Віцебск — адзін з тых беларускіх гарадоў, якія варта не проста аглядаць, а разгадваць. Тут можна за адзін дзень прайсці ад помніка архітэктуры XII стагоддзя да авангарду XX стагоддзя, убачыць адну з нешматлікіх захаваных беларускіх ратуш, зайсці ў старадаўнюю царкву і адшукаць сляды габрэйскага Віцебска.

Дабравешчанская царква
Амаль тысячу гадоў Дабравешчанская царква стаіць на Замкавай вуліцы, непадалёк ад месца, дзе Віцьба ўпадае ў Дзвіну.
Гэта адно з галоўных месцаў, з якога варта пачынаць знаёмства з Віцебскам. Храм узведзены ў XII стагоддзі і лічыцца адным з найважнейшых помнікаў полацкай школы дойлідства.

Cцены храма маюць таўшчыню да паўтара метра! Яны складзеныя з апрацаваных блокаў мясцовага вапняку, якія чаргуюцца з шэрагамі тонкай старажытнай цэглы — плінфы. Такая муроўка вельмі выразна выглядала звонку і вылучала храм сярод большасці іншых беларускіх цэркваў.
У архітэктуры Дабравешчаснкай царквы даследнікі бачаць спалучэнне візантыйскай крыжова-купальнай традыцыі і раманскіх, заходнееўрапейскіх рысаў. Існуе гіпотэза, што храм маглі будаваць майстры з Балканаў, якіх прывезлі полацкія князі пасля вяртання з Візантыі. Гэта не даказаны факт, але вельмі цікавая версія паходжання незвычайнай архітэктуры храма.
Царква мела багаты фрэскавы роспіс — выявы святых і сцэны з біблейскіх сюжэтаў. Да нашых дзён гэтыя роспісы, на жаль, не захаваліся.

У XVII–XVIII стагоддзях храм неаднаразова цярпеў ад ваенных падзей, асабліва падчас Паўночнай вайны (пачатак XVIII стагоддзя).
У 1759 годзе царква атрымала ўжо выразны выгляд позняга барока: з’явіліся новы ўваходны аб’ём, вежы і іншыя элементы. Так старажытны храм паступова ператварыўся ў сумесь розных архітэктурных эпох.
Царква мае вельмі драматычную гісторыю. У савецкі час яе фактычна знішчылі: у 1961 годзе храм падарвалі, бо на ягоным месцы планавалі зрабіць трамвайнае кальцо. Частка сцен аднак ацалела. У 1970-я гады руіны закансервавалі, а ў 1990-я храм аднавілі.
Вуліца Суворава (Узгорская)
Ад Дабравешчанскай царквы прапануем рушыць у бок гістарычнага цэнтру — да вуліцы Суворава, гістарычная назва якой — Узгорская.

Сёння гэта адна з самых утульных пешаходных вуліц Віцебска. Яна праходзіць па тэрыторыі старога Узгорскага пасаду, адсюль і ейная гістарычная назва. Гэтая вуліца — адзін за нешматлікіх участкаў горада, дзе яшчэ можна адчуць структуру гістарычнага Віцебска, нягледзячы на вялікія страты XX стагоддзя.

У XVI–XVII стагоддзях на Узгорскай месціліся Узвядзенская царква і гасцінны двор. Пазней тут паўсталі сінагога, акцызнае кіраванне, мужчынская духоўная вучэльня, а ў пачатку вуліцы стаялі Ратуша і Уваскрасенская царква.
У доме па адрасе Суворава, 3 размяшчаўся Віцебскі мастацкі тэхнікум. Менавіта там да вайны атрымліваў мастацкую адукацыю Васіль Быкаў. Сёння ў гэтым будынку размешчана дзіцячая мастацкая школа.

Гістарычная забудова вуліцы Узгорскай захавалася даволі добра: ёсць будынкі XVIII стагоддзя і вялікі масіў забудовы XIX-пач. ХХ стагоддзя. Напрыклад, дом № 12 датуецца 1799 годам, а былая мужчынская духоўная вучэльня — канцом XIX стагоддзя.

Суворава 34 — дом камунальнага тыпу, пабудаваны з бетону і дрэва ў пачатку 1930-х гадоў. Ён унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Такім чынам, прагульваючыся па вуліцы Суворава, можна за некалькі хвілін перайсці ад старадаўніх камяніц да архітэктуры савецкага авангарду.
Віцебская ратуша
Далей рушым на Ратушны пляц. Віцебская ратуша — адзін з галоўных сымбаляў гораду.

