Учора беларускія і замежныя СМІ абляцела паведамленне са спасылкай на ананімныя крыніцы пра затрыманне былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў, кіраўніцы колішняга Таварыства беларускай мовы, ліквідаванага па рашэнню суда, філолага Алены Анісім.
Але навіна са спасылкай на ананімныя крыніцы, як вы разумееце, можа разглядацца як плёткі. «Народная Воля» паспрабавала даведацца падрабязнасці.
Алег Трусаў, шматгадовы палечнік Алены Анісім, сказаў “Народнай Волі”, што ніякіх падрабязнасцей не ведае – толькі тое, што пішуць тэлеграм-каналы і сайты. “Алена ж адна засталася, у яе год таму памёр муж, таму нават не ведаю, куды грукацца. Кантактаў сыноў Алены я не маю”, — паведаміў нам Алег Трусаў.
Тэлефон для кантактаў, пазначаны на сайце Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі, дзе працуе Алена Анісім, аказаўся … фейкавым.
— Хто такая Алена Анісім, — здзівілася жанчына на тым баку слухаўкі. – не ведаю такіх.
— Ну як жа, ваша супрацоўніца, былая дэпутатка…
— Не ведаю такіх.
— А гэта Інстытут мовазнаўства?
— Не, гэта “Белтэлекам”…
Вось прыблізна такі дыялог адбыўся.
І ўсё ж “Народная Воля” датэлефанавалася да дырэктара Інстытута мовазнаўства Ігара Капылова.
“Можна я нічога не буду каментаваць. Няхай кампетэтныя органы каментуюць”, — адказаў ён.
Кампетэнтныя органы пакуль нічога не каментуюць. У распісанні працы судоў па адміністрацыйных справах, якія маюцца ў адкрытым доступе, разгляд справы Алены Анісім не быў пазначаны. Прынамсі, у мінскіх раённых судах. Прынамсі, на 18 мая. На ўсялякі выпадак зазірнулі мы і ў распісанне працы суда Стаўбцоўскага раёна — на радзіме Алены. Таксама нічога…