Новы герой чарговага відэа Андрэя Хадановіча — адзін з самых геніяльных творцаў, народжаных на нашай зямлі, Адам Міцкевіч.
У новым відэа:
— ці можам мы лічыць Адама Міцкевіча сваім;
— ці пісаў класік па-беларуску;
— якая версія нараджэння Міцкевіча падабаецца Андрэю Хадановічу найбольш;
— ці ёсць беларусізмы ў паэзіі Міцкевіча;
— якія творы паэта з’яўляюцца галоўнай заслугай паэта перад Беларуссю і Літвой;
— як у польскіх і савецкіх турмах нават па памяці і зялёнкаю ствараліся пераклады Адама Міцкевіча;
— адзіны дзень нараджэння Міцкевіча і Караткевіча: містыка ці выпадковасць.
Некалькі думак з відэа:
— Дарэчы пра «Ойчызно моя». Так і ўяўляю, як польскія дзеткі вучаць гэтыя самыя славутыя радкі польскай паэзіі, якія пачынаюцца са слова «Літва», і адразу робіцца, што з нацыянальнай ідэнтыфікацыяй не ўсё так проста. Як літоўскія дзеткі вучаць самую славутую ў свеце згадку Літвы, якая зроблена чамусьці на польскай мове. Як беларусы сумна глядзяць на прастору і думаюць, колькі ж найлепшых сыноў беларускай зямлі ўвайшлі ў сусветную гісторыю з іншымі мовамі і ідэнтычнасцямі, як няпроста вяртаць іх на радзіму. Ёсць праблема. Разам з тым яе як бы і няма, калі згадаць шматкультурнасць і шматмоўнасць нашых абшараў. Памятаючы факт, што ў 20-я гады ў нас былі 4 дзяржаўныя мовы, мы можам сказаць так: у розныя часы Адам Міцкевіч, Святлана Алексіевіч і Мойшэ Кульбак пісалі дзяржаўнымі мовамі Беларусі.
— Ці пісаў Адам Міцкевіч па-беларуску? Мы ўваходзім у сферу легендаў і міфаў. Заслужаны беларускі даследчык Адам Мальдзіс у інтэрв’ю расказвае гісторыю, як Мацей Канапацкі ў архівах у Коўне знаходзіць беларускамоўныя вершы Міцкевіча. Ім адразу ж зацікавіліся польскія спецслужбы і далі яму зразумець, што пра гэта расказваць не трэба. Ці так яно ўсё? Мальдзіс потым сустракаўся з Канапацкім, які не адказаў ні «так», ні «не» на гэтае пытанне. Істотна, што нам хочацца верыць у гэту легенду. Дакладна вядома, што рукою Міцкевіча на адной з рэлігійных кніг напісана зубастае двухрадкоўе: «На страшным судзе ўсім у сраку будзе». Гэта рукою Міцкевіча і гэта па-беларуску. Але ці гэта радкі аўтарства самога паэта? Дакладна вядома, што беларуская мова была Міцкевічу знаёмая.
— Калі я перакладаў уступ да «Пана Тадэвуша» спрабаваў як бы без каментароў, без доўгага і нуднага экскурсу даказаць, што Літва — гэта блізкія нам абшары былога ВКЛ. І мы самі ёсць часткаю гэтай Літвы. Прафесар і сённяшні палітычны вязень Аляксандр Фядута іранічна пытаўся ў мяне, ці не перакласці Літву словам Беларусь? Зразумела, што гэта было б празмерна, і магло выклікаць дыпламатычны скандал. Але мы маглі перакласці «Ойчызно моя». І вельмі цікавы ход знайшоўся. Пазнейшы аднафамілец Міцкевіча Якуб Колас, абапіраючыся на «Пана Тадэвуша», стварыў сваю энцыклапедыю беларускага жыцця. Там, дзе апавядаючы пра шляхту, Міцкевіч недаапавёў пра сялян, Колас пачынае сваю гісторыю. Але ўступ да «Новай зямлі» рыфмуецца з уступам да паэмы «Пан Тадэвуш», таму мне падалося абсалютна дарэчным смела замяніць гэтае «Ойчызно моя» коласаўскім фірмовым выразам «Мой родны кут».
Ні палякі, ні літоўцы не стануць бяднейшымі, калі мы будзем карыстацца Адамам Міцкевічам як сваім паэтам, таму чым больш Міцкевіч арганічна жыве ў беларускай мове, тым больш ён наш беларускі класік.