У Беларусі прызналі “экстрэмісцкімі” як мінімум 133 кнігі і выданні, 40 з іх – за апошні год

У Беларусі працягваюць папаўняць спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” кнігамі беларускіх і замежных аўтараў. Паводле тэматычнага пераліку Беларускага ПЭНа, на 25 лістапада 2026 года ў ім налічваецца 133 пазіцыі. Толькі за 2026 год у гэты пералік дадалі 40 пазіцый. Юрыстка “Вясны” Святлана Галаўнёва тлумачаць, ці могуць улады пераследаваць за чытанне дома “экстрэмісцкай” кнігі.

Ілюстрацыйны здымак: Юлія Цімафеева

Агулам пасля 2020 года ў Беларусі забаранілі больш за 397 кніг і друкаваных выданняў з палітычных і ідэалагічных прычын. Гэтая лічба ахоплівае не толькі кнігі са спісу “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, але і выданні з асобнага пераліку матэрыялаў, якія, паводле версіі беларускіх уладаў, могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам.

Першыя кнігі пасля пратэстаў 2020 года пачалі прызнаваць “экстрэмісцкімі” ў 2021 годзе

Першай у “экстрэмісцкім” спісе значыцца кніга журналісткі і былой палітзняволенай Кацярыны Андрэевайі яе палітзняволенага мужа Ігара Ільяша “Беларускі Данбас”.

Гэта дакументальная кніга пра вайну на ўсходзе Украіны і ўдзел у ёй беларусаў. Аўтары расказваюць пра беларусаў, якія ваявалі па розныя бакі фронту, пра ролю беларускіх уладаў і спецслужбаў, валанцёрскую дапамогу і гандаль з самаабвешчанымі “ДНР” і “ЛНР”. Кнігу ўнеслі ў спіс 26 сакавіка 2021 года.

“Адзін са сцэнараў пачатку працэсу аб прызнанні кнігі “экстрэмісцкім матэрыялам” адбываецца падчас перавозкі кнігі праз беларускую мяжу. Яшчэ адзін – публікацыі пра публічную прэзентацыю кнігі, пра пачатак продажаў, інтэрв’ю з аўтарам, то бок тое, што можа прыцягнуць увагу да кнігі. Прычым, часта гэта вокладка кнігі, без аналізу зместу, як, напрыклад, у выпадку з кнігай “Беларускі Данбас”, — распавядае юрыстка.

Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш

У 2022 годзе ў спіс дадалі яшчэ дзесяць выданняў

Сярод забароненых кніг — раман Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы” і кніга Змітра Лукашука і Максіма Гарунова “Беларуская нацыянальная ідэя”.

“Сабакі Эўропы” — раман-антыўтопія з шасці частак. У адной з сюжэтных ліній Беларусь страціла незалежнасць і ўвайшла ў склад Расіі. Праз гісторыі герояў аўтар разважае пра мову, нацыянальную ідэнтычнасць, свабоду і тое, што можа адбыцца з грамадствам, калі яно страціць права выбіраць уласную будучыню.

“Беларуская нацыянальная ідэя” — кніга-дыялог, у якой сабраныя 85 інтэрв’ю з палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, актывістамі і блогерамі. Яны разважаюць пра тое, што аб’ядноўвае беларусаў, якой можа быць нацыянальная ідэя і як павінна развівацца краіна.

У 2023 годзе пад забарону трапілі творы беларускіх пісьменнікаў і гісторыкаў

У 2023 годзе Міністэрства інфармацыі прызнала “экстрэмісцкімі” яшчэ 26 мастацкіх, гістарычных і навуковых кніг. Сярод іх — “Апошняя кніга пана А” Альгерда Бахарэвіча і “Адысея капітана БНР” Анатоля Гатоўчыца.

У “Апошняй кнізе пана А” галоўны герой — пісьменнік, які мусіць расказваць казкі, каб вярнуць доўг. Кожны вечар ён чытае іх дарослым слухачам. Паступова выдуманы свет пачынае змешвацца з рэальнасцю, а падзеі разгортваюцца на фоне эпідэміі, якая ахапіла свет.

“Адысея капітана БНР” — дакументальная аповесць пра Цімоха Вострыкава, сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1952 годзе ён вярнуўся ў Беларусь з эміграцыі, каб змагацца за незалежнасць краіны. Яго арыштавалі і асудзілі на 25 гадоў зняволення. У кнізе расказваецца пра ягоны лёс, гады ў савецкіх лагерах і вяртанне на радзіму.

Пад забарону таксама трапілі кнігі Лідзіі Арабей, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай і Уладзіміра Някляева з серыі “Беларускі кнігазбор”. Гэта серыя выданняў беларускай літаратурнай класікі і твораў беларускіх аўтараў.

