Для кіраўнічкі гурта традыцыйных спеваў «Беларускі цуд» Святланы Чакушкі беларускі фальклор — гэта «і тэрапія, і паглыбленне ў нашу культуру, і прасоўванне яе там, дзе апынуліся зараз многія беларусы».
Беларускі культурніцкі ландшафт Вільні неяк ужо і цяжка ўявіць зараз без «Беларускага цуду». Дзяўчаты ў традыцыйных строях бяруць удзел у «Ночы (не) расстраляных паэтаў», калядуюць, адкрываюць паэтычны фэст, ствараюць культурныя праекты ў падтрымку Украіны (), спяваюць на самых розных беларускіх і не толькі імпрэзах.
Пры гэтым, як кажа ў інтэрв’ю Budzma.org кіраўнічка гурта «Беларускі цуд» Святлана Чакушка, музыка — гэта «нават не мая профільная адукацыя, з музычнай адукацыяй у мяне — музычная школа па класе фартэпіяна».
— Па першай адукацыя я гісторык, па другой — менеджарка сацыякультурных праектаў. Так што я не маю профільнай адукацыі ў вакальнай сферы, сферы этнамузыкалогіі, народных спеваў. Усё, што я ведаю і ўмею, гэта ў большай ступені напрацавана практыкай, камунікацыяй з больш дасведчанымі людзьмі. Я не лічу сябе спецыялісткай у гэтай галіне, але проста маю жаданне падзяліцца тым, што ведаю сама, з людзьмі, якім гэта цікава.
— Дык а як гэтыя спевы ўвайшлі так моцна ў Вашае жыццё?
— Насамрэч, цікавасць з’явілася вельмі даўно, я пачала цікавіцца менавіта традыцыйнымі спевамі, калі паступіла ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, створаны на базе Наваполацкага політэхнічнага інстытута. Пры ўніверсітэце па ініцыятыве выкладчыкаў гісторыка-філалагічнага факультэта быў створаны клуб «Княжыч», які займаўся вывучэннем беларускіх традыцый, гісторыі, і менавіта праз «Княжыч» я зацікавілася фальклорам, беларускімі спевамі, нашай традыцыйнай культурай. За гэта, перш за ўсё, хочацца падзякаваць маім выкладчыкам і выкладчыцам — Вользе Антонаўне Емельянчык, якая навучыла мяне спяваць, Уладзіміру Аляксандравічу Лобачу — ён проста профі ў галіне даследавання беларускай традыцыйнай культуры. Сваё захапленне яны перадалі сваім шматлікім студэнтам і студэнткам. Гэта былі вельмі такія насычаныя студэнцкія часы. Лічу, што мне вельмі пашанцавала, што патрапіла тады ў такі асяродак, бо адтуль не толькі любоў да спеваў, але ўвогуле ўсведамленне важнасці беларускасці, мовы, ведання беларускай гісторыі. І тое, кім я ёсць зараз, шмат у чым было закладзена менавіта падчас маёй вучобы ва ўніверсітэце, тады была такая там атмасфера і такія людзі, што там працавалі. Мая падзяка да сённяшняга часу ім.
— Зараз Вы ў Вільні…
— Ну, глабальна зразумела, чаму я тут. З’ехала ў жніўні 2021 года, быў шэраг прычын, адна з галоўных прычын — гэта разгром беларускага трэцяга сектара, які адбыўся ў ліпені 2021-га. А я апошнія гадоў восем шчыльна працавала якраз у НДА, то-бок, стала відавочным, што месца дзейнасці больш няма… Стан поўнай разгубленасці, пры гэтым з’язджаць вельмі не хацелася, бо вельмі люблю Беларусь, сваю малую радзіму, родных, увогуле не ўяўляю сваё жыццё без Беларусі, але сітуацыя такая, на жаль. Лічу, што сёння магу прынесці Беларусі больш карысці тут.
— А малая радзіма, гэта дзе?
— Лёзненшчына, на мяжы з Расіяй. Там вёска, дзе нарадзілася мама, дзе я шмат праводзіла часу ў дзяцінстве і юнацтве. Сама з Віцебска, але палову свайго жыцця правяла ў вёсцы на Лёзненшчыне. Як я кажу, мяне там чакаюць мае магілы. І там яшчэ ёсць людзі, да якіх можна прыехаць. Я вельмі сумую па гэтых мясцінах, гэта — маё месца моцы, якога зараз я пазбаўленая, адчуваю гэта вось проста на фізічным узроўні. Вельмі не хапае.
