Літва не будзе абмяжоўваць выдачу беларусам віду на жыхарства

Сейм Літвы 4 красавіка прыняў закон, у якім прапісаны розныя абмежаванні для грамадзян Беларусі і Расіі. У першапачатковым варыянце закона прапаноўвалася перастаць выдаваць ВНЖ Літвы і забараніць купляць нерухомасць грамадзянам Беларусі.

У апошнім варыянце гэтыя абмежаванні закранулі толькі расійцаў: ім не будуць даваць ВНЖ Літвы, за некаторым выключэннем (напрыклад, наяўнасць ВНЖ іншай краіны ЕС), забароняць купляць нерухомасць (калі няма ВНЖ Літвы).

Планавалася таксама ўвесці забарону на прыняцце расійцаў і беларусаў у грамадзянства Літвы, але гэтага вырашылі не рабіць.

У законе прапісана таксама прыпыненне выдачы віз грамадзянам Беларусі і Расіі, якое фактычна даўно ўжо дзейнічае. Выключэнне — выпадкі, калі заяву падаюць пры дапамозе МЗС Літвы.

Плануецца, што закон будзе дзейнічаць з 3 мая 2023 года па 2 мая 2024 года.

Дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр тлумачыць, што можа змяніцца для беларусаў.

— Ранейшая рэдакцыя законапраекта ўстанаўлівала сур’ёзныя абмежаванні ў дачыненні да беларусаў у магчымасці атрымання віз, падачы на від на жыхарства, грамадзянства, статусу е-рэзідэнцтва і ў атрыманні электроннага подпісу.

Згодна з афіцыйным рэлізам на сайце Сейма, які з’явіўся адразу пасля правядзення галасавання па праекце закона, у канчатковай рэдакцыі законапраекта засталіся наступныя абмежаванні:

  • прыпыненне падачы заяў на атрыманне візы ў візавых службах Літвы за мяжой за выключэннем выпадкаў, калі пасрэднікам выступае МЗС Літвы. Гэта абмежаванне ўжо дзейнічала ў дачыненні да беларусаў і ўведзена падчас надзвычайнага становішча ў Літве.
  • атрыманне статусу е-рэзідэнцтва і электроннага подпісу для грамадзян Беларусі, за выключэннем тых, хто мае часовы ці пастаянны від на жыхарства ў Літве. Звяртаем увагу, што часовы від на жыхарства таксама адзначаны ў афіцыйным рэлізе Сейма. Фактычна, раней статус е-рэзідэнцтва і электронны подпіс маглі атрымаць менавіта тыя людзі, якія трапляюць у выключэнні з гэтых абмежаванняў.
  • увоз на тэрыторыю Літвы ўкраінскіх грыўняў.

Падчас заканатворчага працэсу Офіс камунікаваў з прадстаўнікамі палітычных партый, распрацоўшчыкамі законапраекта, прадстаўнікамі ўлады Літвы. Падчас камунікацый была даведзена пазіцыя пра недапушчальнасць абмежаванняў і прапановы, распрацаваныя юрыстамі Офіса, аб іх змякчэнні, якія ў выніку былі ўлічаны падчас другога чытання ў Сейме.

Выключаны абмежаванні па падачы на від на жыхарства, грамадзянства і падачы на е-рэзідэнцтва.

Адзначым, што заканатворчы працэс не скончаны. Згодна з Канcтытуцыяй Літвы, закон павінен падпісаць прэзідэнт ці накіраваць для паўторнага разгляду з указаннем прычын.

novychas.online