«Цалкам знік страх перад уладай. Быць чымсьці незадаволенай – нармальна»

Ілюстрацыйны здымак

Cуразмоўніца «Салідарнасці» – 25-гадовая беларуска з Віцебска. У 15 гадоў Валерыя пераехала ў Расію, каб падрыхтавацца да паступлення ў Санкт-Пецярбургу. Аднак не склалася – праз тры з паловай гады дзяўчына пераехала ва Украіну ўслед за вялікім каханнем. У інтэрв’ю «Салідарнасці» яна распавяла, як выглядае яе жыццё падчас вайны і чаму вырашыла не перарываць кантакт з бацькамі, нягледзячы на непаразуменні.

«Сваякі не верылі: казалі, што я перабольшваю, калі распавядаю пра вайну»

— У дзяцінстве я хадзіла ў мастацкую школу ў Віцебску, дзе былі цудоўныя выкладчыкі. Яны прышчапілі мне любоў да мастацтва і ўвогуле да навучання. Гэта былі цудоўныя часы! Пад канец вучобы выкладчыкі прасілі застацца ў Віцебску, паступіць ва ўніверсітэт Машэрава. Але ў мяне была мара — паступіць у Санкт-Пецярбург, — успамінае Валерыя. — Пасля заканчэння дзевяці класаў пераехала ў Ніжні Ноўгарад, каб працягваць вучыцца і рыхтавацца да паступлення.

Пражыла там тры з паловай гады, але ў выніку не паступіла. У той жа час пазнаёмілася ў інтэрнэце з хлопцам з Украіны. Мы доўга перапісваліся, размаўлялі, ездзілі ў Беларусь знаёміцца з маімі бацькамі. Ён пераехаў да мяне ў Расію, але ўжо праз тры месяцы сказаў, што яму не падабаецца гэтая краіна, што не можа там жыць, і прапанаваў пераехаць ва Украіну.

Я была вельмі закаханая, таму лёгка пагадзілася, нягледзячы на тое, што ўсе сваякі адгаворвалі. Цяжка паверыць, але ў 2020 годзе яны былі ўпэўненыя, што на Храшчаціку за рускую мову могуць ледзь не зарэзаць. Вось так верылі прапагандзе.

Лера і яе хлопец ажаніліся, пасля чаго пэўны час жылі ў Палтаве:

— Памятаю, як заўважыла, што Украіна нагадвае Беларусь больш, чым Расія. Тут нават дыхаецца вальней. Першыя паўгода проста атрымлівала асалоду ад жыцця, а потым пачала шукаць працу. Зразумела, што без вышэйшай адукацыі разлічваць на нейкую профільную і высокааплатную працу немагчыма, таму працавала пераважна ў сферы абслугоўвання: прадавачкай у крамах або барыста.

Размаўляла па-руску, ніякіх праблем не было. Потым уступіў у сілу «моўны закон», паводле якога абслугоўванне павінна адбывацца на ўкраінскай мове. Памятаю, як да мяне падышоў уладальнік крамы і сказаў: «Лера, я памятаю, што ты з Беларусі і не валодаеш украінскай мовай. Але цяпер уступае ў сілу закон. Малаверагодна, што такое здарыцца ў Палтаве, але людзі будуць мець поўнае права напісаць скаргу, калі ты не будзеш абслугоўваць іх па-ўкраінску».

Адказала: «Добра, я паспрабую». Менавіта па-беларуску, а не «спробую» па-ўкраінску. Ён усміхнуўся: «Ну, паспрабуй». Так я пачала размаўляць і вывучыла ўкраінскую мову. Мяне, дарэчы, вельмі часта хваляць. Украінцы любяць хваліць тых, хто вывучыў іх мову.

Пачатак поўнамаштабнай вайны Лера з мужам сустрэлі ўжо ў Кіеве.

— Да канца не магла паверыць, што гэта сапраўды вайна. Памятаю, раніцай 24 лютага прачнулася, пабачыла навіны і падумала: дык мне ісці на працу ці не? І яшчэ пару гадзін чакала, што напіша кіраўніца і спытае, дзе я.

Потым пачаліся выбухі. З нашага вакна было відаць, як гарыць нафтабаза ў Вішнёвым. Вуліцы рэзка апусцелі, амаль перастаў хадзіць транспарт. У крамах пачалі знікаць тавары першай неабходнасці, але ў нашым АТБ заставалася вельмі шмат пярлоўкі. Я яшчэ пажартавала: маўляў, вось так і зразумела, што ўкраінцы не любяць гэтую кашу.

