Дзярждэп ЗША пакінуў Беларусь сярод дзяржаваў, якія займаюцца гандлем людзьмі

Дзярждэпартамент ЗША / Alex Wong/Getty Images

Беларусь — адна з 12 дзяржаваў у свеце, у якіх пацверджаная “палітыка ці практыка” гандлю людзьмі. Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе Дзярждэпартамэнта ЗША пра гандаль людзьмі ў свеце.

Наша краіна трапіла ў спіс такіх дзяржаваў яшчэ ў 2024 годзе. Таксама ў пералік тады ўвайшлі Афганістан, М’янма, Кітай, Куба, Эрытрэя, Іран, КНДР, Расія, Паўднёвы Судан, Судан, Сірыя. Сёлета Сірыю са спісу выключылі.

Як адзначаюць у Дзярждэпе, у гэты пералік трапляюць дзяржавы, у якіх назіраюцца прыкметы гандлю людзьмі ў фінансаваных дзяржавай праграмах, практыкі прымусовай працы ў розных сектарах, сексуальнага рабства ва ўрадавых лагерах, вярбоўкі дзяцей-салдат.

Беларусь атрымала ў ім рэйтынг трэцяга ўзроўню. Да яго адносяць краіны, якія не цалкам выконваюць мінімальныя стандарты амерыканскага закона і не прыкладаюць намаганні, каб адпавядаць гэтым стандартам.

У дакладзе адзначаецца практыка “працатэрапіі” ў дачыненні да асоб з алкагольнай залежнасцю, палітзняволеных. Таксама згадваецца, што беларускія ўлады не правяраюць на прыкметы гандлю людзьмі грамадзян трэціх краін і асоб, якія шукаюць прытулку. Згадвае Дзярждэп і “зачыстку” грамадскага сектару, у тым ліку арганізацый, якія аказваюць падтрымку ахвярам гандлю людзьмі.

Знайшлося месца ў дакладзе і згадкам пра ўкраінскіх дзяцей, якіх вывозяць у Беларусь з 2022 года.

Згаданы і міграцыйны крызіс, які доўжыцца не першы год: “Беларускія ўлады працягваюць садзейнічаць незаконнай міграцыі ў Латвію, Літву і Польшчу, а таксама ўезду ў Беларусь тысяч мігрантаў і асоб, якія шукаюць прытулку, з краін Блізкага Усходу, краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары і Цэнтральнай Азіі; гэтыя мігранты і асобы, якія шукаюць прытулку, застаюцца ўразлівымі для гандлю людзьмі”.

Як адмоўны прыклад згадваецца практыка суботнікаў: “Гістарычна склалася так, што за адмову ад удзелу ў суботніках асобныя асобы падвяргаліся рэпрэсіям з боку ўрада. У мінулыя гады назіральнікі паведамлялі, што ўлады пагражалі асобам, якія адмовіліся працаваць, штрафамі або нявыплачанымі прэміяльнымі выплатамі”. Пры гэтым цягам апошніх пяці гадоў звестак аб пакараннях за адмову ад суботніка не было.

Аднак у ЗША заўважаюць і пазітыўныя крокі беларускіх уладаў. У 2025 годзе былі расследаваныя адна справа пра гандаль людзьмі, звязаная з сэксуальнай эксплуатацыяй, і тры — з працоўнай.

euroradio.fm