Сюжэт такі: менскі экскурсавод разам з жонкай-паэткай ў 2020‑м годзе выехаў у эміграцыю, цяпер у іхнай менскай кватэры жывуць маскалі, якія прыехалі аднекуль з-за Уралу па Праграме, ім прысвоеныя імёны ранейшых жыхароў, то бок «збеглых», яны мусяць «правільна» дажыць іхныя жыцці… Сяргей Дубавец піша пра новы раман Альгерда Бахарэвіча.

Альгерд Бахарэвіч напісаў раман «Падземныя пераходы» — пра ператварэньне беларускага эмігранта ў беларускага бэрлінца, эпіграфам тут магла б стаць культавая фраза Джона Кенэдзі «Я — бэрлінец», яе паўтарае галоўны герой, які ўрэшце і пасяляецца ў доме, у якім калісьці жыў «мэнтальна блізкі» яму Франц Кафка.
Сюжэт такі: менскі экскурсавод разам з жонкай-паэткай ў 2020‑м годзе выехаў у эміграцыю, цяпер у іхнай менскай кватэры жывуць маскалі, якія прыехалі аднекуль з-за Ўралу па Праграме, ім прысвоеныя імёны ранейшых жыхароў, то бок «зьбеглых», яны мусяць «правільна» дажыць іхныя жыцьці. Маскаль выпісаны ў рамане, як савецкі чалавек, народжаны з усьведамленьнем, што ён тут — ратуе, ён выратавальнік, вызваліцель, ён «Спас». І ў тэлефонных сазвонах з бэрлінскім выгнаньнікам гэты Спас спрытна перамагае, нават схіляе бэрлінца да думак пра самагубства. У яго і праца такая — далакоп на могілках.
Яны стэлефаноўваюцца: былы гаспадар менскай кватэры прагне забіць маскаля, які скраў ягонае жыцьцё, а той хоча па-добраму наладзіць адносіны, каб ва ўсім былі мір і згода, ледзь не сяброўства, каб было «ладненька».
Кніга чытаецца на адным дыханьні, яна прыводзіць на памяць то раман Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі» з падобнай тэмай, то кніжку «Каляндар Бахарэвіча», якую я б назваў гераічнай. Усё ж ня кожны здольны штодня на працягу году пісаць на сайт арыгінальнае каляндарнае эсэ са сваім разуменьнем падзеі. Усяго там (за год) 365 твораў. Напэўна, гэты досьвед з гісторыямі, у якіх зашыфраваная інтрыга, прыдаўся экскурсаводу з «Падземных пераходаў».
Але так ці інакш, тэма ўсёй кнігі — хлусьня, розныя формы хлусьні, розныя адносіны да хлусьні і тое, ці гатовыя людзі ў масе сваёй прыняць хлусьню, як свой «правільны» выбар («ведь всё хорошо і мы ў Беларусіі счастлівы, здесь все говорят по-русскі»).
Часам падаецца, што людзі проста прывыклі і да рэжыму, і да небясьпек, да хлусьні і пачынаюць талераваць ці не заўважаць яе. Пра тое ж увесь час «толкует» і прыежджы па Праграме расеец (які ўжо атрымаў свой пашпарт беларуса). Пра гэта нават нямецкія калегі нашых эмігрантаў гавораць як пра нешта малаістотнае. І тут утвараецца дзірка — на месцы свабоды.
Хлусьня сыстэмы, хлусьня выбараў, хлусьня судоў, хлусьня тэлевізара, хлусьня школы… Гэта вялікая хлусьня, бюджэтная, ахоўваная арміяй, міліцыяй і КГБ…
Ёсьць і маленькая хлусьня, якую, бывае, ня так проста і разгледзець. Напрыклад, хлусьня талентаў-няталентаў у літаратуры. І там, у нямецкіх салёнах, гавораць пра гэта, пра бяздарных выступоўцаў перад публікай, якія паўтараюць бясконца тыя самыя словы і якім за гэта плацяць, якія за гэта могуць жыць, таму і езьдзяць эмігранты з гораду ў горад на такія вось сустрэчы-шабашкі. Пры тым свае, нямецкія паэты зь мястэчка Окерло (пра гэта гаворка ў асобным разьдзеле) ніякіх такіх шанцаў ня маюць, бо не «прадаюць» дыктатуру, рэпрэсіі і турмы, чаго ў Нямеччыне няма, а тое, што ёсьць і што яны «прадаюць», ня мае ніякага попыту.
Але гэта хоць і важная, але ўсё ж адна з многіх паралельных лініяў, якіх у рамане шмат. Скажам, мы ўвесь час памятаем, адчуваем, што аўтару споўнілася 50 і гэта (перажываньне ўзросту) таксама адна з нітак раману, як і марныя, па вялікім рахунку, спробы кінуць курыць, пра што чытач не забывае ніколі.

