«Дзе мая маленькая дзяўчынка?» Экс-палітвязень Аляксей Санчук – пра шэсць гадоў за кратамі і жыццё пасля

Аляксей Санчук з жонкай і дачкой у Грузіі. Фота з асабістага архіву

Амаль шэсць гадоў Аляксей Санчук чакаў, што выйдзе з калоніі раней за тэрмін. Пісаў прашэнне аб памілаванні, сачыў за вызваленнямі палітвязняў і кожны раз спадзяваўся пачуць сваё прозвішча. Але ў выніку адседзеў увесь тэрмін – і ўжо праз тры дні пасля вызвалення з’ехаў з Беларусі. За гады зняволення ягоная маленькая дачка вырасла ў падлетка, жонка перажыла ператрусы і допыты, а самому Аляксею патрэбныя аперацыі і лячэнне. Цяпер сям’я рыхтуецца да пераезду з Грузіі ў Польшчу і спрабуе сабраць грошы, каб пачаць жыццё нанова. «Белсат» пагаварыў з былым палітвязнем пра гады за кратамі, сям’ю, якая чакала яго на волі, і пра тое, як нанова ўладкоўваць жыццё пасля вызвалення.

«Гэтага па крыміналцы»

Да 2020 года Аляксей Санчук працаваў на сябе: праектаваў, збіраў і ўсталёўваў кухні і іншую мэблю. Падчас прэзідэнцкай кампаніі ён пачаў дапамагаць прыхільнікам пераменаў – расклейваў агітацыйныя плакаты, вазіў на мітынгі ваду і ежу, удзельнічаў у велапрабегах, маляваў муралы. Пазней далучыўся да групы барабаншчыкаў і зрабіў для яе некалькі мабільных платформаў, якія можна было хутка сабраць падчас маршу і гэтак жа хутка разабраць, калі з’яўляліся сілавікі. 4 лістапада 2020 года Аляксея і іншых удзельнікаў групы затрымалі падчас рэпетыцыі барабаншчыкаў. Усіх даставілі ў міліцыю, дзе ў затрыманых пачалі правяраць тэлефоны. Санчук адмовіўся разблакаваць свой – пасля гэтага, паводле яго слоў, яго збілі.

Тыя самыя мабільныя платформы для барабаншчыкаў. Фота з асабістага архіву

– Калі вы зразумелі, што 15 соднямі арышту справа не абыдзецца?

– Практычна ў той жа дзень, калі нас прывезлі ў РУУС. Стала вядома, што астатнія пойдуць па адміністрацыйных пратаколах. Там супрацоўнік ГУБАЗіКу камандаваў, каго куды саджаць. Калі дайшла чарга да мяне, ён сказаў, што гэты пойдзе па крыміналцы.

Прывезлі мой аўтамабіль на эвакуатары, пачалі яго аглядаць. Але нічога там не знайшлі – толькі ўлёткі, нейкія бел-чырвона-белыя налепкі. Пры мне таксама нічога не было, толькі тэлефон.

– Але ў выніку адным з галоўных эпізодаў справы сталі лазерныя ўказкі і піратэхніка, знойдзеныя ўвогуле не ў вас. Як яны з’явіліся ў абвінавачанні?

– Яны знайшлі майго знаёмага, да якога я часта прыязджаў у гараж. Мы там, дарэчы, рабілі перасоўную платформу для барабаншчыкаў. Правялі ператрус і знайшлі лазерныя ўказкі, піратэхніку і нават нейкі гарпун. Да мяне гэта ніякага дачынення не мела.

Але ў мяне быў чат нашага раённага велапрабегу, дзе я выкладваў нумар сваёй карткі: мы збіралі грошы на сцягі, фарбы, іншую атрыбутыку. Следства звязала гэтую картку з піратэхнікай і зрабіла выснову, што яна нібыта набывалася за агульныя грошы для выкарыстання падчас масавых беспарадкаў.

На судзе былі і гэтыя рэчы, і відэазапіс з паказаннямі майго знаёмага. Нават гарпун. На ім не знайшлі ні маіх адбіткаў, ні майго генетычнага матэрыялу, але мяне ўсё роўна з ім звязалі.

