Тураўскія каменныя крыжы, якія нібыта прыплылі з Кіева, мабыць, паставілі пры Канстанціне Астрожскім

Вынікі апошніх даследаванняў палескіх святынь паказваюць, што масіўныя каменныя манументы, хоць таксама паходзяць з тэрыторыі сучаснай Украіны, на стагоддзі маладзейшыя за дату, якую ім прыпісвала легенда.

Каменны крыж, усталяваны ў асобнай альтанцы на падворку сабора Святых Кірыла і Лаўрэнція ў Тураве, датаваны на шыльдзе X стагоддзем. Фота: sb.by

На публікацыю ў расійскім навуковым часопісе «Клио» звярнуў увагу тэлеграм-канал «Беларуская навука». Расійскія даследчыкі каменных крыжоў Аляксандр Патраўнаў і Таццяна Хмельнік прааналізавалі паходжанне каменя і гістарычны кантэкст усталявання тураўскіх крыжоў, разбурыўшы папулярную легенду пра тое, што крыжы прыплылі па Прыпяці з Кіева ў X—XII стагоддзях, а рачная вада пры іх выманні на бераг набыла колер крыві.

Шмат стагоддзяў гэтыя артэфакты з’яўляліся цэнтрам рэлігійнага пакланення: мясцовыя жыхары арганізоўвалі да іх масавыя працэсіі на свята Узвіжання, ахвяравалі манеты, ежу і палатно. Паводле этнаграфічных запісаў, у народзе шчыра верылі ў іх лячэбныя ўласцівасці і нават практыкавалі ўжыванне саскрэбенага з крыжоў каменнага пылу з вадой для лячэння хвароб, напрыклад, слепаты.

Тураўскія каменныя крыжы цэнтрам рэлігійнага пакланення. Фота: sb.by

Адкуль кроў на крыжах

Даследчыкі тлумачаць феномен «крыві» выключна геалагічнымі ўласцівасцямі матэрыялу. Асноўная група тураўскіх крыжоў, у тым ліку аб’екты каля сабора Святых Кірыла і Лаўрэнція і на Барысаглебскіх могілках, выраблена з шэрага граніту з ружовым адценнем крышталёў артаклазу і выцягнутымі пражылкамі біятыту.

Бурыя плямы на іх паверхні з’яўляюцца натуральнымі слядамі акіслення злучэнняў жалеза. Менавіта ржавая вада, якая сцякала з камянёў, стала падставай для містычнага падання.

Спачатку быў шыфер

Супастаўленне з археалагічнымі данымі таксама паказвае немагчымасць стварэння манументаў у X—XIII стагоддзях. У культурных пластах Турава гэтага перыяду ніколі не знаходзілі абломкаў або нарыхтовак з шэрага граніту. Для будаўніцтва мясцовага сабора і вырабу саркафагаў у XII стагоддзі тураўскія майстры выкарыстоўвалі выключна ружовы пірафілітавы сланец, таксама вядомы як шыфер. Гэты матэрыял дастаўляўся з-пад Оўруча, што за 105 кіламетраў ад Турава. Пры гэтым ніводнага крыжа з оўруцкага шыферу ў рэгіёне не зафіксавана.

Шыферны саркафаг у экспазіцыі «Старажытны Тураў». Больш лёгкі ў апрацоўцы і зручны ў транспарціроўцы оўруцкі шыфер не пакідае месца для працаёмкага граніту ў XII стагоддзі. Фота: Wikimedia Commons

Валынскі граніт ад Астрожскіх

Шэры граніт цалкам адсутнічае ў ваколіцах Турава. Аўтары выключаюць магчымасць здабычы пароды ў бліжэйшых Мікашэвічах, бо там граніты залягаюць на глыбіні ад 7 да 30 метраў і фізічна не выходзілі на паверхню ў Сярэднявеччы.

Паводле структуры матэрыял тураўскіх крыжоў ідэнтычны гранітам, якія выходзяць на паверхню на берагах ракі Случ у раёне населеных пунктаў Бельчакі і Гарадніца на тэрыторыі сучаснай Украіны.

Дастаўка масіўных камянёў водным шляхам адтуль у Тураў у ХІІ стагоддзі не мела практычнага сэнсу з-за наяўнасці больш зручнага для апрацоўкі оўруцкага шыферу.

Даследчыкі звязваюць з’яўленне крыжоў з пераходам Турава і яго ваколіц у 1508 годзе ва ўласнасць князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага. Асноўныя землі і рэзідэнцыя гэтага магнацкага роду знаходзіліся на Валыні. У выніку рачная сістэма Случ — Гарынь — Прыпяць стала галоўнай транспартнай артэрыяй паміж валынскімі і палескімі ўладаннямі.

Форма тураўскіх артэфактаў з прамавугольнымі лопасцямі цалкам адпавядае традыцыям манументальных помнікаў Валыні XV—XVII стагоддзяў. Астрожскія выступалі актыўнымі фундатарамі праваслаўных храмаў у Вялікім Княстве Літоўскім, у тым ліку ў самім Тураве.

Навукоўцы робяць выснову, што цяжкія гранітныя крыжы былі вырабленыя валынскімі каменярамі і дастаўленыя на Палессе ў перыяд з 1518 па 1582 год у якасці мемарыяльных знакаў для мясцовых цэркваў.

Канчатковая петраграфічная экспертыза з параўнаннем тураўскіх артэфактаў і зрэзаў пароды з валынскіх кар’ераў пакуль не праведзена. Аўтары даследавання адзначаюць, што ў перыяд з 2022 па 2026 год паездкі з мэтай адбору ўзораў на тэрыторыю Украіны застаюцца немагчымымі праз вайну.

nashaniva.com