Эксперт Аляксандр Кныровіч спадзяецца, што калі-небудзь беларусы змогуць лётаць на самалётах і не пераплочваць. Але тады паўстане пытанне: а навошта патрэбна «Белавія»?
Эканаміст Аляксандр Кныровіч параўнаў пуцёўкі на адпачынак у Турцыю з Варшавы і з Мінска.
Так, пуцёўка на адпачынак для сям’і з чатырох чалавек, двое з якіх дзеці, з Мінска абыдзецца ў 2750 долараў, з Варшавы — у 1650 долараў.
— Цана на пуцёўку складаецца з пералёту, гатэля, трансферу і кошту на паслугі тураператара, — распавядае эксперт у сваім новым выпуску на канале «Кныровіч». — Самая галоўная розніца сёння — у кошце авіябілета. Глядзім, колькі ў тых жа ўмовах каштуюць квіткі на самалёт «Мінск-Стамбул» і «Варшава-Стамбул».
Такім чынам, у першым выпадку гэта 442 еўра, у другім — 285. Прычына такой розніцы?
Па-першае, вайна: даводзіцца аблятаць зону баявых дзеянняў. Стандартны рэйс з Мінска ў Стамбул раней доўжыўся 2 гадзіны 40 хвілін, сёння — 6 гадзін.
Другая прычына — санкцыі. На «Белавія» санкцыі накладваліся тройчы: першы раз летам 2021 года пасля пасадкі самалёта Ryanair. Другі раз — падчас міграцыйнага крызісу, калі «Белавія» абвінавацілі ў садзейнічанні гэтаму.
Тады на еўрапейскія актывы авіякампаніі былі накладзеныя санкцыі, і кампаніям-грамадзянам ЕС было забаронена даваць якія-небудзь фінансавыя сродкі для «Белавія».
Гэта было важна, бо на той момант у беларускай авіякампаніі быў парк з 29 самалётаў, але валодала яна толькі 20. Астатнія самалёты «Белавія» брала ў лізінг ад еўрапейскіх арганізацый. Сёння з 29 самалётаў у авіяпарку кампаніі знаходзіцца 13-14 самалётаў, астатнія ж давялося аддаць.
Трэці этап санкцый прыйшоўся на ваенны час, бо Беларусь дала сваю тэрыторыю для расійскіх войскаў, якія вядуць вайну супраць Украіны. Цяпер кампаніям ва ўсім свеце забаронена абслугоўваць, рамантаваць і іншым чынам выкарыстоўваць амерыканскія дэталі для абслугоўвання парку самалётаў «Белавія».
— Такім чынам, у нас скарацілася колькасць рэйсаў. Сёння мы лётаем строга на ўсход і ледзь-ледзь на поўдзень — там засталіся ААЭ, Турцыя, Грузія.
Аднак я звярнуў увагу на «Белавія» яшчэ да ўсяго гэтага — гадоў сем таму. У яе былі выдатныя паказчыкі, быў нават прыбытак каля 5%. Была толькі адна праблема — гэта дарагая авіякампанія. Працавала гэта так: калі аўстрыйскія авіялініі хацелі ляцець у Мінск, «Белавія» ставіла ўмову «наш рэйс — ваш рэйс», кошты ўтрымлівалі на тым узроўні, які быў зручны ім.
І на фоне гэтага манапалізму і магчымасці ўсталёўваць якія захочаш кошты, у кампаніі заставалася ўсяго 5% прыбытку.
Статыстыка авіякампаніі «Белавія» за 2022 года недаступная, дадае Кныровіч. Але ў доступе ёсць статыстыка за 2019 і 2020 гады. У 2019-м выручка беларускай авіякампаніі складала 883 мільёны, прыбытак да падаткаабкладання — больш за 100 мільёнаў, гэта значыць рэнтабельнасць продажаў каля 12%.
— Гэта класны паказчык, асабліва на ўласным капітале 427 мільёнаў рублёў. Гэта значыць даходнасць капіталу каля 23% пасля лізінгавых плацяжоў — гэта проста шыкоўна.
Калі мы зазіраем у 2020 год, бачым рэзкае падзенне: каранавірус і іншыя абмежаванні даюць адразу мінус 40% — 520 мільёнаў выручка і каля 92 мільёнаў — страту. Але тут хоць бы ўсё вытлумачальна. Вядома, гэтыя страты пагражаюць фінансавай незалежнасці кампаніі: калі ў 2019 годзе быў цалкам прыстойны каэфіцыент суадносін уласнага капіталу кампаніі да ўсяго капіталу, то ў 2020 годзе выраслі крэдыты, лізінгі і скараціўся ўласны капітал.
Пасля пірацкага захопу самалёта ў 2021 годзе і ўдзелу ў вайне ў 2022-м, думаю, цяпер там будзе абсалютна разабраны баланс.
Калі гэта скончыцца? Калі ў беларусаў будзе магчымасць лётаць па нармальных цэнах? Калі скончыцца вайна. Па-другое, калі будуць ліквідаваныя наступствы прымусовай пасадкі самалёта, на борце якога знаходзіліся Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега.
Калісьці гэта, вядома, скончыцца. Але далей паўстане пытанне: а нам наогул патрэбна такая кампанія? «Белавія», якая ніколі і не збіралася змагацца за эфектыўнасць.
Калі пачытаць, як за эфектыўнасць змагаюцца лоукостары, вывяраюць кожную капейчыну выдаткаў, каб дазволіць сабе прадастаўляць для пакупнікоў нізкія цэны, можна знайсці шмат цікавага, і ключавое — гэта колькасць рэйсаў у дзень.
Я не ўяўляю, каб «Белавія» ў сённяшніх умовах ці ўвогуле калі-небудзь пачала змагацца за сабекошт. Навошта старацца, калі можна проста падняць кошты — беларусы ўсё роўна нікуды не падзенуцца, — робіць выснову Кныровіч.
Паводле gazetaby.com,
пераклад novychas.online