Аляксей Санчук у судзе. Фота: «Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода»

– А што ў выніку адбылося з Паўлам, у гаражы якога ўсё гэта знайшлі? Яго самога пасадзілі?

– Не, ён з’ехаў. Я ўсе шэсць гадоў думаў, што, можа быць, была нейкая дамоўленасць: ён дае паказанні, а яго адпускаюць. Калі вызваліўся, пагаварыў з ім. Аказалася, яму далі прыкладна 12 гадзін і сказалі на наступную раніцу з’явіцца ў міліцыю. Ён не з’явіўся – узяў нейкія рэчы і з’ехаў з Беларусі на матацыкле. Пакінуў аўтамабіль, кватэру, усё астатняе.

Шэсць гадоў я яго ў нейкай ступені вінаваціў. Пасля вызвалення пагаварыў – быццам усё стала на свае месцы.

Дзевяць месяцаў ШІЗА і тры спатканні за пяць гадоў

У траўні 2021 года Аляксея прысудзілі да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і абавязалі выплаціць 161,9 тысячы рублёў шкоды «Менсктрансу» праз спыненне грамадскага транспарту падчас пяці пратэставых маршаў. Амаль пяць гадоў ён правёў у шклоўскай калоніі № 17, каля дзевяці месяцаў – у ШІЗА і памяшканні камернага тыпу. У калоніі палітвязень працаваў на розных вытворчасцях: распілоўваў брус у дрэваапрацоўчым цэху, разбіраў старыя правады, каб здабываць медзь і свінец, пазней шыў адзенне і абутак.

ПК-17 у Шклове. Фота: Google Maps

– Што за гэтыя шэсць гадоў было самым цяжкім фізічна і псіхалагічна?

– Самае цяжкае – ізаляцыя ад вонкавага свету і ШІЗА. Гэта халодная маленькая камера, якая пастаянна праветрываецца незалежна ад часу содняў, беднае харчаванне.

Яшчэ зневажальна праходзілі праверкі. Трэба было ўперціся галавой у чырвоную паласу, рукі прыціснуць тыльным бокам да сцяны, максімальна шырока расставіць ногі. Супрацоўнікі падыходзілі ззаду, білі па нагах, аглядалі.

Калі ў ПКТ вялі на прагулку, надзявалі маску на вочы, заломвалі рукі і прымушалі ісці ў напаўсагнутым становішчы. Нейкі час ззаду яшчэ вялі сабаку. Аднойчы кінолаг яе не ўтрымаў, яна ўкусіла мяне за локаць і парвала робу. Да рукі, на шчасце, не дабралася.

– А жонка і дачка маглі прыязджаць на спатканні?

– Напачатку – так. Спачатку было спатканне на трое содняў, праз паўгода – на двое, яшчэ праз паўгода – на содні. І ўсё. За астатнія гады больш не дазвалялі.

Фармальна спатканні ёсць. Але спачатку трэба напісаць заяву, яе павінен падпісаць начальнік атраду, потым аператыўны аддзел. А калі пішаш заяву, раптам пачынаецца праверка: вопіс рэчаў, знешні выгляд – абавязкова знаходзіцца нейкае парушэнне. У выніку заява на спатканне практычна азначала, што можаш трапіць у ШІЗА.

«Яна адна цягнула ўсё»

Пакуль Аляксей знаходзіўся ў зняволенні, яго жонка Ганна адна гадавала дачку, аплачвала адваката, дапамагала выплачваць прысуджаны мужу пазоў і публічна распавядала пра яго справу. Яна давала каментары незалежным медыя, некаторыя з якіх беларускія ўлады пазней прызналі «экстрэмісцкімі». Сілавікі неаднаразова прыходзілі да Ганны з ператрусамі, яе дапытвалі ў КДБ і канфіскоўвалі тэхніку. Але крымінальную справу на яе завялі праз дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY: сям’я атрымала каля 100 долараў. Пазней крымінальны пераслед спынілі і перавялі справу ў адміністрацыйны працэс, а Ганну аштрафавалі прыкладна на 800 рублёў – у некалькі разоў больш за атрыманую дапамогу.

