Цікавыя народныя традыцыі ёсць у кожнага народа. Напрыклад, у беларусаў – гэта незвычайнае свята “Гуканне вясны”. Здаецца, калі не паклічаш гэтую самую вясну, яна і не прыйдзе да нас.
Раней людзі зазывалі, клікалі вясну вясёлымі песнямі і гульнямі, упрыгожвалі двор папяровымі птушкамі, на галінкі дрэў завязывалі рознакаляровыя стужкі, спадарыні выпякалі птушак з цеста і частавалі дзяцей. Казалі, калі птушкі ўбачуць такую прыгажосць, то хутка вернуцца на родную старонку. Моладзь збіралася за вескай на высокім пагурку вадзіць карагоды і спяваць песні.
Пачыналі гукаць вясну з сярэдзіны сакавіка. Прадаўжалася свята аж да таго часу, пакуль не пачыналася праца ў поле.
У беларускай нядзельнай школе “Вясёлка”, што працуе пры таварыстве “Уздым”, гукалі вясну. Дзеці ўдзельнічалі ў тэатралізаваннай пастаноўцы “Ой, Вясна вясёлая!”, якую падрыхтавалі з настаўніцамі Людмілай Сіняковай, Таццянай Блізнаковай і Вольгай Паўловіч. Паказалі абрады гукання вясны, спявалі песні, вадзілі карагоды, з цікавасцю гулялі. Частаваліся гарбатай і смачнымі ласункамі – птушкамі, якія спякла старшыня таварыства “Уздым” Лілія Воранава.
Клас быў упрыгожаны вясеннімі галінкамі з папяровымі птушкамі, зробленымі рукамі дзяцей і іх бацькоў.
Свята прынесла задавальненне і дзецям, і дарослым. Дамоў ісці зусім не хацелася.