Настаўнік, афіцэр, удзельнік Слуцкага збройнага чыну. Кім быў бацька Аляксандра Надсана?

У польскай вёсцы Будзуў знайшлася магіла Антона Бочкі — бацькі айца Аляксандра Надсана, удзельніка Слуцкага збройнага чыну і афіцэра Беларускай Краёвай Абароны. Мясцовыя жыхары захавалі памяць пра яго як пра настаўніка матэматыкі, але амаль нічога не ведалі пра ягонае беларускае мінулае.

Сакрэтаў вакол постаці а. Аляксандра Надсана і ягоных бацькоў становіцца ўсё менш. Якраз у год стагодзьдзя слыннага лёнданскага беларуса ўдалося выйсьці на сьлед ягонага бацькі — Антона Бочкі (1889–1973). У адрозьненьне ад свайго вядомага сына, бацька, Антон Бочка, — ня менш адметная постаць у беларускай гісторыі — быў забыты і вядомы хіба гісторыкам, якія дасьледуюць Слуцкі збройны чын. У жыцьцяпісе айца Аляксандра бацька займаў зусім мала месца, амаль не згадваўся, што наводзіла некаторых блізкіх айца на думку пра няпростыя стасункі паміж сынам і бацькам. Як бы там ні было, але партрэт айца Аляксандра будзе няпоўны без гісторыі ягонага бацькі.

Адзін сьлед — ліст бацькі да маці а. Аляксандра — захоўваецца ў архіве Скарынаўкі. Па ўсім відаць, ён трапіў туды разам з дакумэнтамі і здымкамі маці, якія перадалі айцу зь Беларусі. Вядома, што пасьля вайны, зьехаўшы на Захад, сын так і ня пабачыўся з бацькамі. Гісторыя, добра знаёмая і зразумелая многім сучасным беларусам…

Жыцьцяпіс Антона Бочкі кампактны, але вельмі насычаны і гераічны. Ён быў беларусам, паходзіў з сялянаў Менскай губэрні. Па адукацыі — настаўнік, выпускнік Віленскага настаўніцкага інстытуту, а таксама «прапаршчык» пасьля заканчэньня Віленскай пяхотнай вучэльні (1 кастрычніка 1915 году). У часе Першай сусьветнай вайны быў афіцэрам расейскай арміі, пасьля вайны — прыхільнікам БНР і генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. Удзельнічаў у Слуцкім збройным чыне. Разам з А. Анцыповічам і Я. Мацэлем уваходзіў у «вайсковую тройку», якая арганізавала своеасаблівую вайсковую структуру БНР. Падчас Другой сусьветнай вайны быў афіцэрам Беларускай Краёвай Абароны — вайсковага фармаваньня, створанага ў Генэральнай акрузе «Беларусь» у 1944 годзе, якое ў будучыні павінна было стаць ядром нацыянальных узброеных сілаў незалежнай Беларусі. 

З будучай жонкай і маці а. Аляксандра, Ганнай Давыдавай, ён пазнаёміўся ў Клецку ў пэрыяд з 1920 да 1924 году. У той час Ганна настаўнічала ў прыватнай сярэдняй школе. У 1924 годзе яны пабраліся царкоўным шлюбам. Ад таго часу жылі ў Гародзеі. У 1926 годзе нарадзіўся Аляксандар Бочка (радзей — Бачко). Няма ніякіх зьвестак пра тое, ці быў шлюб удалы, ці была сям’я шчасьлівая. Няясныя згадкі айца Аляксандра пра дзяцінства і бацькоў не даюць магчымасьці скласьці цэласную карціну.

