зразумеў: Анатоль мусіў сыйсці. Пазней стала вядома, што ён памёр 21 чэрвеня 2018 года і пахаваны ў Лусаве каля Познані. Гэтыя звесткі пацвердзіліся толькі нядаўна дзякуючы Камілю Полэцю (Kamil Połeć).
Пра Маўчуна можна было б напісаць цэлую кнігу. Такі гэта быў цікавы, глыбокі, светлы чалавек.
Ён застаўся ў сваіх тэкстах.
У сваіх лістах.
І ў маёй памяці – назаўсёды.