Ганна Санчук у эфіры тэлеканалу «Дождь» у 2021 годзе. Скрыншот тэлеканалу «Дождь»

– Пакуль вы былі ў зняволенні, усё гэта легла на Ганну. Як яна вытрымала гэтыя гады?

– Ёй было вельмі цяжка. У яе быў нервовы разлад, яна хадзіла да псіхолага. Былі неаднаразовыя ператрусы, яе вазілі ў КДБ, дома забіралі тэхніку. Яна чакала судоў, перажывала, што будзе далей.

Я памятаю яе стан – вельмі нестабільны. І лісты былі такія, нібыта яна пастаянна на ўзводзе. Таму што яна адна цягнула ўсё: навучанне дзіцяці, развязанне ўсіх праблемаў, узаемадзеянне з супрацоўнікамі. Усё было на ёй.

Яна справілася. Яна малайчына. Моцная дзяўчына.

– Калі вас пасадзілі, дачка была маленькім дзіцем. Вы выйшлі – перад вамі ўжо падлетак. Ці ўдаецца цяпер зноў стаць для яе татам не толькі фармальна?

– Няпроста. У яе падлеткавы перыяд, ёй патрэбная асаблівая ўвага. Пакуль у мяне не вельмі атрымліваецца, але я імкнуся, каб усё было добра.

Я выйшаў – і дзе мая маленькая дзяўчынка, якая чаплялася за нагу і цягнула мяне гуляць? А гэта ўжо дарослая, сфармаваная дзяўчына.

«У дзень, калі павінен быў з’явіцца ў РУУС, я з’ехаў»

Пасля амаль шасці гадоў зняволення Аляксей выйшаў на волю 6 ліпеня 2026 года. Каля брамы калоніі яго чакала жонка. Але разам дома яны правялі ўсяго некалькі дзён – ужо 9 ліпеня экс-палітвязень з’ехаў з Беларусі.

– Вы да апошняга спадзяваліся, што выйдзеце раней за тэрмін?

– Дзесьці за паўгода да вызвалення я ўжо зразумеў, што даседжу да канца. Але да гэтага надзея была. У 2024 годзе мне прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Я напісаў. Тады многіх выклікалі, прапаноўвалі напісаць, але ў выніку з нашай калоніі адпусцілі літаральна некалькі чалавек. Майго знаёмага вызвалілі, мяне – не.

Потым пачаліся вызваленні палітвязняў. Вядома, мы сачылі за гэтым. Калі вызвалілі Сяргея Ціханоўскага, быў вельмі вялікі душэўны ўздым. Нават супрацоўнікі калоніі перагаворваліся паміж сабой: маўляў, калі Ціханоўскага адпусцілі, значыць, хутка ўсіх выпусцяць.

Кожны раз з’яўлялася надзея. Бывала, чуеш, што павінна выйсці чарговая група, і ўжо думаеш: што мне трэба ўзяць, ці ўсе дакументы і лісты сабраныя. Потым супрацоўнік прыходзіць на вытворчасць, называе прозвішчы – а майго сярод іх няма.

У нейкі момант я перастаў чакаць і проста лічыў дні, гадзіны і хвіліны да канца тэрміну.

– Чаму вы вырашылі з’ехаць з Беларусі так хутка?

– Рызыкаваць не хацеў. Яшчэ за два тыдні да вызвалення выязны суд у калоніі ўстанавіў за мной прэвентыўны нагляд. Пасля вызвалення я павінен быў з’явіцца ў РУУС і стаць на ўлік.

Пры наглядзе трэба ўначы знаходзіцца дома, рэгулярна адзначацца ў міліцыі. Тры парушэнні – і зноў крымінальная справа. Напрыклад, супрацоўнік можа прыйсці з праверкай, пазваніць у дамафон, а ты не паспееш адчыніць – і ён зафіксуе, што цябе не было дома. Я разумеў, наколькі лёгка зноў апынуцца за кратамі.

