12 верасня памерла Галіна Дзягілева, акторка, стваральніца тэатра аднаго актора «Зніч». Ёй было 77 гадоў.
Акторскую кар’еру Галіна Дзягілева пачала ў 1968 годзе ў віцебскім тэатры імя Якуба Коласа, куды была накіравана па заканчэнні Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкагі інстытута. Там яна прапрацавала 17 гадоў, сыграўшы болш за 50 роляў.
У 1985 годзе Галіна Дзягілева пераехала ў Мінск на запрашэнне Міністэрства культуры і паступіла ў эксперыментальную трупу Маладзенага тэатра, а ў 1986 годзе ўладкавалася ў канцэртна-лекцыйны аддзел Белдзяржфіармоніі.
Тэатр «Зніч» адкрыўся з пастаноўкі ў Сафійскім саборы монаспектаклю «Выгнанне ў рай» па п’есе Н. Рапы, які Галіна Дзягілева падрыхтавала разам з рэжысёркай Віргініяй Тарнаўскайтэ. У далейшым з тэатрам «Зніч», рухавіком якога была менавіта Галіна Дзягілева, лічылі за гонар супрацоўнічаць многія вядомыя майстры беларускай сцэны, рэжысёры, сцэнографы і кампазітары. У рэпертуары тэатра – больш за 20 спектакляў. Сама Галіна Дзягілева выступіла пастаноўшчыцай, а ў некаторых і выканаўцай, спектакляў паводле Янкі Купалы, Анатоля Вярцінскага, Змітрака Бядулі, Ніны Мацяш, Максіма Багдановіча, Ніла Гілевіча, Яўгеніі Янішчыц, Якуба Коласа. Выступіла аўтарам лібрэта да першай нацыянальнай монаоперы «Адзінокі птах» паводле Адама Міцкевіча, Яна Чачота і Рыгора Барадуліна.
Тэатр «Зніч» заслужана карыстаўся любоўю і павагай гледачоў, паспяхова выступаў на беларускіх і замежных фестывалях тэатральнага і музычнага мастацтва.
У лютым 2023 года Дзягілеву адправілі на пенсію, яе калектыў спыніў існаванне.
Развітанне з Галінай Дзягілевай адбудзецца 13 верасня аб 11 гадзіне ў крэматорыі на сталічных Паўночных могілках.
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” шчыра смуткуе і выказвае спачуванні сваякам, блізкім і калегам спадарыні Галіны Дзягілевай, а таксама ўсім, хто ведаў яе і захапляўся талентам.