25 сакавіка падчас Дня Волі ў Беластоку традыцыйна былі ўручаны бел-чырвона-белыя букеты кветак асобам ды ўстановам і арганізацыям, што праявілі ў мінулым годзе асаблівыя заслугі для беларускай справы.
Журналістка „Нівы” Ганна Кандрацюк-Свярубская (на здымку другая злева) такі букет атрымала „за шматгадовае, універсальнае і выдатнае вандраванне з бязмежным, беларускім пісьменствам на старонках Нівы і сваіх рэпарцёрска-літаратурных кніжных выданнях. Мінулагодняя кніжка «У прысценках строга лесу» – гэта не проста расказ пра людзей з Белавежскай пушчы паабапал мяжы, але захаванне для беларускай нацыянальнай памяці супольнасці лёсу і гісторыі не аднаго пакалення беларусаў, падзеленых жалезнымі і візавымі занавесамі і мурамі , што раздзяляюць нашу духоўную еднасць”.
Чарговай лаўрэаткай стала Кацярына Дзерман (з мікрафонам) – прадстаўніца Беларускай дыяспары Беластоку, „за актыўную дзейнасць на карысць Бацькаўшчыны. За спалучэнне сілы духа і жаночай вытрымкі ў нялёгкіх выкліках беларускай справы. Таксама гуманнасць і ўзаемадапамога спадарожнічаюць спадарыні Кацярыне ў яе штодзённых агульначалавечых выкліках. За супольнае дзеянне ўсіх беларусаў разам у нашай беластоцка-падляшскай рэальнасці ў Польшчы”.
Букет быў уручаны таксама Змітру Косціну (першы злева) як прадстаўніку Фонду Тутака, за тое, што гэтая арганізацыя „цягам мінулага года даказала сваёй ініцыятыўнасцю, што Тутака ў Беластоку і на Падляшшы з’яўляецца ўстановай з аб’ядноўваючай, беларускай культурнай прапановай усім беларусам. Фонд даказвае, што нашае фальклорнае і сучаснае павінны ісці з сабою нераздзельна разам, каб захаваць менавіта нашу тоеснасць. Новыя ініцыятывы і новыя формы мерапрыемстваў дазваляюць кожнаму беларусу на Падляшшы адшукаць для сябе цікавае, але таксама і карыснае для духоўнага развіцця”.
Чацвёрты букет атрымаў Ігар Лукашук як дырэктар Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы (крайні справа з прадстаўнікамі школы). Такое прызнанне кіраваная ім асветніцкая ўстанова атрымала за „супольную дзейнасць настаўнікаў, бацькоў і вучняў, якая дазваляе вытрымоўваць разам і ў неспрыяльных вятрах, што дзьмуць і на панадворку беларусаў Гайнаўшчыны і Падляшша. Крэатыўнасць, дальнабачнасць, сямейная атмасфера дазваляе гаварыць усім пакаленняў выпускнікоў Беларускага ліцэя пра сваю школу – проста як Наш ліцэй”.
czasopis.pl,
фота Юркі Хмялеўскага