— Пасля ўніверсітэта працягвалі займацца спевамі?
— Гэта даволі доўгая гісторыя. Пасля навучання ва ўніверсітэце, дзе я спявала ў «Княжычы», з’ехала па размеркаванні працаваць у школу ў вёску. Там спрабавала неяк спяваць у мясцовым клубе, гэта быў вельмі цікавы досвед — такая, што называецца, мастацкая самадзейнасць пад баян. Потым вярнулася ў Віцебск, па розных прычынах крышачку выпала з гэтай усёй хвалі, але ў нейкі момант у галаве ўключылася лямпачка: я ж ужо ўмею спяваць, можа з гэтым можна нешта зрабіць? У мяне ёсць сябра студэнцкі, даволі вядомы культурны дзяяч, прадзюсар Віталь Броўка, які на той момант жыў у Віцебску. І я звярнулася да яго па дапамогу. Так праз яго пазнаёмілася з дзяўчатамі і хлопцамі з віцебскай, скажам так, каляэтнічнай суполкі, у выніку гэтых знаёмстваў у нас з’явіўся гурт з вельмі дзіўнай назвай «Паўночная Сухадроўка».
— Экзатычна…
— Сухадроўка — гэта такая рэчка, што працякае ў Віцебскім і Лёзненскім раёнах, мы вырашылі, па аналогіі з Заходняй Дзвіной, неяк абазначыць прыналежнасць — так і атрымалася Паўночная Сухадроўка. Спявалі, ладзілі ў Віцебску розныя імпрэзы, нават два разы ездзілі на этнафэст у Даўгаўпілс. Ганаруся, што змаглі рэалізаваць праект «Забаўлянкі для Янкі» пры дапамозе кампаніі «Будзьма беларусамі!» у 2013 годзе. Тады ў Віцебску быў цэнтр рамёстваў «Задзвінне» — на яго базе зрабілі серыю асветніцкіх сустрэч для бацькоў і дзяцей, расказвалі ім пра розныя беларускія абрады, традыцыі дзіцячага выхавання, ладзілі Каляды, гукалі вясну, дзеці рабілі батлейку, якую потым паказвалі ў Тэатры лялек. У выніку нават змаглі запісаць дыск з калыханкамі і казкамі. Сам дыск «Калыханкі для Янкі» ўжо даўно разышоўся, зразумела, але можна і зараз яго спампаваць у інтэрнэце і свабодна карыстацца для выхавання сваіх дзетак па-беларуску.
Яшчэ ў Віцебску лёс звёў мяне са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам, мелі даволі цесныя стасункі з мінскай этнасуполкай. То калі пераехала ў Мінск, стала больш удзельнічаць у жыцці СЭТ. Дзяўчаты з гурта «Мярэжа» запрасілі далучыцца да іх — і апошнія сем год да ад’езду з Беларусі спявала там, ды й нават зараз я лічу сябе часткай «Мярэжы». Падтрымліваем сувязь, па магчымасці сустракаемся, нягледзячы на тое, што ёсць «Беларускі цуд», працягваю лічыць сябе часткай «Мярэжы», бо гурт, дзяўчаты з гурта — частка маёй душы. Упэўнена, што калісьці мы працягнем супрацу. Я шмат чаму ад іх навучылася і шмат чаго зрабілі разам, удзельнічалі ў фэстах і ў Беларусі, і за мяжой. Таксама запісалі інтэрнэт-альбом Жніўных песень. Перад маім ад’ездам нават паспелі запісаць колькі песень у студыі — яны пакуль чакаюць свайго часу.
— Гэта песні свята ўраджаю?
— Песні розныя, бо працэс жніва доўгі — там ёсць песні і пачатку жніва альбо зажынкі, шмат песень, якія жанчыны спявалі ў працэсе. Спевы — шматфункцыянальная справа, асабліва калі казаць пра традыцыйныя, абрадавыя спевы, якія неслі шмат розных сэнсаў. Прынамсі, калі актуалізаваць да сённяшніх рэалій, то гэта такая псіхалагічная тэрапія. Працэс жніва — гэта цяжкая фізічная праца. Жанчыны спявалі і для таго, каб адпачыць, і для таго, каб скінуць нейкія негатыўныя эмоцыі, і каб неяк паўздзейнічаць на навакольны свет, бо людзі ж верылі, што праз асаблівыя песні ды абрады могуць узаемадзейнічаць са светам прыродным, са светам продкаў. Падчас жніва поле звінела ад спеваў. Калі ўжо жніво сканчалася, то свята дажынак, якое зараз, на жаль, па вядомых прычынах мае не дужа пазітыўную канатацыю. Але святкавалі вельмі ўрачыста, жнейкі былі цэнтрам увагі — іх аддзячвалі за тое, што яны зрабілі такую важную працу, бо без зерня не будзе жыцця. Жыта і жыццё перагукаюцца, думаю, гэта не проста так.
