Зразумела, што рэжым нікому не дараваў падзеі 2020 года, цяпер ламае і спрабуе паставіць на калені галоўных герояў таго часу. Але ці з’яўляецца фізічнае ламанне, стварэнне нечалавечых умоў выжывання самамэтай беларускага рэжыму? Ці ён дабіваецца нечага іншага? Піша «Новы Час».
Што стаіць за гісторыяй са знікненнем Віктара Бабарыкі амаль на пяцёра сутак і таямнічым з’яўленнем у наваполацкай калоніі №1 «жывым і здаровым», інфармацыйнай ізаляцыяй Ігара Лосіка, Міколы Статкевіча, Максіма Знака, іншых палітвязняў?
— Я думаю, гісторыя Віктара Бабарыкі — звычайныя катаванні, якія ператварыліся ў будзённасць у Беларусі, — мяркуе адвакат Алесь Міхалевіч. — Гэта датычыць не толькі знакавых палітвязняў, але і ўсіх астатніх.
На думку юрыста, «рэжым вельмі даўно перастаў думаць і прагназаваць свае дзеянні».
— Рэжым паводзіць сябе, як шалёны сабака, які нападае на ўсіх, хто апынецца побач, і кусае ўсіх, да каго дацягнецца. Прынамсі, я не бачу прадуманасці і логікі ў дзеяннях рэжыму. Проста жорсткая помста, — адзначае Алесь Міхалевіч.
Адвакат пракаментаваў і прысуд Раману Пратасевічу, вынесены ўчора Мінскім абласным судом. Як вядома, Раман Пратасевіч асуджаны на 8 гадоў узмоцненага рэжыму па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса. Чалавек пагадзіўся супрацоўнічаць са следствам, часова стаў рупарам дзяржаўнай прапаганды — прыняў усе ўмовы здзелкі, прапанаванай рэжымам. І што атрымаў у падзяку?
— Мы яшчэ не ведаем, ці не будзе Пратасевіч памілаваны. Кейс Пратасевіча пацвярджае, што любыя дамоўленасці з рэжымам надзвычай ненадзейныя, бо яны могуць быць парушаны ў любы момант. Раю проста не верыць ніякім абяцанкам беларускага рэжыму, — кажа Алесь Міхалевіч.
З юрыдычнага пункту гледжання прысуд Пратасевічу каментаваць увогуле немагчыма, лічыць адвакат.
— Большасць новых артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія з’явіліся пасля 2020 года, міжнароднае права кваліфікуе як палітычныя. А як можна пракаментаваць прысуд па крымінальнай справе, вынесены на аснове палітычных артыкулаў?
На думку адваката, «Пратасевіч яшчэ можа спатрэбіцца рэжыму як прапагандыст — вельмі мала людзей, якія так радасна ідуць на супрацоўніцтва».