Была нават камічная сітуацыя. Мы пайшлі ў краму па сыр — самы звычайны, танны, кшталту сметанковага. Яго ўжо разабралі, заставаўся толькі камамбер. Нейкі час куплялі гэты камамбер па зніжцы. І я думала: «Як гэта дзіўна: пачалася вайна, а мы ядзім камамбер». Такі сюрэалізм.

Складана было ўявіць, што танкі пайшлі з тэрыторыі Беларусі. Сказаць, што я была ў шоку, — нічога не сказаць. Асабліва жудасным было тое, што сваякі мне не верылі: казалі, што перабольшваю, калі распавядаю пра вайну.

Пісалі і сябры з Расіі, пыталіся, як справы. Адна сяброўка-мастачка намалявала белага голуба міру і нават пачала вывучаць украінскую мову. Але мяне абурала, што ўсе гэтыя людзі працягвалі заставацца ў Расіі. Гэта інтэлектуалы, у якіх ёсць грошы, але яны не выязджалі. Нармальнага адказу на пытанне «чаму?» я так і не атрымала, таму з 2023 года перастала падтрымліваць сувязь з усімі расійскімі сябрамі.

Пры гэтым Валерыя ўспамінае, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны стаўленне ўкраінскіх сяброў і калег да яе не змянілася.

— Усе разумелі, што я заўсёды любіла і падтрымлівала Украіну, што я звычайны чалавек, які, як і астатнія, апынуўся тут падчас вайны. Да таго ж заўсёды намагаюся, наколькі дазваляе заробак, данаціць на патрэбы Украіны, на ЗСУ, пашыраць інфармацыю пра зборы ў сацсетках.

Час ад часу ўдзельнічаю ў розных дабрачынных мастацкіх кірмашах — пасля пачатку поўнамаштабнай вайны зноў пачала маляваць і цяпер нават працую ў сферы дызайну. Частку або ўвесь прыбытак з такіх кірмашоў аддаю на той ці іншы збор.

«Зразумела, дзякуючы размовам з беларусамі, што ў мяне ёсць не толькі сёння, але і мінулае»

Доўгі час, прызнаецца суразмоўніца «Салідарнасці», яна не падтрымлівала ніякіх кантактаў з беларускай дыяспарай ва Украіне. Нават пра падзеі 2020 года ў Беларусі чытала толькі ў навінах, бо была «зусім маладая і зялёная».

— Магчыма, на фоне цяжкага псіхаэмацыйнага стану праз вайну пачала разумець: як бы ні хацела лічыць сябе абсалютнай касмапаліткай, якой не так важна, дзе жыць, усё ж значную частку жыцця правяла ў Беларусі. І не магу пра яе не думаць, не разважаць пра яе лёс. З’явілася чалавечая туга па доме, па нечым знаёмым і блізкім.

На жаль, я не з патрыятычнай сям’і. У нас, па сутнасці, ніколі не было нейкіх асаблівых традыцый. Адзіным святам, якое заўсёды адзначалі, была Радаўніца. І з часам гэта стварыла адчуванне абсалютнай бязроднасці. Адчуваеш сябе тым лістком на ветры, які не ведае, дзе прызямліцца і пусціць карані, таму што свайго нібыта і няма.

Таму вельмі захацелася знайсці кагосьці з Віцебска, хто таксама жыве ва Украіне, паразмаўляць пра нашу Ратушу, карціны, Марка Шагала, пра Дзвіну, Полацкі рынак і іншыя рэчы, якія можа ведаць толькі чалавек з Віцебшчыны.

Пачала знаходзіць такіх людзей, і цяпер у мяне шмат кантактаў з беларускай дыяспарай ва Украіне. Дзякуючы гэтым размовам зразумела, што ёсць не толькі сёння, але і мінулае. Бо праз вайну ўзнікла адчуванне, што будучыні ўжо няма. А праз гэтую бязроднасць нібыта не адчувалася нават мінулага.

Калі ўкараняю ў сабе гэтае мінулае, магу жыць сённяшнім і спадзявацца на будучыню. Больш за тое, цяпер нанова пераасэнсоўваю сваю беларускасць. Мне здаецца, што ў асяроддзі, у якім я расла ў Беларусі, беларуская ідэнтычнасць знішчалася — і я была ахвярай гэтага працэсу.

Напрыклад, памятаю такія моманты. У нашым двары была дзяўчына, якая «шокала», «гэкала» і вельмі любіла казаць слова «аттудава». У нас, іншых дзяцей, гэта выклікала смех, хтосьці казаў: маўляў, вось, прыехала з вёскі. З беларускай мовай мы сутыкаліся рэдка. З 27 чалавек у класе быў толькі адзін беларускамоўны хлопец.