Зараз у мяне адчуванне, што шмат якія святы — гэта ўжо крышачку псеўдафальклорная культура, якую прасоўвалі і зараз прасоўваюць дамы культуры. Людзі там розныя, ёсць шмат цудоўных людзей, якія працуюць са спадчынай, але і шмат пастановачных нейкіх дзеянняў, якія да традыцыйнай культуры не маюць аніякіх адносінаў. На жаль, вёска памірае глабальна. Няма працы, перспектываў, моладзь з’язджае. Застаюцца старыя людзі, якія паціху сыходзяць. З аднаго боку, гэта аб’ектыўная рэальнасць — мы жывём у іншай цывілізацыі, у нас няма патрэбы ісці ў поле жаць, ці зімовымі вечарамі ткаць палотны і г. д. Зразумела, што гэта ўплывае на ўсю сістэму жыцця. Але ў нас назапашана вельмі шмат інфармацыі, вельмі шмат запісаў, і яны паступова акадэмічнымі ўстановамі выкладаюцца ў адкрыты доступ, пэўная частка ўжо адлічбаваная, то-бок гэтым можна карыстацца, можна слухаць, знаёміцца, выкарыстоўваць і ў навуковай, і ў творчай дзейнасці.
— Дык а як выйсці з-пад уплыву «псеўда»?
— Мне здаецца, варта знаёміцца з досведам іншых краін, той жа Літвы, Эстоніі, Польшчы, дзе даволі шмат цікавага ў гэтай сферы адбываецца. Пачынаць знаёміць людзей з традыцыйнай культурай са школы, з дзіцячага садка. Зразумела, гэта не павінна быць пад прымусам, такой, як гаворыцца, абязалаўкай, але дзеці павінны хаця б мець уяўленне пра тое, якое ў нас ёсць багацце, чым займаліся і як жылі нашы продкі, як можна гэта трансляваць у сучаснай прасторы. Паглядзіце на Літву: тут паўсюль выкарыстоўваюцца тыя ж саламяныя павукі, якіх у Беларусі ўжо многія і не ведаюць, хаця гэта было распаўсюджана ў нашай культуры. А ў Літве бачыш іх паўсюль, яны натуральна ўпісваюцца ў любы дызайн інтэр’ераў. Ці паглядзіце, якую цікавасць выклікае свята Казюкас. І можна не вынаходзіць ровар, а пазнаёміцца з тым, як гэта адбываецца ў іншых краінах, блізкіх і нават не блізкіх.
У мінулым годзе я была ў Осла, мы хадзілі ў мясцовы скансэн, гэта быў снежань, халодна, але пры гэтым там вельмі шмат людзей з дзецьмі, якія там ці то палачкі стругаюць, ці то нейкія караблікі робяць, ці то танчаць на сцэне свае нарвежскія танцы у строях. І бачна, што самі нарвежцы ўсведамляюць важнасць знаёмства сваіх дзетак з традыцыйнай народнай культурай. Ёсць што пераймаць, ёсць што перапрацоўваць. Спадзяюся, пабачым такое і ў нас. Адзінае, што вельмі важна, на мой погляд, каб распрацоўкай такіх праграм займаліся адмыслоўцы. З аднаго боку, трэба пачынаць са школы, з іншага, трэба пераглядаць праграмы адпаведных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, каб старацца максімальна выціснуць з прасторы гэты псеўдафолк, які прыйшоў яшчэ з савецкіх часоў і які вельмі моцна нашкодзіў беларускай традыцыйнай культуры і ўспрыманню яе людзьмі. Гэта вельмі вялікая праца, насамрэч. Спадзяюся, што ў нас ва ўсіх будзе магчымасць гэтым займацца.
— Вернемся да «Беларускага цуду», Вы адразу па пераездзе заняліся ім?
