За што гаспадар хутара Камарышкі з Астравеччыны атрымаў міжнародную экалагічную прэмію?

Днямі Аляксандр Дарашэвіч — гаспадар хутара Камарышкі, што на Астравеччыне, — атрымаў сертыфікат пераможца прэміі «Энергетычны глобус». Журы адзначыла праект па вырабе і ўстаноўцы калод для пчол. Урачыстае ўзнагароджанне зладзілі ў sos-вёсцы ў Бараўлянах, паведамляе Facebook «Рэгіянальнай газеты».

— Наша аграэкасядзіба арганізоўвае і ўдзельнічае ў многіх праектах, накіраваных на захаванне біяразнастайнасці. Гэта значыць, мы ўдзельнічаем у рашэнні задач, накіраваных на Устойлівае Развіццё. Адзін з праектаў — гэта выраб і ўстаноўка калод для пчол альбо бортніцтва, якое ўнесенае ў сусветную спадчыну. Мы лічым, што ўнікальнасць нашага праекта ў тым, што памяняныя прыярытэты. Бортніцтва — промысел, накіраваны на атрыманне экалагічнага прадукта — мёду. А наша мэта — стварэнне ўмоў для жыцця дзікіх пчол. Калі яны засяліліся ў калоды, усё для іх спрыяльна і ёсць лішкі мёду, то яны ім з намі падзеляцца, — так апісаў свой праект Аляксандр Дарашэвіч.

Сусветная прэмія за ўстойлівае развіццё «Энергетычны глобус» («Energy Globe») — на сёння з’яўляецца самай вядомай экалагічнай прэміяй ва ўсім свеце, заснаванай амерыканскім агенцтвам Arthur D. Little. Для ўдзелу можна прадстаўляць праекты, якія абараняюць наша навакольнае асяроддзе. Удзельнічаюць прыватныя асобы, кампаніі і НДА. Удзел бясплатны. Усё праекты могуць разглядацца як на нацыянальнай. так і на глабальнай аснове. Праект пра бортніцтва перамог на нацыянальнай аснове.

budzma.org