48-гадовы Дзяніс Валер’евіч Ніканенка некалькі гадоў, да сакавіка гэтага года, займаў пасаду дзяжурнага памочніка начальніка жаночай калоніі № 24 у Зарэччы. Вызваленыя палітзняволеныя Вікторыя Кульша і Паліна Шарэнда-Панасюк распавялі “Вясне” пра яго жорсткае абыходжанне са зняволенымі жанчынамі: ужыванне гвалту, здзекі, фабрыкацыя парушэнняў.

“Неаднаразова ўжываў да мяне фізічную сілу”
Былая палітзняволеная Вікторыя Кульша была памілаваная і выправаджаная з краіны 13 снежня 2025 года. Яна ўтрымлівалася за кратамі з 2021 года, але ў зняволенні яе асудзілі яшчэ чатыры разы паводле артыкула 411 КК. У жніўні 2022 года палітзняволеную перавялі ў калонію № 24 у Зарэчча, дзе яна сутыкнулася з беспрэцэдэнтным ціскам. Адной з датычных асоб да яе пераследу яна называе супрацоўніка калоніі Дзяніса Ніканенку. Па словах Вікторыі, ён неаднаразова ўжываў да яе фізічную сілу.
“Менавіта з Ніканенкам я звязваю адны з самых страшных эпізодаў майго зняволення. Ён неаднаразова ўжываў да мяне фізічную сілу ў ПК-24. Жорстка і неапраўдана. Гэта фізічна моцны мужчына вагой больш за сто кілаграмаў, які валодаў не толькі відавочнай фізічнай перавагай над зняволенай жанчынай, але і ўладай супрацоўніка пенітэнцыярнай сістэмы”.
“Перажыты гвалт ледзь не зрабіў мяне інвалідам”

Як распавядае Вікторыя, Дзяніс Ніканенка праходзіць пацярпелым паводле распачатай супраць яе крымінальнай справы.
“Згодна з версіяй следства і беларускіх уладаў, я нібыта нанесла яму цяжкія цялесныя пашкоджанні. Менавіта гэты крымінальны пераслед стаў падставай для абвяшчэння мяне ў міжнародны вышук.
У выніку мой катавальнік, з дзеяннямі якога я звязваю цяжкія наступствы для свайго здароўя, апынуўся ў працэсуальным становішчы пацярпелага. А я — жанчына, што зазнала з яго боку гвалт, — абвінавачанай і ў вышуку. Пасля таго, што адбывалася са мной у ПК-24, наступствы я адчуваю дагэтуль. Перажыты гвалт ледзь не зрабіў мяне інвалідам”.

Вікторыя кажа, што Дзяніс Ніканенка быў жорсткім таксама да іншых зняволеных жанчын, асуджаных паводле розных артыкулаў.
“Менавіта таму, яшчэ знаходзячыся за кратамі ў гэтым канцлагеры, я спрабавала дамагчыся рэакцыі на яго дзеянні. Я звярталася да кіраўніцтва ПК-24, кіраўніцтва ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці. Аднак на той момант рэакцыі, здольнай спыніць тое, што адбываецца, не было. Самае страшнае ў такіх сітуацыях нават не толькі тое, што супрацоўнік можа падняць руку на безабароннага чалавека. Страшней іншае — калі гвалт становіцца часткай паўсядзённай працы. Ніканенка разумеў, што жанчына перад ім нікуды не сыдзе, не зачыніць дзверы, не дасць адпор. Яна знаходзіцца за калючым дротам. А ў яго — форма, улада і, як можа здавацца, практычна поўная беспакаранасць”.
Сведкай грубага абыходжання Ніканенкі з Вікторыяй у калоніі № 24 была Паліна Шарэнда-Панасюк:
“Гэта быў час, калі нас сінхронна кідалі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Мы маглі бачыць адна другую ў вочка дзверы камеры, калі нас вялі па калідоры. Тады мы стараліся падтрымаць адна адну, паказваючы ў вочка пальцамі “V” або “сардэчка”. Вікторыя Кульша тады не пачала насіць форму калоніі, чым выклікала лютасць Ніканенкі. Сукамерніцы Вікторыі тады казалі, што ён нават ужываў да яе прыём задушэння. І вось, калі Вікторыю вялі міма камеры, дзе ўтрымлівалі мяне, яна паказала мне “V”, і Ніканенка, які ішоў побач з ёй, груба штурхнуў яе ў спіну, так што яна ледзь не ўпала на падлогу”.
“Жанчыны стараліся нават не сустракацца з ім позіркам”
Актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ў 2021 годзе і асудзілі да двух гадоў калоніі. На яе ўвесь час аказваўся ціск. Паліна стала першай палітзняволенай жанчынай у Беларусі, асуджанай паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. Агулам паводле гэтага артыкула супраць яе распачалі тры крымінальныя справы. У ліпені 2022 года стала вядома, што Паліну перавялі ў калонію № 24 у Зарэччы. Там яна сутыкнулася з жорсткім стаўленнем супрацоўніка Дзяніса Ніканенкі:
“Ён адрозніваўся выключным садызмам і жорсткасцю. Яго змена ў калоніі лічылася дрэннай, калі ніякіх пытанняў або праблем зняволеных не вырашалася, таму што ад зваротаў да яго маглі быць толькі нядобрыя наступствы. Напрыклад, калі мяне ўтрымлівалі ў ПКТ, то на яго змене мы нават не аддавалі яму лісты. У абавязкі ДПНК ўваходзіла забіраць пошту і адносіць цэнзару, але ён казаў: “Я вам нічога не абавязаны насіць”. У ШІЗА да яго таксама баяліся звяртацца нават з самымі простымі просьбамі: перадаць мыла, туалетную паперу і г. д. Калі на праверках ён заяўляўся ў камеры ПКТ або ШІЗА, жанчыны стараліся нават не сустракацца з ім позіркам і літаральна не дыхаць, абы ён не прычапіўся да якой-небудзь дробязі”.
Са слоў Паліны, Ніканенка прадузята ставіўся да палітзняволеных жанчын:
“З палітзняволенымі ён абыходзіўся з крайнім садызмам, як словамі, так і фізічна. Было відаць, што гэта прыносіць яму вялікае задавальненне. Размаўляць з ім было бессэнсоўна, бо любую размову ён спыняў абразамі тыпу: “ваш Трамп”, “ваш Байдэн”, “няхай вам Байдэн уключыць ваду/адкрые акно/прынясе/перадасць” і да таго падобнае. Заўсёды тыкаў, чапляўся да любой дробязі, за якую складаў рапарт. У дачыненні да нас выяўляў самадурства, якое выдаваў за “законныя патрабаванні”, а таксама рэгулярна звяртаўся да адкрытых фальсіфікацый парушэнняў”.
“Парушэнне пад запіс”