Памятаю і тое, як настаўніца беларускай мовы расказвала, што падчас экскурсіі ў Вільню ўсе пайшлі па нейкіх барах, а яна — на могілкі да беларускіх дзеячоў. І клас з яе смяяўся: маўляў, во дурніца, абрала могілкі замест весялосці.

Мне сорамна гэта ўспамінаць. І сумна. Асабліва ўсведамляць, што такая гісторыя не толькі ў мяне. Сёння пераасэнсоўваю гэты досвед, больш паглыбляюся ў беларускую гісторыю, музыку, літаратуру.

Дарэчы, заўважыла, што ў беларускай і ўкраінскай літаратурах шмат падобных матываў. У дзяцінстве нам здавалася, што беларуская літаратура — толькі пра пакуты сялян. А цяпер бачу, што яна, як і ўкраінская, шмат у чым пра задавальненне, радасць, маленькія моманты, якія сапраўды надаюць жыццю сэнс. Возьмем нават верш са школьнай праграмы «Пад-над белым пухам вішняў». Далікатны, тонкі, прасякнуты спакойнай філасофіяй.

Апошні раз беларуска была на радзіме ў 2021 годзе.

— Бацькі дагэтуль кажуць, што чакаюць мяне. Але адкрыта адказваю, што не магу прыехаць. Па-першае, не магу здрадзіць людзям, якіх знайшла ва Украіне: сябрам, блізкім. У многіх знаёмых родныя ваююць, зніклі без вестак або загінулі. Не ўяўляю, як пры гэтым магу паехаць у Беларусь і сказаць: ведаеце, я па-за палітыкай, проста жыву ў краіне, дзе ідзе вайна.

Па-другое, гэта небяспечна, бо раблю данаты на ЗСУ. І ўвогуле не бачу іншага выйсця, акрамя як працягваць жыць тут, а не ў краіне, дзе давялося б рабіць выгляд, нібы нічога не адбываецца.

Нягледзячы на палітычныя непаразуменні, Лера захоўвае кантакт з бацькамі. Гэта няпроста, але дзяўчына тлумачыць, чаму прыняла такое рашэнне.

— Яшчэ да пераезду ва Украіну ў нас з бацькамі не было даверлівых адносін. Калі пачалася поўнамаштабная вайна, спрабавала даказаць, што лепш ведаю ўнутраную сітуацыю, бо знаходжуся тут. Але ім здавалася, што я падманваю. Вядома, былі скандалы, доўгія ўгаворы вярнуцца ў Беларусь. Быў перыяд, калі мы не размаўлялі некалькі месяцаў.

З часам кантакт аднавіўся. Маці абрала тактыку замоўчвання. А калі і гаворыць на гэтыя тэмы, то з пазіцыі «не ўсё так адназначна». Неяк сказала: «Лера, я праязджала праз Белгарад і бачыла сляды на дамах пасля прылёту ўкраінскіх ракет». Я адказала: «Памнож на дзесяць — і гэта адна звычайная ноч у Кіеве».

У бацькі ўвогуле няма ўяўлення пра сучасную вайну. Ён лічыць: калі я магу дазволіць сабе схадзіць у кінатэатр або летам паехаць у Адэсу, то гэта нібыта ўжо не зусім вайна. Для яго вайна — гэта голад, блакада горада і гэтак далей.

Тэму вайны з бацькамі не абмінаю, адкрыта кажу, што думаю. Гэтак жа і пра сітуацыю ў Беларусі. І заўважыла цікавую тэндэнцыю: яны зразумелі, што адбываецца нешта не тое, толькі калі рэпрэсіі закранулі іх сваякоў. Быў вялікі перапалох, пачалі патроху задумвацца. Пяць гадоў спатрэбілася людзям, каб пачаць падазраваць, што «краіна для жыцця» не такая ўжо і «для жыцця».

Спадзяюся, з часам яны лепш зразумеюць, што адбываецца і ў Беларусі, і ва Украіне. Лічу, што ўрэшце Беларусь стане дэмакратычнай краінай, гэта непазбежна. І ўсім стане лягчэй.

А чаму я захоўваю гэты кантакт? Проста больш у мяне няма сваякоў. За час эміграцыі памерлі трое блізкіх. Яны паміралі ў пакутах, а я не магла быць побач. Не змагла нават прыехаць на пахаванні. Адчуваю праз гэта віну.

Бацькі — апошні якар, які яшчэ хоць неяк мяне трымае. Я хацела перапыніць кантакт, але не змагла. Выбіраю захоўваць хоць нейкія адносіны дзеля ўласнага псіхалагічнага самазахавання.

«Кіеўляне вельмі стомленыя, але не зламаныя»

Разважаючы пра тое, як змянілася жыццё падчас вайны, дзяўчына адзначае, што амаль перастала будаваць планы.

