Валера Руселік: «Менавіта генпракуратура ачоліла на сёньня вайну з усім беларускім у Беларусі. Гэткі меч расейскага сьвету»

Тое, што дзяржава, якая зь нейкага фантасмагарычнага жарту ўсьцяж называецца беларускай, ваюе з усімі праявамі беларушчыны — вядомы факт. Разглядаючы чарговую афіцыёзную ініцыятыву па зьнішчэньні нацыянальнае памяці, Валера Руселік на Budzma.org нечакана адкрывае, якое ведамства сёньня зьяўляецца сапраўдным мячом «расейскага сьвету» ў нашым Краі.

Ну што, дажыліся. Генпракуратура Беларусі (?) заклікала да рэвізіі гербаў беларускіх гарадоў: маўляў, занадта «экстрэмісцкія» — з гэткімі цяжкавата любіць Расею-матухну й нашага глыбокапаважанага прэзыдэнта! І ўдзельнікі круглага стала, на якім і прагучаў гэты заклік — яшчэ тыя геральдысты, лепшых і не знайсьці! Генпракуратура, КДБ, ГУБАЗіК… Нават наяўнасьць прадстаўнікоў Нацыянальнай бібліятэкі, якой кіруе рускамірац Вадзім Гігін сытуацыі не ратавала — адно дадало ёй бела-сіне-чырвоных колераў.

Сваё імя ў гісторыю нацыянальнае ганьбы тлуста й надоўга ўпісаў намесьнік дырэктара Навукова-практычнага цэнтру генпракуратуры Алег Русецкі:

«Геральдычныя сымбалі — гэта ня проста атрыбутыка. Яны служаць выяўленьнем ідэяў і сэнсаў, непасрэдна ўзьдзейнічаюць на сьвядомасьць і паводзіны грамадзянаў. Іх выявы, сфармаваныя ў адрыве ад рэчаіснасьці і без уліку дзяржаўнай ідэалёгіі, могуць служыць прычынамі і ўмовамі экстрэмізму».

Круглы стол у Генпракуратуры, прысьвечаны супрацьдзеяньню экстрэмізму. Удзельнікі-«геральдысты»: Генпракуратура, КДБ, ГУБАЗіК, Нацыянальная бібліятэка і Інстытут гісторыі НАН. На фота справа — Алег Русецкі (першы справа). Фота TG: @prokuraturabelarus

Больш жа Генпракуратуры няма чым заняцца, праўда? Ужо ж усе галоўныя мэты й задачы, замацаваныя за ведамствам заканадаўствам: забесьпячэньне вяршэнства права, законнасьці і правапарадку, а таксама абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў, арганізацыяў, грамадзтва й дзяржавы — выкананыя, так? У краіне з законам і правамі ўсё добра — можна і лухтой пазаймацца, праўда?

Аніводнай справы, дарэчы, супраць ашалелых ад крыві і беспакаранасьці сілавікоў, якія катавалі, нявечылі й нават забівалі мірных суграмадзянаў — і працягваюць тое рабіць і цяпер, генпракуратура за ўсе гэтыя гады не ўсчала.

Паказальна, праўда?

Зрэшты, гэта ж менавіта на сустрэчы дыктатара з пракурорамі прагучала сумна вядомае «иногда не до законов». Тады, 10 верасьня 2020-га, на тле масавых рэпрэсіяў, якія былі літаральна залілі краіну, прадстаўляючы новага генпракурора Шведа Лукашэнка запатрабаваў, каб працаўнікі ведамства заплюшчылі вочы на разьвязанае рэжымам прававое бязьмежжа, каб захаваць уладу. Маўляў, калі рэжым хістаецца і можа вось-вось абрынуцца — иногда не да законов, душыце паўсталых грамадзянаў усімі магчымымі сродкамі!

Ну а калі ўсіх задушылі й закаталі пад асфальт, то, каб не вяртацца назад у рэжым «всегда до законов», вызвалены ад працы й сумленьня час можна ж выкарыстаць на што-небудзь яшчэ — да прыкладу, на мантры пра генацыд беларускага народу і суды над мёртвымі. А таксама на бясконцае змаганьне зь якімі-колечы праявамі іншадумства, названае дзеля зручнасьці ўсё тымсама экстрэмізмам.

Партрэт Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, а таксама кніга зь вершамі, прызнанымі праз два стагодзьдзі генпракуратурай РБ экстрэмісцкімі. Каляж «Радыё Свабода»

А цяпер вось яшчэ й на перагляд нацыянальнае геральдыкі. Тут, вядома ж, працы ў беларусафобаў у пагонах — непачаты край! Адных «Пагоняў» — ад Віцебскай вобласьці да Магілёва, Лепеля, Верхнядзьвінска і Рэчыцы. А яшчэ ж з афіцыйнага сьпісу гісторыка-культурнай спадчыны гэтага зьненавіднага вершніка, які ўжо тысячу гадоў падымае беларусаў на абарону роднага Краю — таксама трэба выкінуць! У нас тут Саюзнае гасударства, іншыя каштоўнасьці і сэнсы — ня трэба нам тут вашай гэтай «незалежнасьці і самасьційнасьці»! Усе гэтыя помнікі, мэмарыяльныя шыльды, барэльефы — таксама ў сьметніцу! Горы паперы, экспэртызаў і дакладных цыдулак, вядро зорачак на пагоны, мульёны грошай на прэміі — ды гэта ж рабіць і рабіць можна! Да самае пэнсіі!