Але галоўнае, усё ж такі, што людзі, якія прыдумалі Праграму, ведалі, «як лёгка пасадзіць нас на кручок сумневу»… Я ўсё ж прывяду гэтую цытату цалкам:
«Недзе ў горадзе Менску спаў Беласьнежка (так галоўны герой называе свайго антыпода, сваю копію, свой «замяніцель») — раскінуўшы над Эўропай сетку вар’яцтва, атручваючы цябе сваім страшным сном, зацягваючы нас з табой у цёмны абсурд ягонай перамогі. Магчыма, сам гэтага не ўсьведамляючы, ён вёў нас да гібелі — і мы не маглі ня йсьці за ім. Тыя, хто прыдумаў усё гэта, — ведалі, як лёгка пасадзіць нас на кручок сумневу, нас, зьнявераных і слабых. Паэтку, якая і без усяляках праграмаў кожны дзень шукала ў сабе апраўданьне свайго існаваньня, і дзікаватага фрыка-экскурсавода, які зарабляў грошы нікому не патрэбнымі легендамі пра даўно памерлы горад. Мы былі ідэальныя мішэні для Праграмы — бо самі ня верылі ў тое, што жывём свае рэальныя жыцьці, а не прыдуманыя намі гісторыі».
Гаворка ідзе пра сумнеў у існаваньні нацыі. Беларускай нацыі. Калі Машэраў зачыніў усе беларускія гарадзкія школы, калі Лукашэнка ўчыніў бязглуздую правакацыю з сымболікай, а ўрэшце зьнішчыў як клясу сялянства, вёску, дзе яшчэ за маёй памяцьцю жыла беларуская мова, дык сёньня яна не жыве нідзе. Пакуты зь беларускай адукацыяй для аднаго дзіцяці (аднаго!) на ўвесь Магілёў ці гісторыя пра менскі садок (гэта ўжо з раману), дзе адзінаму дзіцю, якое гаворыць па-беларуску, прызнаюць адставаньне ў разьвіцьці… Што яшчэ трэба, каб падумаць пра нацыянальнае фіяска. Вядома ж, яно рукатворнае, створанае пэўнымі прамаскоўскімі, а то й проста маскоўскімі кіраўнікамі — гэта і ёсьць вар’яцтва, на якое мусіць хварэць і Менск, і ўся тая вялізная беларуская дыяспара. Гэта хвароба, на якую не хварэе ніводная з суседзкіх нацый. Гэта хвароба непрысутнасьці. Па ідэі, рукатворнасьць мусіла б выклікаць масавы супраціў, прынамсі ў эміграцыі. Так адрэагавала б будзь якая іншая нацыя. Але не беларусы.
Бахарэвіч гэта прачувае сэрцам, глыбока, пераканаўча.
Сапраўды, што за бяда з таго маскаля Беласьнежкі, калі ён не ўпісаны ў сыстэму. Калі ўпісаны, названы мэйнстрымам, «Спасам», падтрыманы амонамі ды губазікамі, зброяй — тады іншая справа.
Праблема не ў паходжаньні, праблема ў іншым — у падсьвядомым адчуваньні нацыянальнай прыналежнасьці і ў празе чалавечай натуры да свабоды. Па адчуваньнях намацваецца працяг тэмы, паднятай колісь Максімам Гарэцкім у рамане «Дзьве душы»:
«— Праўда, мне і з тым і з тым матывам (гаворка пра «Інтэрнацыянал». — С.Д.) аднолькава ўяўляецца тое трагічнае і нялепае для нас, адраджоных беларусаў, што чужыя для нас людзі, не заўважаючы на сабе яшчэ ня скінутай імі сваёй нацыянальнай прапітанасьці, прыйшлі да нас з інтэрнацыяналам толькі на вуснах, зь яго толькі фікцыяй у сваіх мазгох, і з фанатычнай безьміласэрнасьцю ўзяліся рабіць зь беларускай нацыі толькі гной на градкі для ўзрашчываньня сваёй фікцыі інтэрнацыянала. О, будзь яны прокляты! — узварушоным голасам, з горам крыкнула яна. — Яны хочуць зрабіць адзнакі сваёй нацыянальнасьці інтэрнацыяналам для нас, — дык дзякуй за ласку… Можа, трапім увайсьці ў інтэрнацыянал як роўныя з усімі, бяз гэтай дадатковай формы разьвіцьця!»
Трэба проста ўявіць сабе гэты адрэзак часу — 100 гадоў — і ўбачыць саму беларускую ідэю, ці яна зьмянілася за гэты час і як мы самі яе сабе ўяўляем, што ёй пагражае і як мы можам яе ўратаваць, у чым пэўныя, а ў чым не, а ўрэшце — зьняць сябе з кручка сумневу.