Гісторыя старой ратушы была драматычнай: пасля Віцебскага паўстання 1623 года, калі месцічы забілі уніяцкага архіепіскапа Ясафата Кунцэвіча, Віцебск быў жорстка пакараны. Горад пазбавілі Магдэбургскага права, а ратушу разабралі. Пазней права на самакіраванне вярнулі, і ратушу аднавілі. Але драўляны будынак потым знішчалі пажары 1708, 1733 і 1752 гадоў.
Таму цяперашняя ратуша — фактычна вынік шматлікіх перабудоў на адным і тым жа месцы. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Віцебск апынуўся ў складзе Расейскай імперыі. Новая ўлада зацвердзіла для горада іншы герб. Але на вежы ратушы яшчэ да 1828 года заставаўся стары віцебскі герб з выявай Хрыста. У 1833 годзе на ратушы з’явіўся гадзіннік.
Цяперашні будынак быў узведзены ў 1775 годзе, ён спалучае барочныя і класіцыстычныя рысы.

Цяпер у будынку працуе краязнаўчы музэй, заснаваны яшчэ ў 1918 годзе. У ягонай калекцыі разнастайныя археалагічныя матэрыялы, гістарычныя прадметы і мастацкія творы.
Уваскрасенская царква
У некалькіх хвілінах хады ад ратушы знаходзіцца Уваскрасенскаа царква. Храм мае барочную архітэктуру XVIII стагоддзя, але тут таксама ёсць важная агаворка: сучасны будынак — рэканструкцыя страчанага помніка.

На гэтым месцы храм існаваў ужо ў XVI стагоддзі. Першая вядомая згадка пра драўляную Уваскрасенскую царкву датуецца 1558 годам. Яна стаяла каля рынка, таму і атрымала другую назву — Рынкавая царква.
Мураваную царкву пабудавалі ў 1772 годзе, першапачаткова гэта быў грэка-каталіцкі (уніяцкі) храм.
Будаўніцтва храма фундаваў віцебскі купец Мікалай Смык, таму ў народзе царкву называлі Смыкоўскай.
Архітэктура царквы належыць да стылю віленскага барока. Аўтарства дакладна не ўстаноўлена, сярод магчымых архітэктараў называюць Юзафа Фантану.
Царква незвычайная яшчэ і тым, што яе планіроўка не адпавядае традыцыйнай арыентацыі ўсход-захад. Паводле гарадской легенды, калі Напалеон у 1812 годзе заняў Віцебск, ён быў настолькі ўражаны прыгажосцю храма, што загадаў не разбураць яго, а размясціць там шпіталь.
У студзені 1936 году царкву разбурылі. Афіцыйнай прычынай называлася тое, што будынак «перашкаджаў руху гарадскога транспарту». Пры гэтым яшчэ ў 1920 годзе храм быў унесены ў спіс будынкаў Віцебска, якія падлягалі ахове як помнік гісторыі і архітэктуры.. У XXI стагоддзі храм аднавілі паводле гістарычнага выгляду.
Дом-музей Марка Шагала
На Пакроўскай вуліцы стаіць Дом-музей Марка Шагала, які нарадзіўся ў Віцебску ў 1887 годзе і правёў тут значную частку дзяцінства. Музей размешчаны ў доме, звязаным з сям’ёй мастака.

На мяжы XIX–XX стагоддзяў габрэі складалі значную частку насельніцтва Віцебска. Тут існавалі сінагогі, малітоўныя дамы, школы, майстэрні і гандлёвыя рады. Гэты свет амаль цалкам знік у XX стагоддзі. Але калі ісці па старым Віцебску ўважліва, ягоныя сляды яшчэ можна адшукаць.
Мастацкая вучэльня
Наступны прыпынак — вуліца Шагала, 5а, дзе стаіць будынак Вышэйшай народнай мастацкай вучэльні.