Ня дзіва, што на гэткую «працу мары» пракуроры аблізваліся ўжо даўно. І калі прызнавалі  экстрэмісцкімі вершы Дуніна-Марцінкевіча, напісаныя яшчэ ў XIX-м стагодзьдзі. І калі ў Віцебску спачатку дэмантавалі афіцыйны герб вобласьці, а затым вярнулі, істотна зьменшыўшы прысутную на ім «Пагоню» ды замазаўшы яе брудна-зялёнай фарбай. І калі зьнішчалі помнік паўстанцам-каліноўцам на Астравеччыне. І гэтак далей, і гэтак далей.

Гэткае адчуваньне, што менавіта генпракуратура, якая чамусьці ўсьцяж называецца беларускай, ачоліла на сёньня вайну з усім беларускім у Беларусі. Гэткі меч расейскага сьвету, ня йнакш.

Ну бо, нагадаю, як прызнаў вышэй манкурт Алег Русецкі, усе гэтыя нацыянальныя героі, уся гэтая нацыянальная сымболіка, культура, гісторыя, нашыя героі і нашыя гербы — «сфармаваныя ў адрыве ад рэчаіснасьці і без уліку дзяржаўнай ідэалёгіі, могуць служыць прычынамі і ўмовамі экстрэмізму». То бок сьведчаць пра тое, што можна жыць інакш, чым сёньня. Любіць сваю Радзіму, а не чужую. Шанаваць сваё, а не апплёўваць на радасьць акупантам. Жыць годна і бяз страху, а ня поўзаць рабалепна і лісьліва на каленях перад самаабвешчаным панам. Любіць свабоду і Беларусь.

Афіцыйныя мерапрыемствы ў Лепелі — пад знакам «Пагоні». Фота Instagram: lepel_kraj

Дык а што далей, Русецкі? Ну вось пазабараняеце вы нашыя гербы — і старажытныя, і адноўленыя альбо нават папросту нададзеныя ўжо ў часы незалежнае Беларусі — чым далей зоймецеся? Што там яшчэ можа справакаваць да «экстрэмізму»? Акрамя гербаў з «Пагонямі», да прыкладу, можна і герб Заслаўя зьмяніць, чаго ўжо там! 27 кілямэтраў ад Менску — нейкі занадта падазроны трызуб, непарадачак! Ату яго! Што яшчэ? Непадцэнзурныя падручнікі па гісторыі Беларусі? Сьвяткаваньне Купальля і калядкі? Урэшце, беларуская мова? Вы ж і без таго ўжо колькі гадоў перасьледуеце беларускамоўных грамадзянаў — прысьпеў час замацаваць гэты перасьлед заканадаўча, праўда?

Каб пазьней, калі вас будуць судзіць за злачынствы супраць беларускага народу, у вас было хоць нейкае апраўданьне, так? Маўляў, дзейнічалі паводле закону — мы ж не вінаватыя, што законы гэткія былі!

Дарма, што частку гэтых злачынстваў вы чынілі і да замацаваньня іх на паперы. Дый тыя законы прапаноўвалі вы самыя. А таксама заплюшчвалі вочы тады, калі тыя законы замацоўвалі на паперы іншыя, падобныя вам, хоць як раз ваш службовы абавязак быў — біць тым нягоднікам па руках, пільнаваць сапраўднае вяршэнства закону.

Без ілюзіяў, Русецкі, вы і вашыя калегі па зьнішчэньні беларушчыны, аднойчы абавязкова адкажаце. І перад сапраўдным беларускім Законам, і перад намі, беларусамі, і перад Гісторыяй.

Валера Руселік — на Канфэрэнцыі Новай Беларусі-2025. Фота з архіву аўтара

І нават калі да таго вяршэнства справядлівасьці і закону яшчэ міне крыху часу, ня варта апускаць рукі, сябры. Былі ў нашай гісторыі і цяжэйшыя часы — а мы ўсьцяж жывем. І нашая Беларусь таксама жыве. Колькі стагодзьдзяў няволі ды чужынскай ўлады па-над нашым Краем — а дай крыху волі, і адразу ж уздымаем галовы!

Вунь савецкая імпэрыя развалілася — і за нейкія пару першых гадоў незалежнасьці нарасло столькі свайго, што гэтыя манкурты ўсьцяж ваююць, выкарчоўваюць.

А каб лепшыя часы надышлі хутчэй — не скараймася, сябры! Шануйма сваё, трымаймася свайго! Размаўляйма па-беларуску, вывучайма нашую гісторыю і культуру, падтрымлівайма адзін аднаго.

Будзьма беларусамі!

Валера Руселік, Budzma.org