“Беларусь у фантастычных апавяданнях”: літаратурныя падарожжы з Андрэем Хадановічам.
Чатыры размовы пра класічную і сучасную беларускую літаратуру. Пра аўтараў у часы, калі беларусы ўжо мелі такую назву – і яшчэ не мелі яе, карысталіся беларускай мовай – і іншымі мовамі, ад сераднявечнай лаціны да ідышу міжваеннага часу. Пра выпадкі, калі пісьменнікі пісалі па-польску, але належаць Беларусі ў большай ступені, чым Польшчы. Пра важнасць перакладаў, што захоўваюць актуальнасць, якую ў значнай ступені ўжо страцілі арыгіналы. Пра белую (часам бел-чырвона-белую) магію літаратурнага тэксту, якая пераадольвае геаграфічныя, часовыя і лінгвістычныя межы. Нам усім на радасць.
Сустрэча першая: Францыск Скарына vs Мікола Гусоўскі: як сышліся супрацьлегласці.
Што яднае паляўнічага-лучніка і доктара лекарскіх навук? Як першы робіцца паэтам, а другі – перакладчыкам і друкаром? Што мы ведаем (і чаго не ведаем) пра аўтараў? Якія аўтапартрэты пакінулі яны ў сваіх творах? Якую стратэгію абралі: апавядаць “вялікаму свету” пра нас альбо нам пра “вялікі свет”? І як праз 500 гадоў гэта так ці іначай ператворыцца ў аповед пра нас саміх для нас жа. Як вырашылі дылему: родная мова ці мова-пасярэдніца? І як праз 500 гадоў і тое, і гэтае будзе патрабаваць перакладу? Хто найлепей пераклаў Гусоўскага з лаціны, а Скарыну – з беларускай?
• Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, эсэіст і выкладчык літаратуры. Аўтар 10 кніг паэзіі і аднаго зборніка вершаў для дзяцей. Перакладае паэзію з французскай, ангельскай, польскай, украінскай моваў. Выкладаў літаратуру ў Менску – на філфаку БДУ і ў Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, а таксама вёў заняткі ў “Беларускім Калегіюме” і ў “Перакладчыцкай майстэрні”. З восені 2022 выкладае класічную і сучасную літаратуру ў віленскім ЕГУ, з вясны 2022 чытае літаратурныя лекцыі на ютуб-канале chadanovič. Песьня “Муры” ў ягоным перакладзе стала адным з галоўных беларускіх гімнаў пратэсту ў 2020 годзе. З кастрычніка 2022 г. жыве ў Гданьску як стыпендыст ICORN.
Спатканне па-беларуску з перакладам на польскую мову.