Менавіта тут у пачатку 1920-х гадоў адбыўся адзін з самых незвычайных культурных эксперыментаў у гісторыі Беларусі.
У Віцебску сустрэліся Марк Шагал, Казімір Малевіч, Лазар Лісіцкі, Вера Ермалаева і іншыя мастакі. У 1919 годзе ў горад прыехаў Малевіч. А вакол яго сфармавалася група УНОВІС — «Сцвярджальнікі новага мастацтва».
Для Віцебска гэта быў амаль неймаверны момант. Горад з сярэднявечнай гісторыяй нечакана апынуўся адной з сусветных сталіц авангарду. Тут мастакі спрабавалі змяніць само навакольнае асяроддзе — плакаты, архітэктуру, тэатр, гарадское афармленне.
Сёння гэты эпізод гісторыі горада можна адкрываць праз музейныя экспазіцыі і адноўленыя інтэр’еры. Сам будынак стаў адным з сімвалаў «авангарднага Віцебска».
Сінагога ў Задзвінні
Калі ёсць час, варта перайсці або пераехаць у Задзвінне, на процілеглы бок ракі.
Там Віцебск адчуваецца інакш.

У Задзвінні можна вярнуцца да габрэйскай гісторыі Віцебска. Для гэтага выйдзем на вуліцу Рэвалюцыйную (раней Вялікую Ільінскую), каб пабачыць прыгожы будынак сінагогі.
17 жніўня 1882 года расейскія ўлады дазволілі пабудаваць на Вялікай Ільінскай вуліцы драўляную сінагогу. Ёсць падставы меркаваць, што да яе на гэтым месцы ўжо існавала габрэйская малітоўная пабудова. У красавіку 1904 года ў раёне Ільіншчыны адбыўся вялікі пажар, які закрануў і сінагогу. Пасля гэтага габрэйская грамада пастанавіла збудаваць ужо мураваны будынак. Праект новай сінагогі быў зацверджаны ў траўні 1904 года. Новы будынак меў прыкладна 16,4 × 13,5 мэтры і быў разлічаны на 196 месцаў.
Ёсць звесткі, што сям’я Марка Шагала наведвала гэтую сінагогу. Яны жылі зусім побач — у раёне цяперашняй вуліцы Пакроўскай.

1922 годзе савецкая ўлада забрала срэбра сінагогі. Пад выглядам збору каштоўнасцяў на дапамогу галодным у Паволжы былі канфіскаваныя ўбранні.
16 красавіка 1929 года была прынята пастанова пра ліквідацыю ў Віцебску чатырох сінагог, у тым ліку Вялікай Любавіцкай. Пасля гэтага будынак выкарыстоўвалі зусім не паводле прызначэння: тут былі клуб дрэваапрацоўшчыкаў, аэраклуб, а пазней склады.
На пачатку XXI стагоддзя ад будынка фактычна засталіся сцены і частка фасаду. Сінагога доўгі час стаяла ў руінах і была пад пагрозай поўнага знікнення.
Вялікую Любавіцкую сінагогу аднаўлялі пры ўдзеле віцебскай габрэйскай грамады «Дом Ізраіля», Маскоўскай сінагогі на Броннай і фонду «Шміны». Пры рэстаўрацыі імкнуліся захаваць гістарычны выгляд: для фасадаў выкарыстоўвалі нават старую цэглу канца XIX — пачатку XX стагоддзя.
30 ліпеня 2023 года, пасля амаль стагоддзя забыцця, сінагога зноў адкрыла дзверы.
Касцёл Святой Барбары
Фінал маршруту — Касцёл Святой Барбары, які стаіць на Ленінградскай вуліцы, 27.
Ягоная гісторыя пачынаецца яшчэ ў 1785 годзе, калі побач з каталіцкімі могілкамі пабудавалі невялікі драўляны касцёл. Але той храм, які мы бачым сёння, — вынік вялікай перабудовы 1884–1885 гадоў.

Тады касцёл атрымаў дзве высокія вежы і выразны выгляд неараманскай базілікі. Праект звязваюць з архітэктарам Віктарам Юноша-Пятроўскім.
Храм стаіць на месцы старых каталіцкіх могілак. Паводле даследаванняў, падчас рэстаўрацыі ў падмурках выкарыстоўваліся нават надмагіллі са знішчаных савецкімі ўладамі магіл. Выходзіць, што ў ягоных сценах даслоўна засталася частка старога Віцебска.

Касцёл быў закрыты савецкімі ўладамі, а пазней выкарыстоўваўся не паводле прызначэння. У канцы 1980-х пачаліся работы па ягоным аднаўленні, у1990-я была адноўленая каталіцкая парафія, а ў 1993 — асвечаны адноўлены будынак касцёла.
