Ігната Канчэўскага больш ведаюць пад псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч — менавіта так звалі аўтара першага ў гісторыі беларускай філасофскай думкі праграмнага эсэ «Адвечным шляхам». Важны ва ўсіх сэнсах для разумення нашага светапогляду тэкст не расчытаны і па сёння, як не даследавана цалкам і жыццё яго аўтара. Віленская паэтка, рэдактарка і архівістка Тамара Юсціцкая адкрывае новыя факты на лёс Ігната Канчэўскага. «Новы Час» публікуе першую частку яе матэрыялу.
21 красавіка 2023 года спаўняецца 100 гадоў з дня смерці Ігната Уладзіміравіча Канчэўскага (1896-1923), вынікам нядоўгага жыцця якога стала філасофскае эсэ «Адвечным шляхам». Аўтар, як і яго твор, перажылі і імгненне славы, і амаль поўнае забыццё, аднак сіла слова, думкі і асобы, як жыццё, што драмала ў засохлым семечку, дачакаўшыся свайго тэрміну, зноў і зноў выклікаюць цікавасць.
Нядаўна атрымалася знайсці ўнука Ігната Канчэўскага Міхала (1943 г. н.), які ўжо шмат дзесяцігоддзяў з сям’ёй жыве ў невялікім універсітэцкім горадзе ў Канадзе, і ўнучку Еву (1946 г. н.), якая з 1985 года жыве з сям’ёй у Лондане. Яны адгукнуліся на прапанову расказаць пра лёсы ўдавы і дачкі Канчэўскага — Людмілы-Мікі (1896-1976) і Алены-Леначкі (1919-1990). Дарэчы, яны ведалі, што іх дзядулю з дзяцінства дома і сярод сяброў называлі асаблівым імем — Ганга.
З лістоў Арсенія Канчэўскага (1901-1931), малодшага брата Ігната, вядома, што Міка пасля смерці мужа пераехала ў Варшаву, дзе ў яе былі сябры, і прывезла з сабой паперы Ігната. 27 кастрычніка 1927 года з турмы ў Вронках Арсень пісаў маці:
«…У гэтым месяцы адзін ліст пайшоў да Мікі. (…) Хацелася б вельмі пазнаёміцца з нататкамі Гангі 19-20 года, здаецца, гэта будзе зусім недаступна, паколькі знаходзяцца яны ў Мікі. Сумняваюся, што яна калі-небудзь з гэтым пагодзіцца, бо таямніца лістоў і дзённікаў — святое для кожнага інтэлігента».
Паводле звестак родных, кватэра ўдавы Ігната з усім майном згарэла падчас бамбёжак Варшавы ў 1944 годзе. Захавалася толькі некалькі фотаздымкаў, якія Міка насіла пры сабе: фота мужа ў труне падчас яго адпявання ў Знаменскай царкве на Звярынцы ў Вільні і фота дачкі Леначкі — якой яе ведаў тата.
Сваякі падзяліліся сканамі шматлікіх фотаздымкаў, іншых дакументаў, а таксама копіяй успамінаў Людмілы. У іх яна піша, у асноўным, пра шчаслівае дзяцінства на Доне, пра адносіны ў бацькоўскай сям’і, пра паездкі да сваякоў у Санкт-Пецярбург. Некалькі старонак прысвечана жыццю і школьным гадам у Вільні, заключная частка тэксту расказвае пра яе сямейнае жыццё — фактычна, апошнія гады Ігната. Тэкст хутчэй эмацыйны, чым інфарматыўны, не разлічаны на задавальненне цікавасці даследчыка — часцяком не называюцца імёны, прозвішчы, мясцовасці, даты. Гэтыя ўспаміны, відаць па ўсім, прызначаныя для дачкі і ўнукаў, Людміла напісала на польскай мове — быць можа, ужо пасля вайны.