Асобна ў спіс унеслі прадмову Язэпа Янушкевіча да выдання твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і два вершы з гэтай кнігі — “Плывуць вятры” і “Гутарка старога дзеда”. Два тамы збору твораў Дуніна-Марцінкевіча, якія раней таксама фігуравалі ў пераліку, пазней выключылі са спісу.

Ілюстрацыйны здымак

У 2024–2025 гадах пад забарону трапілі кнігі гісторыкаў, журналістаў і пісьменнікаў

У 2024 годзе ў спіс дадалі 18 кніг і адну прадмову. Сярод іх — тры кнігі палітыка і былога палітзняволенага Паўла Севярынца: “Каменнае сэрца”, “Люблю Беларусь: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі” і “Беларусалім. Кніга другая. Сэрца святла”.

“Каменнае сэрца” — зборнік эсэ, якія Павел пісаў на працягу дваццаці гадоў. У кнізе ён расказвае пра ўласны досвед зняволення і жыццё ў Беларусі, пра “суткі”, “хімію” і турмы.

“Люблю Беларусь” — кніга пра беларускую ідэнтычнасць. У ёй аўтар сабраў 200 тэм і з’яў, праз якія прапануе паглядзець на беларускую мову, гісторыю, веру і нацыянальную культуру.

“Беларусалім. Кніга другая. Сэрца святла” — працяг рамана “Беларусалім. Золак”. Гэта вострасюжэтны твор пра канец свету, які пачынаецца ў Беларусі. У цэнтры гісторыі — каханне, вера, здрада і змаганне, а ў сюжэце шмат біблейскіх вобразаў і адсылак да беларускай гісторыі.

У тым жа годзе ў спіс унеслі кнігі гісторыкаў Ігара Мельнікава і Захара Шыбекі, а таксама Міхаіла Фішмана.

У 2025 годзе пералік папоўніўся 36 пазіцыямі. Сярод іх — кніга былога палітвязня Змітра Дашкевіча “Чарвяк”, працы Сяргея Навумчыка “Дзевяноста другі” і “Дзевяноста трэці”, кнігі Аляксандра Лукашука і Валянціна Акудовіча.

Зміцер Дашкевіч. Фота: nashaniva.com

“Чарвяк” Змітра Дашкевіча — кніга турэмнай літаратуры. Аўтар напісаў яе на аснове ўласнага досведу зняволення. У ёй ён расказвае пра жыццё за кратамі, ціск і прыніжэнні, але таксама пра тое, як чалавек можа захаваць унутраную свабоду нават у турме.

“Дзевяноста другі” і “Дзевяноста трэці” Сяргея Навумчыка — часткі хронікі станаўлення беларускай дзяржаўнасці пасля распаду СССР. У першай кнізе аўтар апісвае падзеі 1992 года і палітычную барацьбу вакол рэферэндуму і новых выбараў. Другая прысвечаная 1993 году: дыскусіям у Вярхоўным Савеце пра вайсковыя саюзы, энергетычную незалежнасць і ўвядзенне прэзідэнцкай пасады.

Кніга Аляксандра Лукашука “Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода” — успаміны пра працу беларускай службы Радыё Свабода. Аўтар, які ўзначальваў яе з 1998 да 2023 года, расказвае, як стваралася радыё, як яно працавала з журналістамі і слухачамі і як гэтая праца змяняла яго самога.

“Код адсутнасці” Валянціна Акудовіча — кніга пра беларускую нацыянальную ідэнтычнасць. Аўтар разважае, як складвалася беларуская ментальнасць, чаму пасля атрымання незалежнасці не спраўдзіліся многія надзеі нацыянальнага адраджэння і што перашкаджала грамадству аб’яднацца.

У кнізе “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым” Валянцін Акудовіч піша пра беларускіх інтэлектуалаў і грамадскіх дзеячаў, якія ўзялі на сябе адказнасць за сваю краіну. Гэта развагі пра людзей, якія працягваюць працаваць дзеля Беларусі, нават калі іх намаганні не заўсёды даюць хуткі вынік.

У 2025 годзе пад забарону таксама трапілі і раманы Сашы Філіпенкі “Чырвоны крыж” і “Слон”. Аднак тут важна не блытаць розныя дзяржаўныя спісы: у кастрычніку 2025 года гэтыя раманы згадваліся сярод выданняў, якія ўлады ўнеслі ў асобны пералік кніг, што нібыта могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам.

За 2026 год у спіс дадалі яшчэ 40 пазіцый

За першыя дзевяць месяцаў 2026 года ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” трапілі 33 кнігі.

Сярод выданняў пад забаронай апынуліся кнігі Святланы Алексіевіч, Вінцука Вячоркі і зборнікі пра беларускую гісторыю і культуру.

Ліпень

“100 цытатаў на Свабодзе” Святланы Алексіевіч. У кнізе сабраныя выбраныя фрагменты яе інтэрв’ю і выступаў, якія цягам двух дзесяцігоддзяў гучалі на хвалях “Радыё Свабода”. Гэта магчымасць прачытаць развагі пісьменніцы пра чалавека, грамадства і час.

