У Вільні раскапалі месца італьянскага саду Радзівілаў і галоўнай пушкарні ВКЛ. Тут пабудуюць элітнае жыллё

Падчас расчысткі пляцоўкі пад новы квартал археолагі натыкнуліся на глыбокі пласт торфу з рэшткамі даўняй апалубкі. Спецыфічны грунт захаваўся ад колішняга прадмесця Пушкарня — тэрыторыі, дзе некалі адлівалі гарматы Вялікага Княства Літоўскага і гадавалі рыбу для арыстакратыі.

Руіны палаца Радзівілаў на Пушкарні ў канцы XVIII стагоддзя. Малюнак Марцэлія Янушэвіча (каля 1835 года) паводле арыгінала Пятра Росі 1790 года. Фота: Wikimedia Commons / Літоўскі нацыянальны мастацкі музей

Археалагічныя даследаванні праводзіліся ў чэрвені і ліпені на ўчастках па вуліцы Маставой (Tilto), 9 і 11. Пра гэта паведаміла Бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы, заўважыў тэлеграм-канал ArchiDucatus. Раскопкі раскрылі масіўныя падмуркі даходных дамоў мяжы XIX—XX стагоддзяў, якія пазней былі знесеныя. Дзякуючы спецыфічнаму тарфяному грунту ў ніжняй частцы муроў захаваліся нават рэшткі арыгінальнай драўлянай апалубкі.

Сёння гэта самы цэнтр горада, але ў XVI стагоддзі тэрыторыя паміж ракой Вяллёй (Нярыс) і Ніжнім замкам знаходзілася за гарадскімі мурамі і называлася Пушкарняй.

Сваю назву прадмесце атрымала ад дзяржаўнай майстэрні па вытворчасці гарматаў — Віленскай пушкарні. Згодна з гістарычнымі даследаваннямі, яна была заснавана вялікім князем Жыгімонтам II Аўгустам у 1540‑я гады і фінансавалася наўпрост з дзяржаўнай казны.

Сыравіну для вытворчасці зброі везлі з усёй Еўропы: медзь і сталь — з Венгрыі і Карынтыі, свінец — з Гданьска. Сюды былі запрошаныя замежныя майстры. Пушкарня працавала настолькі актыўна, што ўжо ў 1560 годзе венецыянскі пасол даносіў: у Вільні налічваецца 180 вялікіх гарматаў і мноства дробных.

Пазней, пры Стэфане Баторыю, тут адліваліся цяжкія аблогавыя гарматы, а ў пачатку XVII стагоддзя была створана знакамітая гармата «Віленскія браты», якая страляла 30‑фунтавымі ядрамі (больш за 12 кг).

Палац з карасямі і лінямі

Рэзідэнцыя Радзівілаў на Пушкарні. Фрагмент панарамы Вільні Томаша Макоўскага (1600 год). На пярэднім плане бачны абнесены хаткамі сад (2). За рачулкай вылучаецца рэпрэзентатыўны ансамбль з трохпавярховага палаца з высокай цыліндрычнай вежай і крыжападобнага корпуса (1). Справа пад нумарам 8 — збудаваны ў гонар перамогі над татарамі пад Клецкам у 1506 годзе касцёл Марыі Снежнай (цяпер вядомы пад тытулам Святога Юр’я) з масіўнай вежай і кляштар кармелітаў. Фота: etalpykla.lituanistika.lt

Побач з арсеналам, на беразе Віліі, размяшчалася вялізная рэзідэнцыя Радзівілаў (не блытаць з палацам Радзівілаў на Віленскай вуліцы, у якім цяпер знаходзіцца мастацкі музей). Мураваны палац на Пушкарні быў збудаваны ў першай палове XVI стагоддзя. Гэта быў трохпавярховы будынак у стылі італьянскага маньерызму з масіўнай цыліндрычнай вежай, аркадамі і багата аздобленымі фасадамі. У ім жыў Мікалай Радзівіл Руды, і, як мяркуецца, ягоная сястра Барбара Радзівіл.

Але сапраўдным гонарам рэзідэнцыі быў велізарны італьянскі сад, які распасціраўся на ўсход ад будынка. Згодна з інвентарамі Радзівілаўскага архіва, якія сёння захоўваюцца ў Варшаве, сад быў абнесены мурам, меў рэгулярную планіроўку, лабірынт, алеі з абрыкосаў, вішань і высакародных гатункаў яблынь. У спецыяльных аранжарэях вырошчвалі італьянскую гародніну і нават інжыр.

Менавіта ў гэтым садзе знаходзілася сістэма з трох вялікіх штучных сажалак. У архіўных дакументах XVII стагоддзя яны апісваюцца як «sadzawki, w których karaś wielki y lin łowi się» (сажалкі, у якіх ловяцца вялікі карась і лінь). Гэта і ёсць тыя самыя вадаёмы, на тарфяным дне якіх сучасныя археолагі знаходзяць рэшткі пазнейшых падмуркаў.

Заняпад і новы «Радзівілаўскі маёнтак»

Палац сур’ёзна пацярпеў падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай у 1655—1661 гадах. Апошнім яго гаспадаром, які яшчэ спрабаваў падтрымліваць жыццё ў рэзідэнцыі, быў Багуслаў Радзівіл. Пасля яго смерці палац паступова прыйшоў у заняпад. Згодна з інвентарамі канца XVIII стагоддзя, ад раскошнага будынка заставаліся толькі сцены першага паверха без даху, а сажалкі параслі пустазеллем. У 1820‑х гадах руіны канчаткова разабралі на цэглу.

Палац Тышкевічаў, дзе сёння месціцца бібліятэка Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы, пабудаваны на месцы італьянскага саду з сажалкамі пры колішнім палацы Радзівілаў. Фота: www.vle.lt

Самі сажалкі італьянскага саду былі засыпаныя ў першай палове XIX стагоддзя. На іх месцы праклалі бульвар уздоўж ракі, а на мяжы стагоддзяў тэрыторыя была шчыльна забудавана мураванымі дамамі. У прыватнасці, тут узвялі палац Тышкевічаў (сёння там месціцца бібліятэка Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы), а таксама даходныя дамы і жыллё для чыноўнікаў.

Сёння пра былую веліч магутнай зброевай вытворчасці і багацце радзівілаўскіх садоў нагадваюць толькі архіўныя дакументы, старыя планы ды спецыфічны тарфяны грунт у будаўнічых катлаванах. А яшчэ новы шматфункцыянальны комплекс на вуліцы Маставой, які будуе кампанія Vastint Lithuania па праекце студыі Renova, атрымаў сімвалічную назву Radvilų valda («Радзівілаўскі маёнтак»).

Згодна з праектнай дакументацыяй, на месцы засыпаных сажалак і разабраных даходных дамоў паўстануць пяціпавярховыя будынкі, якія аб’яднаюць офісныя плошчы і 67 элітных кватэр.

nashaniva.com