Яшчэ адзін новы матэрыял, які мае дачыненне да ролі тэасофіі і асобных чальцоў тэасофскага таварыства ў жыцці мужа і жонкі, які пакінула па сабе Людміла Канчэўская, знайшоўся ў Кракаве, у архіве Польскай акадэміі навук. Ён змяшчае апісанне абставін смерці Ігната Канчэўскага і падрабязнасці пачатку ўключэння Мікі ў дзейнасць варшаўскага аддзялення Польскага тэасофскага грамадства. Час стварэння тэксту — відавочна, першыя пасляваенныя гады, бо ён запісаны на розных лістках паперы, якая была ў велізарным дэфіцыце. Менавіта тады былыя актывісты тэасофскага таварыства пачалі аднаўляць страчаныя у пажарах Варшавы звесткі пра гэтую арганізацыю, чальцамі якой былі выбітныя прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі.
Усе цытаваныя ўрыўкі з успамінаў Людмілы Канчэўскай перакладзеныя з польскай Тамарай Юсціцкай.
«Мілачка, Мікалінка, Міка»…
Ганга Канчэўскі пазнаёміўся з паненкай, якая праз шмат гадоў стала яго жонкай, у той дзень, калі разам з сябрамі прагульваў заняткі. Назапасілася шмат тэм для абмеркавання, і сябры вырашылі паехаць у Новую Вілейку пагуляць, пакатацца на санках.
Пагаварыць «па сакрэце» не ўдалося, а дзень гэты запомніўся, таму што Шура Іваноў выканаў абяцанне запрасіць паненак. Сімпатыя Шуры, Людачка Палякова, паддалася на ўгаворы і разам з сяброўкамі прыйшла ў прызначаны час на вакзал. «Прагульшчыкі» пазнаёміліся, шумна і весела прабавілі час.
За Гангам Канчэўскім ужо ў падлеткавым узросце замацавалася слава «філосафа» і «псіхолага», сябры таксама не адставалі ад яго — кожны ў кампаніі быў індывідуальнасцю: Шура Іваноў, акулярык, быў «матэматыкам», Стась Вашкевіч — «тэхнолагам», Дзёма Франдоўскі — «літаратарам» і «артыстам». Усю кампанію яднала любоў да паэзіі, музыкі, сябры не прапускалі мастацкіх выстаў, запоем чыталі.
Ганга разам з сябрамі стаў бываць у доме Паляковых, дзе Людачка з сяброўкамі ладзіла вечарынкі з танцамі, гульнямі, чытаннем вершаў і музіцыраваннем. Паляковы жылі ў Вільні з 1909 па 1913 год, іх кватэра знаходзілася на Антокалі, за паркам вайсковага шпіталя (тады гэта была вул.Антокальская 45-3).
Міка разважала, што імя чалавека — складзеная ў некалькіх літарах квінтэсенцыя пачуццяў: «У дзяцінстве і ў раннім юнацтве мяне называлі Мілачкай, пасля замужжа Мікалінкай і Сонейкам, пасля смерці Гангі — Мікай і Матуляй. Пасля замужжа Лены (дачкі) — Маці, Бабуля».
Тамара Юсціцкая, novychas.online
З руска-японскай вайны Віталь Палякоў вярнуўся «іншым чалавекам». Ён страціў ласку начальства, стаў хмурным, раздражняльным і прыдзірлівым. Яго доўга не прызначалі на службу, нарэшце адправілі ў полк, які мусіў служыць у Вільні. Дзеці ніколі не даведаліся, што здарылася з бацькам на далёкай вайне, але ранейшым да канца жыцця ён так і не стаў…
Улетку 1913 года Віталь Палякоў сышоў у адстаўку і ў баявых дзеяннях Першай сусветнай вайны не ўдзельнічаў: ваеннаабавязанымі лічыліся мужчыны ва ўзросце да 43 гадоў. Яны з жонкай купілі невялікі маёнтак, а сродкі на жыццё атрымлівалі, прадаючы ўраджай бахчы і саду. У 1919 годзе, калі сужэнцам было за 60 і побач ужо не было нікога з дзяцей, іх наладжанае жыццё разбурылася: Дон ахапіла грамадзянская вайна…
Бацькі з малодшымі дзецьмі з’ехалі з Вільні на пачатку 1913 года, пакінуўшы Мілачку заканчваць навучальны год у шостай класе гімназіі. Ёй ішоў сямнаццаты год, аднагодкі вучыліся на адну класу вышэй, таму было вырашана не губляць яшчэ год праз службу бацькі. Вучылася дзяўчынка няблага, на чацвёркі, стаўленне да яе педагогаў было добразычлівым, так што бацькі нехаця пакінулі яе ў сям’і сябра — начальніка ваеннага шпіталя.
