
Віктар Келер перабраўся з Украіны ў Беларусь яшчэ юнаком, адвучыўся ў каледжы і шукаў працу дальнабойшчыка.
Віктару Келеру 25 гадоў. Ён з украінскага Мікалаева. Яшчэ падлеткам хлопец перабраўся ў Беларусь — магчыма, разам з роднымі. У 2019 годзе ён скончыў школу №6 у Мазыры, а пасля паступіў у Мазырскі дзяржаўны політэхнічны каледж, дзе ў 2021 годзе атрымаў спецыяльнасць муляра-бетоншчыка.
Пасля вучобы Віктар шукаў працу шафёра-міжнародніка і быў гатовы да пераезду. У сваім рэзюмэ ён пісаў пра сябе: «Адданы справе. Гатовы навучацца новаму».
Нядаўна Гомельскі абласны суд вынес маладому чалавеку прысуд па дзвюх частках крымінальнага артыкула (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК). Яго абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Дакладныя дэталі справы невядомыя, але звычайна па гэтым артыкуле ў Беларусі судзяць па справе Гаюна.
У канцы ліпеня 2026 года прысуд набыў законную моц.
Падобна, што Келеру прысудзілі хімію з накіраваннем.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Паводле падлікаў аб’яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
