Былы палітвязень Віктар Акцістаў распавядае «Новаму Часу» пра «стукацтва» ў калоніі і дзеліцца правіламі выжывання ў зняволенні.
«Першы час дакараў сябе»
Віктар Акцістаў вызваліўся з магілёўскай калоніі № 15 31 снежня. Там ён правёў 2,5 гады за тое, што хацеў адбіць незнаёмага хлопца ад амапаўца. Цяпер былы палітвязень чакае атрымання статусу бежанца і наладжвае жыццё ў Вільнюсе: праходзіць курсы графічнага дызайну і спадзяецца працаваць у гэтай сферы.
— Пакуль я адбываў тэрмін, збіраўся заставацца па вызваленні ў Беларусі. Але чым далей, тым усё больш я чуў, што тыя, хто выходзяць на волю, не могуць знайсці працу. І я зразумеў, што карысці ад майго знаходжання ў Беларусі будзе мала. Да таго ж я не сумняваюся, што, калі ў будучыні ўзнікнуць пытанні па мітынгах ці нейкіх злачынствах, найперш міліцыя прыйдзе да мяне. Мне б не хацелася жыць як на іголках, — дзеліцца Віктар.
Суразмоўца прызнаецца: першы час пасля затрымання, калі быў у СІЗА, вельмі дакараў сябе за тое, што зрабіў. Але калі трапіў у калонію і яго ў першы ж дзень адправілі ў ШІЗА, зразумеў, што нешта тут не тое.
— Магчыма, я не настолькі правініўся перад людзьмі, каб мяне так караць. З таго часу пачуццё віны як рукой зняла, — зазначае хлопец.
«Стукацтва», папрашайніцтва і забарона мяўкаць
Тым не менш у калоніі ўвесь час панавала атмасфера страху і насцярожанасці. Найперш праз «стукачоў» — па словах Віктара, яны складаюць ледзь не палову з усіх асуджаных. Большасць — звычайныя крымінальнікі, але сустракаюцца яны і сярод палітычных.
— Мне б хацелася расказаць пра аднаго з іх. Чалавек, пра якога я кажу, — Чудзянцоў. Ён рэгулярна дзеля задавальнення, без асаблівага ціску з боку адміністрацыі, супрацоўнічае з ёй. Ён даносіць, у тым ліку на палітычных. Гэта яго намаганнямі апошнія некалькі дзён, якія я павінен быў правесці ў атрадзе і адсвяткаваць з таварышамі сваё вызваленне, я правёў у бальніцы. Са мной было ўсё ў парадку, проста «з аператыўных меркаванняў». Іншым пашчасціла менш: яны праз яго сядзелі ў ШІЗА, іх пераводзілі ў іншыя атрады. Але ён такім чынам вырашае свае праблемы і «стучыць» на ўсіх, хто яму не падабаецца. Праз гэта адбываюцца пастаянныя вобшукі і пошукі парушэнняў у зняволеных. Я абяцаў людзям, што раскажу пра тое, што ён робіць.
«Новы Час» не мае іншых доказаў паводзінаў Уладзіміра Чудзянцова ў калоніі, апроч словаў Віктара Акцістава. Калі вы можаце пацвердзіць ці абвергнуць гэта, калі ласка, звяжыцеся з рэдакцыяй. Нагадаем, журналіст Уладзімір Чудзянцоў быў затрыманы ў лістападзе 2019 года ў цягніку падчас паездкі ў Польшчу. Паведамлялася, што ў яго знайшлі наркотыкі. Пазней Следчы камітэт паведаміў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па ч. 2 арт. 167 КК («Гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў адносінах да непаўналетняга»). Канчатковае абвінавачанне было прад’яўлена па ч. 2 арт. 343 («Распаўсюджанне парнаграфіі»). Журналіста прыгаварылі да 6,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафа. Тэрмін быў скарочаны на адзін год па амністыі.
Распавядаючы пра атмасферу ў калоніі, Віктар адзначае, што там вельмі распаўсюджана папрашайніцтва, нават ёсць чалавек, які «спецыялізуецца» на палітычных.
— Палітычных падтрымліваюць больш, чым асуджаных за іншыя злачынствы. І ёсць людзі, якія «паразітуюць» на іншых, — тлумачыць былы палітвязень.
Але сярод усяго гэтага ў жыцці зняволеных здараліся гісторыі, якія не ўзгадаеш без усмешкі. Віктар падзяліўся адной з іх:
— З намі сядзеў чалавек, асуджаны па артыкуле 328. І ён меў звычку парадзіраваць ката — мяўкаць. Аднойчы мяне выклікаў аператыўнік і задаваў розныя пытанні, у тым ліку спытаў: «Вы не знаходзіце нічога дзіўнага ў гэтым чалавеку? Як вы думаеце, чаму ён мяўкае?». Я хацеў пажартаваць і сказаў: «З яго артыкулам гэта заканамерна». Якім было маё здзіўленне, калі праз некаторы час я даведаўся, што аператыўнік выклікаў яго і размаўляў з ім на гэты конт. І ён забараніў яму мяўкаць. Гэта настолькі людзям няма чым заняцца — ці яны лічаць, што гэта важна?..