У 1930-я гады, калі гэтыя землі ўваходзілі ў склад Польшчы, Антон Бочка настаўнічаў. Пасьля вайны ён зьнік, імаверна, зьехаў далей на Захад, каб схавацца ад савецкай улады. У 1970 годзе ён напісаў з Польшчы, з-пад Уроцлаву, з вёскі Будзуў, ліст сваёй былой жонцы. Пацікавіўся як ейным лёсам, так і лёсам сына Шуры. Мяркуючы з абставінаў, разам яны ўжо не жылі і, хутчэй за ўсё, разьвяліся. Ліст захоўваецца ў асабістым архіве а. Аляксандра Надсана ў Скарынаўцы.

Краявід Будзуву

Сёлета ў лістападзе, пасьля шматлікіх марных спробаў зьвязацца з мясцовымі гміннымі ўладамі праз электронную пошту, удалося даехаць у сылескі Будзуў (Сташавіцкая гміна, Замбкавіцкі павет, Ніжнесылескае ваяводзтва), каб на месцы пашукаць сьлядоў Антона Бочкі. І магілкі загаварылі…

«Пана Антонія» — так называлі яго на новай радзіме — у Будзуве не забылі. Мясцовыя жыхары прыгадалі яго як «матэматыка» і скіравалі да дому, дзе ён жыў. Там цяпер жыве пані Марыя з мужам. Яны добра памятаюць Антонія Бочку, дом якога пазьней набылі. Дзяўчынкай пані Марыя ведала яго як рэпэтытара па матэматыцы. Да яго зьвярталіся многія, і ён дапамагаў ім падцягнуць веды ў гэтай дысцыпліне. Як тут не прыгадаць матэматыка Аляксандра Надсана! Прынамсі, матэматыка яднала сына і бацьку. А апісаньне «высокага і прыстойнага пана Антонія» адразу выклікала асацыяцыі з рослым айцом Аляксандрам.

Касьцёл сьв. Ляўрэнція ў Будзуве

Праўда, пра беларускую тоеснасьць Антона Бочкі ніхто не згадаў. Мусіць, з меркаваньняў бясьпекі ён не афішаваў свайго паходжаньня. Але будзуўцы ведалі, што прыехаў ён аднекуль з Усходу. Ва ўспамінах згадваўся Львоў: ці то праз памылку, ці то таму, што сам Антон Бочка так падаваў сваё месца паходжаньня.

Зрэшты, ёсьць яшчэ адна цікавая гісторыя з жыцьця «пана Антонія» — ягоны другі шлюб. З першай жонкай Ганнай ён ня жыў. Пасьля вайны зьехаў у Сылезію, асеў у Будзуве, новай сям’і не стварыў і, паводле ўспамінаў, жыў адасоблена, як самотны пан. Аднак у ягоным доме была гаспадыня, якая дапамагала па гаспадарцы: гатавала, даглядала дом і вяла хатнія справы. На сьмяротным ложы Антон аформіў шлюб з гэтай гаспадыняй, Паўлінай, якая стала Бочкай — «пані Бачковай». Зрабіў ён гэта не з каханьня, а каб гаспадыня не апынулася на вуліцы. Такім парадкам яна атрымала ў спадчыну дом Антона Бочкі.

Тое, што сапраўднай сям’ёй яны не былі, знайшло пацьвярджэньне і на могілках: пані Паўліна не захацела быць пахаванай побач з «мужам». Як прыгадала пані Марыя, якая цяпер жыве ў доме Бочкаў, Паўліна заўсёды трымала дыстанцыю ад гаспадара, лічыла сябе «служкай». Яна была «моцнай каталічкай», а ён «ня верыў» — так апісалі Антонія цяперашнія гаспадары ягонай сядзібы.

У далёкай польскай Сылезіі, у вёсцы Будзуў, цяпер ёсьць беларускае месца, куды можна завітаць, каб наведаць магілу Антона Бочкі — настаўніка, матэматыка, беларускага змагара, удзельніка Слуцкага збройнага чыну, бацькі Аляксандра Надсана. Няма сумневу, што ён паўплываў на жыцьцёвыя выбары сына, які стаў «добрым беларусам».

Уладзіслаў Гарбацкі, novychas.online,
фота аўтара