Пры гэтым афіцыйнай забароны на выезд у мяне ўжо не было. Раней яна дзейнічала праз нявыплачаны пазоў, але я яго пагасіў і загадзя зняў абмежаванне.

У дзень, калі павінен быў з’явіцца ў РУУС, я з’ехаў.

З калоніі – з 60 кілаграмамі і частковай стратай слыху

З зняволення Аляксей выйшаў з вагой каля 60 кілаграмаў пры росце 180 сантыметраў. За некалькі месяцаў на волі яму ўдалося набраць каля 14 кілаграмаў, але наступствы амаль шасці гадоў зняволення нікуды не зніклі.

Аляксей Санчук у Грузіі. Фота з асабістага архіву

– Што цяпер са здароўем? Што з гэтага патрабуе лячэння ўжо ў найбліжэйшы час?

– Ёсць праблемы са слыхам. Я часткова страціў слых на адно вуха. У нейкі момант прачнуўся са звонам у вуху і зразумеў, што горш чую. Ужо каля чатырох гадоў гэта працягваецца, нічога не дапамагае.

Развіўся варыкоз, ёсць іншыя праблемы з венамі. З’явілася кіста ў суставе, патрэбная аперацыя. Патрэбная аперацыя і з нагоды варыкозу. Ёсць змены ў пазваночніку, пагоршыўся зрок, на адным воку прагрэсуе астыгматызм, скрыўленая насавая перагародка. Калі ўсё пералічваць – атрымаецца цэлы спіс.

«Падтрымка патрэбная цяпер, а не праз тры месяцы»

Пасля вызвалення Аляксей спачатку апынуўся ў Грузіі, затым да яго прыехалі жонка і дачка. Цяпер сям’я збіраецца пераязджаць у Польшчу. У новай краіне сям’і давядзецца зноў шукаць жыллё і працу, уладкоўваць дачку ў школу, займацца легалізацыяй. Сам былы палітвязень спадзяецца вярнуцца да зборкі мэблі, якой займаўся да зняволення. На дапамогу сям’і адкрытыя адразу два зборы – BYSOL і на амерыканскай платформе GoFundMe.

Аляксей Санчук з жонкай і дачкой у Грузіі. Фота з асабістага архіву

– Чаму пасля збору BYSOL вы вырашылі адкрыць яшчэ адзін – на GoFundMe?

– Калі я звярнуўся ў BYSOL, мне сказалі пачакаць прыкладна тры тыдні – дачакацца чаргі. Збор меркавалася адкрыць дзесьці на два месяцы. А грошы патрэбныя цяпер, падтрымка патрэбная цяпер, а не праз тры месяцы.

Пакуль чакаў, пачаў дамаўляцца з сяброўкай у Амерыцы, якая дапамагла аформіць GoFundMe. Гэта таксама заняло некалькі тыдняў. У выніку атрымалася, што абодва зборы адкрыліся практычна адначасова.

На BYSOL выставілі суму, якую палічылі неабходнай для іх аўдыторыі. А на GoFundMe – тую суму, якая рэальна можа дапамагчы сям’і стартаваць у новым жыцці і замацавацца.

– Што павінна адбыцца, каб вы нарэшце змаглі сказаць: усё, цяпер мы зноў жывём нармальна?

– На першы час у нас будзе шэлтар. Потым трэба здымаць жыллё – трэба планаваць дзесьці год арэнды. Не ведаю, ці атрымаецца адразу знайсці годную працу і ўтрымліваць не толькі сябе, але і сям’ю.

Патрэбныя грошы на жыллё, ежу, рэпетытараў і навучанне дачкі, курсы. Я хацеў бы атрымаць яшчэ нейкую спецыяльнасць. І хачу купіць інструменты і пачаць мэблевы бізнес з нуля ў Польшчы. Жонка таксама хоча працаваць на сябе ў б’юці-сферы.

Спадзяюся, у яе атрымаецца. Спадзяюся, у мяне таксама.

Ганна Калтыгіна, belsat.eu