Фядута ў Вільні выступіў з лекцыяй пра схаваныя сэнсы «Каласоў пад сярпом тваім»

Літаратуразнаўца Аляксандр Фядута расказаў, як пісаў і змагаўся за свой рукапіс у зняволенні, чаму лічыць «Каласы» найважнейшай беларускай кнігай ХХ стагоддзя, за што Караткевіча маглі б «праклясці» сучасныя феміністкі і ці існавала насамрэч трэцяя частка рамана.

Аляксандр Фядута. 2 кастрычніка 2026 года. Фота: budzma.org

Аляксандр Фядута — літаратуразнаўца, палітолаг, журналіст і былы палітвязень. У 2022 годзе яго асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі па справе аб «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». 13 снежня 2025 года Фядуту выпусцілі на волю разам з групай беларускіх палітвязняў і вывезлі ва Украіну. Цяпер ён жыве ў Польшчы.

2 кастрычніка Фядута выступіў у Вільні з прэзентацыяй сваёй кнігі «Лексікон «Каласоў пад сярпом тваім»», арганізаванай парталам Budzma.org і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў. Гэта літаратуразнаўчы каментар да рамана Караткевіча, які аўтар пачаў пісаць у 2021 годзе ў СІЗА КДБ.

«У мяне ўпершыню ў жыцці з’явілася шмат вольнага часу»

Як расказвае Фядута, «Каласы пад сярпом тваім» сталі першай вялікай кнігай, якую ён пасля школы прачытаў па-беларуску. Яшчэ задоўга да зняволення літаратуразнаўца лічыў, што раману Караткевіча патрэбны асобны грунтоўны каментар, і спрабаваў заахвоціць да такой працы маладзейшых калег. Але ў выніку ўзяўся за яе сам пасля арышту ў 2021 годзе.

«І тут высветлілася, што ў мяне ўпершыню ў жыцці з’явілася шмат вольнага часу. Таму што па жыцці вольны час — гэта тое, чаго заўсёды не хапае. А калі ты знаходзішся ў следчым ізалятары, часу няма куды дзяваць».

Фядута расказвае, што ў СІЗА КДБ вязні маглі атрымаць неабходныя кнігі. Раз на тыдзень спецыяльны супрацоўнік хадзіў у Цэнтральную кнігарню ў Мінску са спісам кніг, зацверджаным кіраўніцтвам ізалятара. Фядута папрасіў купіць яму «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча.

Свае каментары літаратуразнаўца пісаў ад рукі ў сшытках.

Следчы чытаў рукапіс і пакідаў алоўкавыя пазнакі

Першым чытачом рукапісу быў следчы.

«У адным з сшыткаў ёсць ягоныя алоўкавыя пазнакі. І ведаеце, калі кажуць, што вось гэтыя людзі нічога не разумеюць, — усё яны добра разумеюць», — даводзіць Фядута.

Следчы вылучаў якраз тыя месцы, у якіх найбольш выразна прачытваліся паралелі паміж раманам і беларускімі падзеямі 2020 года.

«Я калі атрымаў гэтыя сшыткі назад з ягонымі пазнакамі і глядзеў, я падумаў раптам, што калі б я быў следчым КДБ, я б пазначыў менавіта гэтыя фразы, гэтыя словы».

Некаторыя месцы рукапісу следчы прасіў Фядуту патлумачыць:

«Я напісаў, што гістарычны Кастусь Каліноўскі — гэта не раманны Кастусь Каліноўскі. Але ўспрымаць мы заўжды будзем Каліноўскага такога, пра якога напісаў Караткевіч. Бо ў барацьбе паміж гісторыкам і пісьменнікам, паэтам, перамагае паэт».

Менавіта гэтую фразу, па словах былога палітзняволенага, следчы падкрэсліў алоўкам. А пасля спытаў, каго той мае на ўвазе пад «гісторыкам».

«І тут я зразумеў, што ў адной з вядомых постацей адзін з дыпломаў — гэта гістарычны дыплом Магілёўскага педагагічнага інстытута! І я сказаў: «Генадзя Васільевіча Кісялёва»», — расказвае з іроніяй Фядута.

Следчы разглядаў магчымасць выкарыстаць напісанае палітвязнем для новай крымінальнай справы. Сам жа Фядута настойваў на тым, каб рукапісы перадалі жонцы.

«Ён зразумеў, што калі рукапісы да мяне не вернуцца, я памру. Гэта адзінае… Я сказаў: «Я не буду прымаць лекі». І праз пэўны час кіраўніцтва Валадаркі, дзе ўсё гэта адбывалася (Фядуту на той момант перавялі ўжо ў СІЗА-1. — НН), і Генеральная пракуратура прымусілі яго гэтыя рукапісы вярнуць», — прыгадвае былы палітвязень і дадае:

«Трэба змагацца. Адзінае, што ў мяне было, гэта жыццё, і трэба было змагацца.

Я змагаўся. Жонка мне сказала, што я дурань. Я сказаў: «Ну так, а што рабіць?» Разумны чалавек наогул бы гэтым не займаўся».

