БАЖ, Прэс-клуб і ПЭН выступілі супраць ціску на медыі з боку апазіцыйных палітыкаў

Фота: БАЖ

Апошнім часам з боку некалькіх беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў прагучалі жорсткія заўвагі на адрас беларускіх незалежных медыя і прапановы фактычна ўзяць іх пад кантроль.

Нічога новага ў гэтым няма. Беларускія незалежныя медыя ўжо дзесяцігоддзямі сутыкаюцца і з абвінавачаннямі ў ангажаванасці, і са спробамі ціску. Часцей за ўсё яны паходзяць ад беларускіх уладаў. Але часам пра гэта гавораць і палітыкі быццам бы дэмакратычнага напрамку, на іх думку, «журналісты пішуць не тое і не так».

Даходзіць да недарэчных заяў пра нібыта «напампоўку незалежных СМІ грашыма», і такія сцверджанні цалкам скажаюць рэчаіснасць. Незалежныя медыя сёння працуюць ва ўмовах жорсткага дэфіцыту рэсурсаў, іх бюджэты зусім непараўнальныя з тымі, што маюць праўладныя прапагандысты. І тым не менш ахоп і ўплыў незалежных медыя ў Беларусі застаецца істотным. Пра гэта сведчаць мільёны наведнікаў на відэаплатформах, сайтах і ў сацыяльных сетках.

Зусім безадказна гучаць заклікі дэананімізаваць журналістаў незалежных медыя ці нават пікетаваць рэдакцыі. Усе медыясупрацоўнікі сутыкаюцца з велізарнымі рызыкамі праз сваю працу з прычыны прызнання рэдакцый СМІ «экстрэмісцкімі фармаваннямі» і крымінальнага пераследу за супрацу з імі. Ціск на сваякоў, арышты маёмасці, завочныя крымінальныя справы і прысуды, абвешчанне ў міждзяржаўны вышук — гэта толькі частка форм транснацыянальнага пераследу, які зазнаюць журналісты. Паводле звестак БАЖ, з крымінальным вышукам ужо сутыкнуліся больш за 100 беларускіх журналістаў у выгнанні. Спробы дэананімізацыі толькі аблегчаць працу беларускага рэпрэсіўнага апарату.

Незалежныя медыя не могуць быць вызваленыя ад крытыкі, адказнасці за памылкі або ад патрабаванняў да якасці і фінансавай празрыстасці, аднак ніякая крытыка не можа служыць апраўданнем для палітычнага ціску, пагроз, дэананімізацыі журналістаў, дыскрэдытацыі ўсяго незалежнага медыясектара або спроб падпарадкаваць яго палітычнаму кантролю.

Стандарт свабоды слова, у тым ліку ў яго трактоўцы Еўрапейскім судом па правах чалавека, зыходзіць з прынцыпу, што дапушчальныя межы крытыкі ў дачыненні да палітыкаў і грамадскіх дзеячаў шырэйшыя, чым у дачыненні да прыватных асоб. Згодна з гэтым стандартам, палітыкі і грамадскія дзеячы могуць на законных падставах станавіцца аб’ектам крытыкі. Гэтыя людзі добраахвотна выходзяць у публічную прастору, іх дзейнасць нясе грамадскі інтарэс, і грамадства павінна мець магчымасць яе абмяркоўваць.

Пры гэтым стандарт свабоды слова абараняе не толькі крытыку на адрас такіх асоб, але і пэўную ступень рэзкасці, перабольшання, правакацыйнасці і нават раздражняльнай формы яе падачы. Выказваць незадаволенасць такімі публікацыямі — права кожнага чалавека. Аднак пагрозы выкарыстаць пэўныя механізмы ціску, у тым ліку датычныя бяспекі журналістаў, — гэта ўжо спроба цэнзуры, што недапушчальна.

Беларускія незалежныя медыя імкнуцца прытрымлівацца міжнародных прафесійных стандартаў, нягледзячы на пагрозы і пераслед. Менавіта гэта дазваляе беларускаму незалежнаму медыясектару захоўваць давер аўдыторыі ды пашыраць яе.

Выказваем падтрымку беларускім незалежным медыя і журналістам і заклікаем дэмакратычных палітыкаў і актывістаў з павагай ставіцца да іх дзейнасці, накіраванай на ўстанаўленне свабоды меркаванняў і іх выказвання ў Беларусі. 

Беларуская асацыяцыя журналістаў
Прэс-Клуб
Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»
Беларускі ПЭН

baj.media