
Юрыст Алесь Міхалевіч пракаментаваў «Салідарнасці» новае міждзяржаўнае пагадненне генпракрурораў краін СНД.
Генпракуроры Расіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, паведамляе расійскі РБК.
Цяпер краіны будуць аператыўна абменьвацца інфармацыяй аб тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацыях і асобных людзях, якіх улады лічаць пагрозай бяспецы, гаворыцца ў паведамленні.
Абмен таксама закране звесткі аб замахах на парушэнне суверэнітэту дзяржаў або аб магчымых тэрарыстычных атаках. Асобна ў пагадненні згадваюцца замежныя баевікі, якія вяртаюцца «у дзяржавы свайго паходжання», і члены іх сем’яў.
Пасля падзей 2020 года Узбекістан стаў адным з накірункаў рэлакацыі для беларусаў, найперш для супрацоўнікаў ІТ-сферы.
Акрамя таго, у гэтую краіну стабільна расце паток турыстаў з Беларусі. Толькі за мінулы год яе наведалі больш за 32 тысячы беларускіх грамадзян.
Ва Узбекістане стала пражывае больш за 18 тысяч этнічных беларусаў, не звязаных з найноўшай хваляй эміграцыі. Штогод іх наведваюць сотні сваякоў з Беларусі.
Кіраўнік адвакацкага бюро Legal status Алесь Міхалевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці» расказаў пра рызыкі ад вышэйпамянёнага пагаднення для тых з беларусаў, хто апынуўся ў полі зроку сілавікоў.
Суразмоўца адзначыў, што не мае інфармацыі пра якія-небудзь праблемы ў беларусаў, што знаходзяцца цяпер ва Узбекістане, звязаныя з пагрозай перадачы іх уладам Беларусі. Пры гэтым ён падкрэсліў важны момант:
— Узбекістан у прынцыпе з’яўляецца краінай, якая карыстаецца базай СНД, а гэта значыць — базай, якую вядзе МУС Расійскай Федэрацыі. І ў якую Беларусь вельмі лёгка перадае звесткі пра людзей, якіх пераследуе афіцыйны Мінск. Думаю, што таго ўзроўня супрацы, што быў раней у Беларусі з Узбекістанам, больш чым дастаткова, каб разумець, што гэта небяспечная краіна для людзей з групы рызыкі.
То бок, для незалежных журналістаў, апазіцыйных палітыкаў і актывістаў Узбекістан ні ў якім разе не з’яўляецца бяспечнай краінай.
Алесь Міхалевіч раіць усім, хто ўваходзіць у групу рызыкі, перабірацца з Узбекістана ў больш бяспечныя краіны: «Нават Грузія і Турцыя ў гэтым сэнсе выглядаюць больш бяспечна».
У ідэале кіраўнік Legal status раіць выбіраць для жыцця краіны з высокімі прававымі стандартамі, найперш краіны Еўрасаюза. Альбо, як варыянт, тыя еўрапейскія краіны, што імкнуцца ў ЕС і прытрымліваюцца ягоных стандартаў. Напрыклад, Чарнагорыю.