«Самая важная кніга Караткевіча. Але не найлепшая»

«Каласы пад сярпом тваім» — самая важная кніга Караткевіча. Не найлепшая, адразу скажу. Не кніга, якая была б маёй любімай. Любімая ў мяне іншая кніжка ў Караткевіча — «Ладдзя Роспачы»», — прызнаецца літаратуразнаўца.

Важнасць «Каласоў» Фядута звязвае перадусім з тым, што Караткевіч фактычна ствараў беларускую традыцыю гістарычнага рамана. Да яго асобныя спробы гістарычнай прозы былі, але паўнавартаснай традыцыі, супастаўнай з еўрапейскімі літаратурамі, не склалася.

І гэта для Фядуты не проста пытанне літаратурнага жанру.

Гістарычная проза, даводзіць ён, асабліва важная для маладога чытача. Менавіта праз яе чалавек упершыню пачынае ўспрымаць мінулае сваёй краіны не як набор дат, а як уласную гісторыю.

Адным з самых радыкальных рашэнняў Караткевіча Фядута лічыць сам выбар галоўнага героя. У савецкай беларускай літаратуры, дзе нацыянальнае мінулае часта паказвалася перадусім праз сялянскі свет, Караткевіч робіць цэнтральнай фігурай князя.

Алесь Загорскі пры гэтым не проста належыць да арыстакратыі. Увесь раман, па словах Фядуты, расказвае пра паступовае набыццё героем беларускай ідэнтычнасці.

Для гэтага Караткевіч нават прыдумаў звычай «дзядзькавання»: маленькага князя аддаюць на выхаванне ў шматдзетную сялянскую сям’ю Кагутоў. Там хлопчык забывае французскую мову, пачынае гаварыць па-беларуску, прызвычайваецца да простай ежы і да жыцця сялян.

«Далей раман Караткевіча — гэта раман пра тое, як малы хлапец з княскага роду, які спачатку пачынаў размаўляць па-французску, а пасля толькі перайшоў на мужыцкую, беларускую мову, як ён становіцца беларусам».

«Сённяшнія феміністкі, напэўна, праклялі б яго»

Разам з гэтым, па словах Фядуты, «Караткевіч далёка не анёл у сваім рамане. Раман наскрозь маскулінны. Ён напісаны з пункту гледжання мужчыны».

«Сённяшнія феміністкі, каб яны ўдумаліся ў тое, пра што пісаў Караткевіч, яны б, напэўна, праклялі яго», — заўважыў літаратуразнаўца.

Разам з тым жаночыя персанажы ён не лічыць другараднымі. На погляд Фядуты, у рамане ёсць сцэна, роўнай якой няма ў прозе. Гэта размова дзвюх жанчын, якія кахаюць Алеся, — Гелены Карыцкай і Майкі Раўбіч. Алесь, як пераказвае літаратуразнаўца, разрываецца паміж імі, а Гелена прыходзіць да ягонай нявесты, каб паведаміць пра сваё рашэнне: «Я сышла. Каб ён быў шчаслівы».

Таму «Каласы», даводзіць Фядута, трэба чытаць яшчэ і як раман пра каханне.

«Жанчыны — ахвяры. Яны ахвяры свайго кахання. Яны ахвяруюць сабой дзеля кахання», — даводзіць літаратуразнаўца.

У дыскусіі з залы прагучала, аднак, прапанова інакш паглядзець і на гераінь самога рамана: іх учынкі не абавязкова лічыць ахвярніцкімі, калі жанчыны самі робяць свой выбар. З гэтым удакладненнем Фядута пагадзіўся.

«Усе жанчыны, якія атачалі галоўнага героя, — гэта менавіта высокая самаахвярнасць. Гэта не тое, што можна назваць прыніжэннем», — падсумаваў ён.

У сваіх развагах пра ролю жанчын Фядута пайшоў далей за сам тэкст Караткевіча. На яго думку, «жанчыны Беларусі, і не толькі беларускія жанчыны, і польскія таксама, і ўкраінскія — гэта людзі вельмі моцныя».

Ён звярнуў увагу, што нават расійская літаратура XIX стагоддзя адлюстроўвала жанчын з гэтых земляў як актыўную сілу, хоць часта і дэманізавала іх, у тым ліку прыпісваючы ім ролю падбухторшчыц да паўстання.

Фядута прывёў і гістарычны прыклад. Цяпер ён працуе з успамінамі чыноўніка часоў Міхаіла Мураўёва Аляксандра Масолава. У такіх крыніцах, як даводзіць літаратуразнаўца, можна ўбачыць, якую значную ролю віленскія жанчыны адыгрывалі напярэдадні і падчас паўстання 1863—1864 гадоў.

«Каля двухсот жанчын з нашага рэгіёну былі сасланыя ў Сібір. Гэта шмат. Нават святароў […] саслалі меней, чым жанчын», — сказаў Фядута.