— Ведаю, што ў кастрычніку будзе невялікая падзея ў Кіеве — трэба да яе дажыць, а там паглядзім. Ці буду святкаваць Новы год? Не ведаю. Ці будзе гэтай зімой гарачая вада, электрычнасць? Таксама не ведаю.

Падчас вайны асабліва адчуваецца хуткаплыннасць жыцця: разумееш, што ў любы момант усё можа скончыцца. Таму найчасцей проста плывеш па цячэнні, але пры гэтым спрабуеш лавіць момант.

Цяпер у Кіеве крыху зменшылася культурнае жыццё: масавыя мерапрыемствы адмяняюць дзеля бяспекі. Нічога. Галоўнае, каб усе засталіся жывыя. У людзей цяпер вельмі высокая трывожнасць, сон стаў чуллівым і кепскім. Многія не высыпаюцца, таму ўсё больш залежаць ад кафеіну.

Шмат хто з’язджае з Кіева. Ведаю, што ў Закарпацці выраслі кошты на жыллё, бо кіеўляне на зіму едуць на захад. Але ў маім асяродку ўсе вырашылі застацца. Мы з мужам таксама. Ён праз стан здароўя можа выехаць з Украіны, але ён сапраўдны патрыёт — мы не хацелі б пакідаць краіну ў такі цяжкі час.

Людзі кажуць: нават калі зноў не будзе ацяплення, святла, вады — усё роўна нешта прыдумаем. Хтосьці ўжо загадзя рыхтуецца: запасае ваду, дамаўляецца, да каго пры неабходнасці можна будзе прыйсці.

Вядома, усе вельмі стомленыя. Але не зламаныя. Мае знаёмыя захоўваюць аптымізм і працягваюць жыць. Нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Кіеве пагаршаецца, крыніца жыцця ў гэтых людзях здаецца проста невычэрпнай. Яны будуць жыць насуперак.

— У 2026 годзе стаўленне ўкраінцаў да беларусаў значна палепшылася — пра гэта сведчаць дадзеныя сацапытання Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера». Як беларуска, якая жыве ва Украіне, як вы думаеце, што на гэта паўплывала?

— На маю думку, ёсць два фактары: беларусы ў самой Беларусі і беларусы ва Украіне. Калі казаць пра другіх, то гэта, па-першае, беларускія добраахвотнікі. Гэтыя людзі яшчэ з 2014 года крывёй адмываюць рэпутацыю Беларусі. Жахлівая цана, якую яны плацяць. І толькі дзякуючы ім мы, іншыя беларусы, можам працягваць тут жыць.

Па-другое, гэта беларускія валанцёры, якія шмат дапамагаюць украінскаму войску, і актывісты, хто ладзіць розныя падзеі, акцыі салідарнасці.

Калі казаць пра беларусаў унутры краіны, то станоўчую ролю адыгрывае беларускамоўны кантэнт, якога апошнім часам становіцца ўсё больш. Павялічваецца колькасць беларускамоўных блогераў, ютубераў. Вельмі часта пад такімі допісамі можна сустрэць каментары ўкраінцаў кшталту: «Ой, а я ўсё зразумеў, мне не патрэбны перакладчык. Божа, якая цудоўная мова».

Увогуле ўкраінцы пачынаюць разумець, што ёсць беларусы, якія размаўляюць на сваёй мове, не падтрымліваюць рэжым і хочуць, каб вайна як мага хутчэй скончылася перамогай Украіны. А ёсць рэжым Лукашэнкі. І гэта розныя рэчы. Думаю, станоўча паўплываў і прыезд Святланы Ціханоўскай у Кіеў.

— Як жыццё ва Украіне паўплывала на вас як на асобу?

— Не ведаю, ці гэта ўзрост, ці жыццё ва Украіне, але ў мяне цалкам знік страх перад уладай. У Беларусі асабліва з ёй не сутыкалася, бо з’ехала ў 15 гадоў. У Расіі амаль ні з кім не было размоў пра палітыку — толькі з адным знаёмым, які працаваў у штабе Навальнага. Усе астатнія казалі мала і ціха.

Калі толькі прыехала ва Украіну, баялася, што варта напісаць ці сказаць нешта не тое — і мяне адразу дэпартуюць. Але з часам зразумела: быць чымсьці незадаволенай — нармальна. Можна змагацца за сябе, спрачацца, пісаць лісты. Увогуле ва Украіне я адчула свабоду ў паветры. Больш не баюся сказаць нешта не тое, альбо што нехта падумае пра мяне не так.

Кацярына Батлейка, gazetaby.com