Як сцвярджае былая палітзняволеная, менавіта Ніканенка стаў “асноўным фабрыкатарам парушэнняў”, паводле якіх фальсіфікавалася крымінальная справа супраць яе па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне супрацоўнікам калоніі).
“Мне больш за ўсё запомніўся выпадак у лютым 2024 года, калі мяне кінулі ў ШІЗА. Была пастаўленая задача пратрымаць мяне там месяц. Спачатку я знаходзілася ў камеры № 6 з некалькімі жанчынамі, але потым іх вызвалілі або перавялі, і я засталася адна. Гэта ўжо наштурхнула на думку, што нешта не так. Потым у вочка камеры, якое выходзіла на калідор, я заўважыла Ніканенку, ён цягаўся каля камеры, пазіраў на дзверы, быццам чакаў чагосьці або рыхтаваўся. Як аказалася, да правакацыі.
Гэта выглядала так: адчыняюцца дзверы і Ніканенка з парога крычыць: “Шарэнда, як вы растлумачыце, чаму спалі з такога па такі час?” На “вы” ён звяртаўся, бо быў уключаны відэарэгістратар, а гэта 100% знак фабрыкацыі — “парушэнне пад запіс”. У першы момант нават не знаходзіш, што сказаць на такую беспардонную хлусню. Я разумею, што яго словы азначаюць чарговыя 10 сутак ШІЗА. Але такая хлусня абурае да глыбіні душы, і па інерцыі я пачынаю аспрэчваць яго хлуслівыя сцвярджэнні. Пасля ўсе мае абурэнні Ніканенка дапісаў да “спання”: не там стала, калі ён зайшоў, садзілася без дазволу, была няветлівая.
У красавіку 2024 года нейкую маю рэпліку на дзеянні кантралёра Давідовіч Ірыны Міхайлаўны, якая адмовілася зняць мне кайданкі, калі я збірала рэчы для душа з сумкі, ён інтэрпрэтаваў як “размовы ў шэрагу” і зварот да яго “не паводле формы”.
“Хаця б адзін супрацоўнік больш не валодае ўладай над зняволенымі жанчынамі”
Паводле інфармацыі былых палітзняволеных, з сакавіка гэтага года Дзяніс Ніканенка больш не працуе ў жаночай папраўчай калоніі № 24 у Зарэччы.
“Я не ведаю, чаму Ніканенка сышоў з ПК-24. Але я вельмі рада, што сёння яго больш няма побач з жанчынамі, якія знаходзяцца ў зняволенні. Я проста шчаслівая ведаць, што прынамсі ў ПК-24 гэты чалавек больш не зможа прычыніць жанчыне тое, што калісьці прычыняў мне. Я рада, што цяпер хоць бы адзін супрацоўнік, якога я сама ведала, як крыніцу гвалту і страху, больш не валодае той уладай над зняволенымі жанчынамі, якой валодаў раней.
Для мяне гэта важна яшчэ і таму, што калі я знаходзілася ўнутры гэтай сістэмы, часам здавалася, што яна вечная. Што гэтыя людзі назаўжды застануцца за зачыненымі дзвярыма калоній, будуць апранаць форму, атрымліваць заробак і працягваць рабіць тое, што рабілі, таму што ўпэўненыя: ніхто ніколі не спытае ў іх за жанчыну, якую можна збіць там, дзе няма аб’ектыўных сведак. Аказваецца, не назаўжды. Я выжыла і выйшла адтуль, і цяпер магу назваць яго імя ўслых”, — каментуе Вікторыя Кульша.
