Эксперт у сферы адукацыі, старшы аналітык BISS Андрэй Лаўрухін лічыць згубнай для краіны ідэю дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча па прызыве ў войска студэнтаў, «як гэта калісьці было ў Савецкім Саюзе».
— Матывацыя Вальфовіча, наколькі я разумею, такая — як бы нам выхаваць моладзь, каб мы яе не страцілі, каб яна засвоіла «патрыятычны код», — адзначыў эксперт у каментары «Філіну». — У іх, уладаў разуменні, «ідэальных грамадзян».
Але я думаю, што эфект можа быць якраз зваротным, і маладыя людзі будуць уцякаць з краіны. Беларусь жа знаходзіцца ў сітуацыі ваенных дзеянняў, яна краіна-суагрэсар. І калі менавіта адбудзецца момант мабілізацыі мужчынскага насельніцтва, як гэта адбываецца ў Расіі (а цяпер там, дарэчы, становіцца больш жорсткім заканадаўства, і нават электроннае апавяшчэнне аб неабходнасці прыйсці ў ваенкамат узаконьваецца Дзярждумай), мы не ведаем.
Ілюзія, што Беларусь будзе доўга знаходзіцца ў стане «ўдзелу-няўдзелу», не аддаючы сваіх вайскоўцаў у гэтую мясарубку, пройдзе, і гэта будзе хутчэй, чым мы думаем. А гэта азначае, што мабілізацыя мужчынскага насельніцтва краіны — фактычна, запрашэнне на пакаранне смерцю.
Паводле слоў Андрэя Лаўрухіна, у Беларусі ўжо многія бацькі нават не моладзі прызыўнога ўзросту, а падлеткаў 14 гадоў, якія ўпершыню трапляюць ва ўліковыя спісы, задумваюцца пра тое, каб вывезці дзяцей за межы краіны. Тыя ж, хто ўжо трапіў у поле зроку ваенкаматаў, адзіным спосабам для сябе бачаць уцёкі.
— Важна разумець, што калі маладыя людзі будуць сыходзіць з сістэмы адукацыі, яны будуць сыходзіць і з краіны — надоўга ці незваротна. У Беларусі ж быў прыняты закон аб тым, што навучанне ў замежнай ВНУ, не па дзяржпраграмах, не з’яўляецца падставай для адтэрміноўкі.
Гэта значыць, калі хтосьці з’ехаў вучыцца ў Вільню ў ЕГУ — у яго няма ніякіх законных падстаў для адтэрміноўкі, фактычна, ён ухіляецца ад прызыву, а гэта з’яўляецца падставай для ўзбуджэння справы (адміністрацыйнай або крымінальнай — ужо пытанне на густ і меру разумення суддзяў, якія ў Беларусі дэманструюць вельмі шырокі дыяпазон прыняцця рашэнняў).
Акрамя самога брутальнага выніку вяртання да савецкай практыкі прызыву студэнтаў, эксперт адзначае і іншыя, даволі балючыя перспектывы — напрыклад, дэмаграфічныя страты, выкліканыя адтокам тысяч юнакоў і маладых мужчын за мяжу. І, вядома, у педагога ёсць пытанні наконт якасці адукацыі.
— Прыйсці на вучобу пасля войска — гэта выкінуты год ці гады. Фактычна, навучанне трэба пачынаць спачатку. Я вельмі добра памятаю, як з намі на адной універсітэцкай лаве сядзелі людзі, якія прыйшлі пасля войска — яны яшчэ год прыходзілі ў сябе, прывыкалі да цывільнага жыцця пасля траўматычнага армейскага досведу. І нават калі іх залічыць на трэці курс, а можна і адразу на пяты — пытанне ў тым, якія будуць кампетэнцыі, як дэ-факта, а не проста на паперы будзе гатовы спецыяліст, пра які кажа Вальфовіч.
Усё гэта — і адток студэнтаў, і вяртанне ва ўніверсітэты маладых людзей з інакш выбудаванай сістэмай каардынат, — на думку эксперта, разбурае сістэму вышэйшай адукацыі.
— Уявім, да прыкладу, што юнака пасля войска залічваюць з улікам тэрміну службы на трэці курс архітэктурна-будаўнічага інстытута. Гэта значыць, ён фактычна прапусціў усе базавыя заняткі па матэматыцы, фізіцы — па важных прадметах, без якіх нармальны інжынер не можа працаваць па спецыяльнасці. Якім жа ён будзе спецыялістам?
Па сутнасці, трэба прызнаваць, што ён страціў год. Дакладней, два: адзін адвучыўся, але ўсё забыў, а другі ў войску. І тут «альбо тое», «альбо гэтае» — прызнаваць і пачынаць з нуля, альбо выпускаць «спецыяліста», чые дамы або масты будуць абвальвацца, лекараў, якія будуць «неяк лячыць», і гэтак далей.
Хутчэй за ўсё, рэктары ВНУ гэта разумеюць. Але рытарычная фігура, ужытая на нарадзе — «дамо час, каб абдумалі», — гучыць фактычна як загад.
Беларусь, як і Расія, перайшла на мілітарысцкія рэйкі, дзе сілавікі вызначаюць адукацыйную палітыку. І Вальфовіч дае зразумець: калі ідэі кіраўніцтва ВНУ не будуць падыходзіць пад патрэбы і чаканні сілавікоў, прыйдзецца або думаць далей, або будзе сказана, «як трэба». Таму, я думаю, гэта вельмі важны сігнал для ўсіх маладых людзей і іх бацькоў у Беларусі.