Здаўшы ўсе экзамены, Людачка з’ехала на радзіму, на Дон. Дакументы для працягу вучобы былі высланы з Віленскай марыінскай гімназіі ў жаночую гімназію Усць-Мядзведзіцы, пасля заканчэння якой Людміла з 1914 года яна жыла ў Санкт-Пецярбургу, у сям’і старэйшага брата Мікалая, і вучылася на Вышэйшых жаночых курсах Мікалая Раева. На гісторыка-літаратурным факультэце яна вывучала багаслоўе, псіхалогію, логіку, педагогіку, філасофію, рускую і ўсеагульную літаратуру і гісторыю, гісторыю мастацтваў.
Спачатку Людачка сумавала, нейкі час пісала лісты сябрам, атрымлівала ад іх адказы. Наўрад ці тады думалася, што з некаторымі з іх яшчэ давядзецца сустрэцца і што ў яе жыцці наступіць час, калі яна зноў будзе жыць у Вільні…
Вяртанне ў Вільню
Да канца 1918 года скончылася нямецкая акупацыя Вільні. Нягледзячы на ўсю палітычную калатнечу наступнага часу, пачаўся зваротны рух насельніцтва, што некалі уцякала ад вайны: пасля дэмабілізацыі і з эвакуацыі, хто застаўся ў жывых, хто толькі мог і хацеў, вярталіся ў свой родны горад. Ад вайны, змены ўладаў стамляюцца не толькі людзі, але і гарады. Таму гэта быў ужо не той горад, які яны пакінулі. Паўсюль сляды вайны і акупацыі: наплыў беспрытульных бежанцаў, беспрытульныя дзеці, закінутыя дамы, напалову разабраныя на дровы, беспрацоўе, хваробы, усеагульнае недаяданне і нават голад, страта сувязі з блізкімі, адсутнасць вестак ад мабілізаваных на фронт. Часовыя «гаспадары» горада, улады, якія часта мяняліся, мала звярталі ўвагі на грамадзянскіх асоб — былі занятыя праблемамі ўтрымання горада ў сваіх руках.
На фоне гэтага палітычнага калейдаскопа на былой вуліцы Другой Палявой, што звалася па-польску «Друга Полёва», у вялікім драўляным доме, некалі пабудаваным бацькам Ігната Уладзімірам Ігнатавічам, паступова сабралася ўся сям’я.
Паводле кнігі рэгістрацыі жыхароў, якая спачатку вялася няўмела і ўтрымлівала шмат правак, Канчэўскія прыбылі ў Вільню з Віцебска. Мяркуючы па тым, што Уладзімір Ігнатавіч зарэгістраваны па нямецкім пашпарце, яны вярнуліся, калі ў горадзе яшчэ гаспадарылі немцы.
Напрыканцы лютага 1919 года ў кнізе быў зарэгістраваны Ігнат Канчэўскі. Ён адсутнічаў на радзіме з 1913 года: спачатку была вучоба ў Санкт-Пецярбургу і Маскве, потым Канчэўскі браў удзел у ваенных дзеяннях на Румынскім фронце, а пасля, скончыўшы вышэйшыя кааператыўныя курсы, працаваў у Смаленску. У родны горад ён вярнуўся з жонкай: Людміла была запісана па пашпарце, выдадзеным 22 красавіка 1918 года (№ рэг. 1150) другім аддзяленнем маскоўскай міліцыі. Выяўленне ў архіве справы аб выдачы гэтага пашпарта магло б пацвердзіць або абвергнуць «легенду» з некралога Канчэўскага пра яго паездку на Дон да «нявесты», гэта значыць ўдакладніць дату і абставіны заключэння шлюбу. Пакуль гэтых дакументаў знайсці не ўдалося.
Працяг будзе.