— Ехала сюды з думкай, што абавязкова што-небудзь тут прыдумаю, зраблю нейкі гурток, бо для мяне гэта было і ёсць важным. Спевы і фальклор — частка мяне, і без гэтага не жыву. Амаль адразу знайшлося памяшканне — Беларускі дом у Вільні. Я дала абвестку, але не ставіла ад пачатку мэту рабіць менавіта гурт, які выступае і г. д. Мне было важна знайсці аднадумцаў, спяваць з імі, перадаваць камусьці тое, што сама ведаю — у гэтым і мая падтрымка самой сябе. Па-другое, ведаючы тэрапеўтычную сілу традыцыйнага спеву, разумела, што шмат хто з пераехалых знаходзіліся і знаходзяцца не ў лепшым псіхалагічным стане. Спадзявалася, што хоць чымсьці змагу дапамагчы, што яны хоць раз на тыдзень змогуць прыйсці паспяваць і праз спевы свой боль, свае негатыўныя эмоцыі, траўмы падлячыць. Для мяне таксама вельмі важна прасоўваць каштоўнасць нашай культуры. Каб мы, вымушана з’ехалыя, не забывалі, адкуль мы. Для мяне спевы — гэта нітка, што звязвае мяне з Радзімай. І для мяне важна гэтую нітку перадаць і іншым людзям, паказаць ім прыгажосць і шматбаковасць нашай культуры. Паказаць, што нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што ведаць і вывучаць, што трансляваць іншым. Ну і такі гурток — гэта не толькі паспяваць, але пагаварыць, пасябраваць. За ўжо дастаткова доўгі час склаліся даволі цёплыя сяброўскія адносіны — і гэта вельмі класна. Зараз з ліку тых людзей, што ходзяць спяваць, ёсць частка, якія хочуць выступаць публічна, ёсць тыя, хто хоча пець толькі для сябе, для душы. За апошні год пачалі паступова абзаводзіцца строямі, хай яны яшчэ пакуль не вельмі дасканалыя, але ўсё ж…
— І як абзавядзенне строямі?
— Па-рознаму, хтосьці замаўляе, хтосьці сам шые. Я крышачку, дарэчы, умею таксама шыць і вышываць, так што і тут магу нечым падзяліцца. Ну і я бачу цікаўнасць, цікаўнасць ужо не проста пець, бачу, што многія потым пачынаюць цікавіцца глыбей. Гэта вельмі класна. Часам хтосьці прыходзіць са сваімі дзецьмі, якія, здаецца, займаюцца сваімі справамі падчас нашых заняткаў, але ж усё бачаць і чуюць. То-бок, такое нязмушанае паглыбленне адбываецца ў традыцыйную культуру. Вось так уласна кажучы і з’явіўся гурт традыцыйнага спеву «Беларускі цуд».
— Наколькі ведаю, ёсць яшчэ ўдзел у літоўскім гурце?
— Мяне запрасілі ў гурт Namysto, які быў створаны яшчэ ў 2019 годзе літоўскімі дзяўчатамі і хлопцамі, якія цікавяцца ўкраінскім фальклорам. Пасля пачатку вайны ў Літву пераехала вядомая ўкраінская этнамузыкалагіня і спявачка Галіна Пшанічкіна, яе прыезд і прыцягненне да дзейнасці гурта даў яму новы імпульс. Адна з дзяўчат ведала мяне — і запрасіла далучыцца да іх спяваць украінскі фальклор. Так, зараз я ўдзельніца і Namysto. Быў ужо першы досвед выступленняў, спявалі на звычайным канцэрце і на акцыі 24 лютага. Для мяне гэта вельмі цікавы накірунак, мне вельмі важна не толькі аддаваць, але вучыцца і браць ад іншых людзей. Вельмі рада такой магчымасці, новаму ўзроўню.
— Што ў планах?
— Не люблю планаваць, асабліва ў цяперашніх умовах. Але — закончыць навучальны год, у лістападзе быў набор у новую групу жадаючых спяваць, зараз ужо некаторыя людзі з гэтай групы далучаюцца да «старшакурснікаў», некаторыя ўжо гатовыя выступаць публічна. Працягнем працу над строямі. На канец чэрвеня нас запрасілі на фэст у Польшчу. Увогуле, вельмі часта нам тэлефануюць і запрашаюць выступіць за два-тры дні да мерапрыемства, такое сабе планаванне. Чакаем лета.