Лявон Вольскі: «Пагоні» вернуцца, калі ўсё пачне зьмяняцца. А яно пачне, не хвалюйцеся!

Малюнак Лявона Вольскага

Генпракуратура лічыць, што гістарычная геральдыка беларускіх гарадоў «можа спрыяць узнікненню экстрэмізму», таму гербы трэба перарабіць. Але чаму тады савецкая геральдыка і прапаганда не паспрыялі надыходу камунізму? Па другім разе ўвайсьці ў савецкую раку не атрымаецца. Супакойвае Лявон Вольскі.

Лявон Вольскі

Савецкія ідэолягі стваралі новае грамадзтва. Людзі мусілі жыць па новых законах — усё зрабілася іншым, не такім, як раней. Адмыслова перапісалі гісторыю, грунтуючыся на расейска-імпэрскім падыходзе, але без ухваленьня самадзяржаўя і праваслаўя. Стварылі навамоўе. Паўсюль запанавалі непрывабныя абрэвіятуры і грувасткія складанаскароты: БССР, РАУС, АМАП, ВІА, Белдзяржснабзбытгандаль, Мінсквоблаўтатранс (у гэтым цікавым скароце выразна праглядаецца «вобла»), Белзьнешэканамсэрвіс… 

Зь беларускай мовы выцягнулі мяккія знакі, і яна зрабілася грубавата-прастакутнай — дыктары на радыё і тэлевізіі чыталі «як пішацца» — снег, чацвер, паспець, здзек, а ня так, як пісалася й чыталася раней — сЬнег, чацЬвер, пасЬпець, зЬдзек… Людзі слухалі дыктараў і казалі: «Нейкая мова гэтая беларуская непрыгожая. Грубаватая нейкая».

Гісторыю Беларусі дзеці пачыналі вывучаць ў чацьвертай клясе, адразу з таго, якія кепскія былі паны, што прыгняталі, зьдзекаваліся з простых сялянаў і катавалі іх. Бо трэба было, каб людзі гадаваліся на новых стандартах. Старая гісторыя зь ейнымі князямі, графамі ды рознымі шляхцюкамі была цяпер не патрэбная. 

Дый у сем’ях дзецям ня надта ахвотна распавядалі пра гісторыю роду ды продкаў. Гэта цалкам можна зразумець: распавядзеш, і дачка (сын) назаўтра ў школе захоплена паведаміць, што ейны (ягоны) прапрадзед ці то быў уласьнікам друкарні, ці то збудаваў тры дамы, ці меў ва ўласнасьці дзесяць гектараў зямлі і наймаў сялянаў для ейнае апрацоўкі… А гэта вельмі небясьпечна — мець у продках прадстаўнікоў буржуазіі або кулакоў-земляўласьнікаў. То-бок, тых самых паноў, якія прыгняталі, зьдзекаваліся й катавалі… Пра такое лепей маўчаць. 

Так і фармаваліся пакаленьні з прышчэпленай беднай расейскай мовай, бязь веданьня гісторыі свайго краю ды ўласнае сям’і. Адзінкі-энтузыясты займаліся краязнаўствам, цягаліся ў архівы, каб знайсьці дакумэнты пра сваіх продкаў, наноў вучыліся правільна вымаўляць словы роднае мовы. На іх глядзелі як на дзівакоў — чаго яны хочуць, навошта гэтым займаюцца? Усё ж і так нармальна.

Улады РБ ідуць савецкім шляхам, але без савецкае грунтоўнасьці й манумэнтальнасьці. Хочуць стварыць «новага чалавека», але дакладна не ўсьведамляюць, якога — бо няма ніякае ідэлёгіі, няма на чым грунтавацца.

Вось надоечы «ў Генэральнай пракуратуры РБ прапанавалі правесьці рэвізію рэгіянальнай геральдычнай сымболікі з улікам патрабаваньняў дзяржаўнай ідэалёгіі». Маўляў, выява «Пагоні» прысутнічае на гербах некаторых беларускіх гарадоў, а гэта — непарадак. Трэба, маўляў, гэтыя гербы перарабіць з улікам новае рэчаіснасьці, каб яны былі ідэалягічна вывераныя. А так — ёсьць верагоднасьць, што гэтыя выявы «могуць спрыяць узьнікненьню экстрэмізму».

Хочуць па другім разе ўвайсьці ў савецкую раку. А яно ўсё не ўдаецца. 

Ну, прыбяруць яны гэтыя «Пагоні», а людзі ж ведаюць, што яны былі. І мусяць быць. І вернуцца, калі ўсё пачне зьмяняцца. А яно пачне, не хвалюйцеся!

Дастаткова пры жаданьні зайсьці ў сеціва і запытацца пра гістарычны герб таго ці іншага места, і атрымаеш дакладную выяву. Як ты ні намагайся расфарбоўваць рэчаіснасьць на чырвань ды зелень, сьвядомасьць людзей ад гэтага ня зьменіцца. Хіба што толькі ў самых няўстойлівых пэрсанажаў. 

Як ужо стараліся савецкія ідэолягі паўсюль пхаць сваю наглядную агітацыю і прапаганду, а прыйшоў новы час, і ад гэтае прапаганды й знаку не засталося. «КПСС — руководящая и направляющая сила советского общества», «Имя и дело Ленина будут жить в веках» — гэтым сьмецьцем былі завешаныя ўсе плошчы, вуліцы, праспэкты й бульвары беларускіх гарадоў. І хто цяпер помніць пра гэта?

Няўжо тое, што не ўдалося зрабіць савецкай імпэрыі, атрымаецца ў купкі сілавікоў з вузкай местачковай адукацыяй і без аніякага ідэалягічнага падмурку? Ясна, што не.

Адно што тут ёсьць магчымасьць зрабіць імітацыю бурнай дзейнасьці, пільнасьці, адданасьці і чарговым разам выслужыцца. Ну, дык няхай сабе валтузяцца!

Лявон Вольскі, Budzma.org