Правілы выжывання ў беларускай турме
Былы палітвязень кажа, што яму «пашчасціла»: за ўвесь тэрмін ён трапіў у ШІЗА толькі напачатку і правёў там «усяго» сем дзён. Магчыма, таму, што адміністрацыя не лічыла яго «небяспечным». А Віктар, у сваю чаргу, выпрацаваў уласны збор правілаў жыцця ў зняволенні, якія дапамагаюць максімальна захаваць сябе і не нашкодзіць іншым.
— Першае, што хачу адзначыць. Многія палітычныя, калі трапляюць у калонію, разважаюць так: «Яны не маюць права». Вядома, не маюць. Але тое, як павінна быць, не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. У ёй працуюць зусім іншыя правілы, і гуляць трэба па іх. Гэта не тое месца і не той час, каб заяўляць пра свае правы.
Па-другое, трэба разумець, што, паколькі прыкладна палова зоны дакладае адміністрацыі, ты ўвесь час знаходзішся навідавоку. І калі цябе правакуюць, трэба паводзіць сябе так, як ты б сябе паводзіў у прысутнасці адміністрацыі. Трэба адказваць на правакацыі годна.
Апроч таго, не варта быць даверлівым і дазваляць людзям прыспешваць цябе ў прыняцці рашэнняў. Бо там гэтым пастаянна карыстаюцца.
І чацвёртае. Калі інтуіцыя падказвае, што з гэтым чалавекам не варта мець зносіны альбо чагосьці не трэба казаць, то, хутчэй за ўсё, так яно і ёсць. Таму я б раіў часцей прыслухоўвацца да ўнутранага голасу ў такіх месцах.
Былы палітвязень гаворыць, што зняволенне змяніла яго. Магчыма, ён стаў менш даверлівым і больш пільным, навучыўся адстойваць свой пункт гледжання, не кідаючыся ў крайнасці і не праяўляючы агрэсіі — у такім цесным калектыве, як калонія, гэта неабходна.
— Як ні парадаксальна, зона — вельмі добры трэнажор для дыпламатычных навыкаў, — усміхаецца Віктар.
Усё недарэмна
Віктар гаворыць, што трымацца ў няволі яму дапамагалі стасункі з добрымі людзьмі, але найбольш — думка пра тое, што ўсё гэта часова.
— Калі я выйшаў, мне не трэба было прывыкаць да таго, што я вольны — я ад гэтага не адвыкаў. Я ўвесь час трымаў у галаве думку, што проста трэба трошкі патрываць, і ўсё будзе класна.
Па вызваленні Віктар адразу заўважыў, як змянілася атмасфера ў Мінску: людзей стала менш, і яны сталі халаднейшымі. Магчыма, праз страх. Але палітвязень, які прайшоў праз тое, чаго баяцца людзі на волі, раіць паразважаць, якой магла б быць краіна, калі б ніхто нічога не рабіў. Ён перакананы: было б нашмат горш, бо сітуацыя не мянялася б ні на крок. А так, хоць пакуль становішча ў Беларусі нельга назваць добрым, прынамсі людзі прыйшлі да нейкага самавызначэння і занялі той ці іншы бок, абыякавых фактычна не засталося.
— Спрабуйце ўявіць свае паводзіны як эталон, якога будуць прытрымлівацца іншыя. І карэктуйце ў сабе нешта, каб вам было не сорамна стаць прыкладам для астатніх, — раіць Віктар.
Ён не шкадуе пра тое, што адбылося, і, калі б была магчымасць адматаць час назад, не стаў бы нічога мяняць.
— Менавіта тое, што нічога нельга павярнуць назад, і стварае каштоўнасць гэтага досведу, — разважае Віктар Акцістаў. — Напэўна, я ў пэўным сэнсе нават рады, што ўсё так павярнулася — іначай я б не зразумеў многіх рэчаў. Але, канечне, мяне засмучае тое, што я прынёс столькі непрыемных эмоцый сваім родным.
Віктар гаворыць, што яго маці не магла жыць нармальным жыццём увесь час, што ён быў у зняволенні, бо перажывала за яго. Старэйшая сястра і па сёння непакоіцца. Таму, калі палітвязень выйшаў на волю, у яго нібы гара з плячэй звалілася.
— Самая галоўная падтрымка для палітвязняў — ведаць, што ў родных усё добра, — падсумоўвае ён.
Ёсць адна рэч, якую Віктар марыў здзейсніць пасля вызвалення, але не ўдалося, бо ён мусіў з’язджаць. Гэта сустрэча з сябрамі. Хочацца спадзявацца, што гэтае жаданне ўсё ж здзейсніцца, і не толькі для Віктара Акцістава: усе, хто раз’яднаны абставінамі апошніх трох гадоў, змогуць нарэшце сустрэцца ў вольнай Беларусі.