Фільм пра беларускіх палітвязняў трапіў у праграму нідэрландскага фестывалю IDFA

Андрэй Куціла / Еўрарадыё

У праграму нідэрландскага фестывалю IDFA трапіў фільм “Лісты” беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы.

Як заўважыў тг-канал “Свяшчэнны Белавуд”, стужка пра беларускіх палітвязняў трапіла ў секцыю Signed. Гэтая секцыя прысвячаецца апошнім кінематаграфічным прыгодам некаторых з самых арыгінальных сучасных рэжысёраў. “Signed адзначае аўтараў з унікальным мастацкім почыркам, якія выходзяць за межы канону”, — напісана на сайце фестывалю.

IDFA — адзін з самых уплывовых кінафестываляў у галіне дакументальнага кіно, яго яшчэ называюць “дакументальнымі Канамі”.

Каментуючы гэтую навіну ў сацсетках, Куціла напісаў: “Для нас гэта важная пляцоўка, якая дазваляе працягваць гаварыць праз кіно пра беларускіх палітычных зняволеных”.

Раней, у 2018 годзе, рэжысёр ужо ўдзельнічаў у IDFA з фільмам “Сума” — і атрымаў узнагароду за лепшы сярэднеметражны дакументальны фільм.

euroradio.fm