“Менская вясна” — хроніка падзей 1996 года, падрыхтаваную рэдакцыяй “Нашай Нівы”. У кнізе сабраныя дакументы і сведчанні пра тагачасныя палітычныя падзеі ў Беларусі.

Яшчэ адно выданне з гэтага спісу — “Не сьмяшыце мае прыназоўнікі” Вінцука Вячоркі. Гэта зборнік нарысаў пра беларускую мову: яе словы, граматыку, асаблівасці ўжывання і гісторыю.

 Жнівень

“Пакаленне Маладога Фронту” Паўла Севярынца распавядае пра моладзь, якая нарадзілася ў 1970–1985 гадах, і пра станаўленне “Маладога Фронту”. Аўтар расказвае пра пакаленне, якое ўваходзіла ў грамадскае і палітычнае жыццё ў першыя гады незалежнасці Беларусі.

Павел Севярынец

Таксама ў спіс дадалі “Палітычную сістэму Рэспублікі Беларусь” Уладзіміра Роўды — вучэбны дапаможнік, у якім разбіраюцца дзяржаўныя і палітычныя інстытуты краіны і тое, як змянялася палітычная сістэма Беларусі пасля атрымання незалежнасці.

“Кошт свабоды, ці Спавядальнасць апазіцыйнага палітыка” Сяргея Скрабца — мемуарная кніга былога апазіцыйнага палітыка. У ёй аўтар расказвае пра свой палітычны шлях і асабісты досвед, у тым ліку пра зняволенне.

“Быкаў на Свабодзе” — зборнік інтэрв’ю і выступаў Васіля Быкава на “Радыё Свабода” ў 1991–2003 гадах. У кнізе таксама сабраныя лісты, малюнкі, фотаздымкі і ўспаміны пра пісьменніка.

“Ненасілле і Беларусь” — зборнік тэкстаў розных аўтараў пра негвалтоўны супраціў і яго месца ў беларускім грамадстве. Кніга выйшла ў Варшаве ў 1999 годзе.

Верасень

У верасні суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кнігі Анатоля Санаценкі “Вяртанне на Радзіму” і Анатоля Варшаўскага “Нябесны лён”, раман Марка Леві “Ноа”, які з’яўляецца часткай серыі пісьменніка пра групу маладых хакераў, якія выкарыстоўваюць свае навыкі, каб раскрываць злачынствы і супрацьстаяць небяспечным людзям.

Кастрычнік-лістапад

У канцы кастрычніка і лістападзе пералік папоўніўся яшчэ сямю выданнямі. Сярод іх — “Іх звала Беларусь святая” Сяргея Рудовіча і Валерыя Герасімава. Кніга прысвечаная 100-годдзю Усебеларускага з’езда 1917 года — падзеі, якая стала важнай часткай гісторыі беларускага нацыянальнага руху.

У спіс таксама ўнеслі кнігу Івана Анташкевіча “Беларусь. Воспоминания о будущем или зов перемен”, “Хроника государственной подлости”, прысвечаную лёсу былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, які знік у 1999 годзе, “Палітычная гісторыя беларускай мовы да 1996 года” Ігара Случака — даследаванне пра тое, як змянялася становішча беларускай мовы на працягу дзесяці стагоддзяў ад Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага да Расійскай імперыі, БССР і незалежнай Беларусі, “Хлебные крошки. Сборник тюремных стихов и текстов” Яўгена Рубашкі — зборнік турэмнай паэзіі і тэкстаў, у якім сабраныя творы, звязаныя з досведам зняволення, а таксама “Евроремонт для Беларуси. Беседы с графом Александром Прушинским” — кніга гутарак з Аляксандрам Прушынскім.

Яўген Рубашка

Што пагражае за распаўсюд забароненых кніг

За распаўсюд выданняў, унесеных у Рэспубліканскі спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП. Такое ж пакаранне пагражае за выраб, выданне, захоўванне або перавозку гэтых матэрыялаў з мэтай распаўсюду.

“З лютага шэраг выдавецтваў, якія функцыянуюць за мяжой, прызнаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Хаця фармальна гэта не дае падставы для аднясення ўсіх выдадзеных імі кніг да “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, але, калі такая кніга будзе знойдзена праваахоўнымі органамі ў Беларусі, як мінімум яна будзе канфіскаваная для праверкі і запуску працэсу прызнання “экстрэмісцкім матэрыялам”. Артыкул 19.11 КаАП прадугледжвае адказнасць у тым ліку за захоўванне прадметаў, прызнаных “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Гэта можа пацягнуць затрыманне на 3 сутак да суда і спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту ці штрафу. Таму захоўваць дома, перавозіць, перадаваць і перасылаць такія кнігі ў Беларусі небяспечна”,  — тлумачыць юрыстка. 

spring96.org