Навошта ўладам ліквідаваць грамадскія арганізацыі, якія не маюць ніякага дачынення да палітыкі і ніякай пагрозы для рэжыму ўяўляць не могуць?
Да чаго прывядзе масавая ліквідацыя НДА ў Беларусі, распавяла «Филину» Вольга Смалянка, кіраўніца праваабарончай арганізацыі «Lawtrend», зарэгістраванай у Грузіі.
Праваабаронцы паведамляюць пра суды, на якіх ліквідуюць шэраг арганізацый у Гродзенскай вобласці. У іх ліку грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Гімціне» («Радзіма»), Гродзенскае грамадскае аб’яднанне шматдзетных бацькоў і сірот, мотаклуб «Насарог», спартыўнае грамадскае аб’яднанне «Футбол для ўсіх», «Валейбольны клуб «АКВА».
— Навошта ўладам ліквідаваць грамадскія арганізацыі, якія не маюць ніякага дачынення да палітыкі і ніякай пагрозы для рэжыму ўяўляць не могуць?
— Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, у пераліку прымусова ліквідаваных арганізацый, які вядзе «Lawtrend», 830 некамерцыйных арганізацый (са студзеня 2021-га па сённяшні дзень). Гэта ўстановы, асацыяцыі, грамадскія аб’яднанні і фонды. Гэта тыя арганізацыі, у дачыненні да якіх пададзены пазовы аб ліквідацыі альбо прыняты рашэнні аб ліквідацыі органам рэгістрацыі.
Акрамя таго, мы вядзём пералік арганізацый, якія знаходзяцца ў працэсе самаліквідацыі. Гэта таксама важна проста таму, што многія з арганізацый ліквідуюцца пад прымусам. Гаворка пра тактыку ціску з боку дзяржорганаў, калі органы ўлады выклікаюць прадстаўнікоў мясцовых арганізацый і вельмі настойліва рэкамендуюць ім самаліквідавацца. У спісах на самаліквідацыю ў Беларусі 461 арганізацыя (статыстыка за перыяд са жніўня 2020-га па сённяшні дзень).
Гісторыя ў Беларусі развіваецца спіралепадобна: рэпрэсіі, потым наступала зацішша. Апошнія два з паловай гады — перыяд беспрэцэдэнтных, самых масавых рэпрэсій. Цяпер мы назіраем трэцюю хвалю ліквідацыі NGO.
Калі пачынаецца віток рэпрэсій, заўсёды закранаюцца некамерцыйныя арганізацыі і СМІ ў першую чаргу. Звязана гэта з тым, што медыя распаўсюджваюць інфармацыю, а дзейнасць некамерцыйных арганізацый накіравана на аб’яднанне людзей.
У асноўным у некамерцыйныя арганізацыі аб’ядноўваюцца актыўныя людзі. А гэта ва ўяўленні рэжыму патэнцыйная небяспека. Менавіта таму ліквідацыя закранула і тыя арганізацыі, дзейнасць якіх не накіравана на дэмакратычныя пераўтварэнні. Напрыклад, праваабарончая арганізацыя займаецца правамі чалавека, але ў разуменні ўлады гэта палітыка.
Маштабная кампанія па ліквідацыі некамерцыйных арганізацый пачалася летам 2021 года. І тады ўжо ў спіс траплялі арганізацыі абсалютна рознага кірунку дзейнасці. Гэта і праваабарончыя арганізацыі, і тыя, чые дзеянні былі скіраваныя на гендарную роўнасць, культурныя, спартыўныя і гэтак далей.
У лютым гэтага года быў зменены закон аб грамадскіх аб’яднаннях, які абавязвае арганізацыі прывесці свае статуты ў адпаведнасць з законам. Гэта значыць, у прынцыпе ва ўлады цяпер ёсць і іншы механізм адсеяць непатрэбныя, на яе думку, арганізацыі. Але махавік рэпрэсій настолькі закруціўся ў адносінах да некамерцыйных арганізацый, што хваля ліквідацый не спыняецца. Практычна кожны дзень мы фіксуем новыя пазовы на ліквідацыю.
У Гродзенскай вобласці пададзена шмат пазоваў аб ліквідацыі некамерцыйных арганізацый. У Брэсцкай вобласці пераважае колькасць арганізацый, якія самаліквідаваліся. І гэта кажа пра розную нават у рэгіянальным кантэксце тактыку ўлады ціснуць на арганізацыі грамадзянскай супольнасці.
Улады абіраюць розныя формы ціску: выклікі на гутаркі, прымус да выключэння з членаў арганізацыі пэўных людзей, адсутнасць доступу да фінансавання. Ліквідацыя — гэта не адзіная форма ціску на арганізацыю і яе членаў, валанцёраў.
— Да чаго гэта ўсё прывядзе — улады хочуць стварыць стэрыльнае поле, дзе будуць толькі праўладныя грамадскія арганізацыі?
— З аднаго боку, мы бачым, што сапраўды ёсць спробы стварэння стэрыльнага поля. І гэта адбываецца не толькі шляхам ліквідацыі, але і праз тое, што ўлада, аказваючы ціск на адны арганізацыі, выпінае іншыя. Напрыклад, частка арганізацый мае асаблівыя формы ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі: Беларускі саюз жанчын, БРСМ і іншыя.
Але ў той жа час нельга сказаць, што ў Беларусі створана стэрыльнае поле, таму што застаюцца арганізацыі, якія ўсё яшчэ працуюць, хоць і ў вельмі цяжкіх умовах. Некаторыя з іх вымушаны мімікрыраваць пад прадзяржаўныя арганізацыі, дзяржпалітыку, дзяржпраграмы, таму што яны па-іншаму не выжывуць, а з мэтавымі групамі трэба працаваць.
У краіне забаронена дзейнасць незарэгістраваных арганізацый, уведзена крымінальная адказнасць за ўдзел у іх. Маштабныя рэпрэсіі, паўсюднае парушэнне правоў чалавека вельмі ўплываюць на жыццё людзей. Але немагчыма цалкам здушыць жаданне людзей дапамагаць іншым, аб’ядноўвацца.
Ёсць яшчэ шэраг арганізацый, кіраўнікі, члены, удзельнікі якіх былі вымушаны з’ехаць з краіны ў сувязі з пераследамі, але яны працягваюць працаваць у інтарэсах Беларусі. І гэта таксама вельмі важна. Калі мы гаворым з пункту гледжання правоў чалавека, тое, што цяпер адбываецца ў краіне, гэта поўнае нівеліраванне свабоды асацыяцый.
novychas.online паводле gazetaby.com,
пераклад «НЧ»