Смерць Кроера і смерць Сталіна

Яшчэ адна паралель, якую Фядута знаходзіць у «Каласах», выводзіць далёка за межы эпохі паўстання 1863 года.

У рамане ёсць памешчык Канстанцін Кроер — сваяк маці Алеся. Ён хоча сабраць у сябе Загорскіх, але разумее, што на звычайнае запрашэнне яны не адгукнуцца. Таму Кроер ідзе на падман: паведамляе ім пра ўласную смерць, каб прымусіць прыехаць.

Але пазней «Караткевіч пакарае яго. Калі ён сапраўды будзе паміраць, ніхто з прыгонных не падыдзе да яго і не дапаможа».

Фядута бачыць тут паралель са смерцю Іосіфа Сталіна ў 1953 годзе.

«Вось гэтая смерць Кроера, яна мне асабіста нагадала іншую смерць — 53‑га […] Калі пад Масквой на лецішчы паміраў Сталін, і да яго ніхто не падышоў. Яму далі памерці. Бо зло павінна карацца. Павінна карацца адзінотай і павінна карацца смерцю», — заўважае Фядута.

Ці скраў КДБ трэцюю частку «Каласоў»?

Падчас размовы закранулі і версію аб існаванні працягу рамана. Адпаведна ёй Караткевіч нібыта паспеў напісаць трэцюю частку непасрэдна пра паўстанне 1863—1864 гадоў, але рукапіс трапіў у рукі КДБ.

«Я магу сказаць, што з майго пункту гледжання гэта немажліва», — адзначыў Фядута.

На погляд літаратуразнаўцы, структура рамана сама падказвае, чаму ён заканчваецца да паўстання. «Каласы» — кніга пра «прадвесне», пра абуджэнне грамадства перад вялікім выбухам. А вось працяг патрабаваў бы ўжо зусім іншай размовы.

«Паўстанне 1863—64 гадоў […] было крывавым, і там сапраўды і паўстанцы, і карнікі на чале з Мураўёвым разумелі, што гэта вайна. Адны вешалі і стралялі, другія таксама вешалі і стралялі», — кажа Фядута.

Як тлумачыць літаратуразнаўца, калі б Караткевіч пісаў працяг, то яму трэба было паказаць не толькі рэпрэсіі імперскай улады, але і гвалт паўстанцаў.

«І Караткевіч не стаў пра гэта пісаць», — упэўнены Фядута.

Сваімі думкамі адносна імавернасці існавання працягу «Каласоў», па словах Фядуты, ён падзяліўся з літаратуразнаўцам Сяргеем Шапранам, напісаўшы яму ліст з Валадаркі.

«Ён даслаў мне ліст, дзе сказаў: «Так. Я размаўляў з Рыгорам Іванавічам Барадуліным». А Барадулін і Караткевіч сябравалі. Барадулін сказаў, што ніякай трэцяй часткі насамрэч не было», — згадвае Фядута.

Уладзімір Караткевіч і Рыгор Барадулін трымаюць на руках жонку Барадуліна Валю.

Па яго словах, праз некаторы час Шапран падзяліўся з ім зместам стэнаграмы абмеркавання рукапісу Караткевіча ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, якую знайшоў у архіве.

«Караткевіч кажа, што існуе розніца паміж гісторыкам і пісьменнікам. І ён кажа: «Я не Кісялёў. Я не магу напісаць пра тое, што пасля здарылася з Каліноўскім. Бо напісаць пра гэта, значыцца, трэба напісаць усю праўду». Такім чынам, раман скончаны, трэцяй часткі не будзе».

Падчас дыскусіі з залы адзін са слухачоў адзначыў, што аповесць Караткевіча «Зброя» можна разглядаць як своеасаблівы правобраз магчымага працягу.

Раман «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. Выданне 2017 года. Фота: lohvinau.by

«Энцыклапедыя палітычнага жыцця Беларусі»

Для Фядуты «Каласы» важныя яшчэ і тым, што Караткевіч паказвае розныя шляхі супраціву і розныя адказы на пытанне, дзе праходзіць мяжа дапушчальнага.

«Там ёсць некалькі накірункаў барацьбы […] І сярод іх і змова, і тое, што можна назваць італьянская забастоўка, і паўстанне — усё гэта ёсць».

Таму літаратуразнаўца прапануе глядзець на раман не толькі як на гістарычную рэканструкцыю XIX стагоддзя.

«У гэтым сэнсе Караткевіч — гэта энцыклапедыя палітычнага жыцця Беларусі», — даводзіць Фядута.

Ён гаворыць, што свой «Лексікон» першапачаткова пісаў як дапаможнік для школьнага настаўніка. Але пасля вызвалення літаратуразнаўца даведаўся, што «Каласоў пад сярпом тваім» больш няма ў беларускай школьнай праграме. Таму цяпер ён называе сваю кнігу ўжо не дапаможнікам для настаўнікаў, а кнігай для бацькоў.

Кнігу Аляксандра Фядуты «Лексікон «Каласоў пад сярпом тваім» можна набыць па спасылцы.

Паводле nashaniva.com