Манумент Ніны Багінскай

Беларусы працягваюць абмяркоўваць праект помніка “Беларусь адзіная”. Да дыскусіі далучыўся старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, паведамляе «Народная Воля».

“У Мінску хочуць паставіць скульптурную кампазіцыю на Кастрычніцкай плошчы. Ідэя добрая, бо тут сапраўды не хапае малых архітэктурных формаў. Брукаванка эпохі аграрэнесанса выглядае пустынна і панура, — піша Ігар Барысаў.

Але ёсць дзве асаблівасці.

Першая — гэта разбіўка кола на шэсць частак, якія сімвалізуюць шэсць абласцей Беларусі. Мяркуючы па канцэпцыі, сама статуя жанчыны з дзіцем — гэта ў тым ліку ўвасабленне і сталіцы. Але ёсць адно «але» — канцэпцыя не далёкаідучая, бо ў Беларусі даўно наспела адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа. Яна патрэбна ў першую чаргу для ўстойлівасці эканамічнага росту рэгіёнаў і ліквідацыі рэгіянальных няроўнасцяў. Такіх рэгіёнаў, эксперты лічаць, павінна быць 17-18, і называцца яны мусяць «акругамі».

Ёсць і іншыя канцэпцыі, але я прыпыняюся на пазіцыі БСДП. Адпаведна — пры правядзенні рэформы ўвасобленая архітэктурная канцэпцыя губляе сваю сучаснасць. Хай гэта і будзе праз некалькі год.

Другая — гэта ідэалагізацыя беларускай жанчыны ў нацыянальным строі. Кампазіцыя складаная. У ёй, як падаецца, лішні адзін элемент — альбо дзіця, альбо сцяг. На маю думку, сцяг выглядае зусім лішнім.

Калі ж канцэпцыя скульптурнай кампазіцыі будзе рэалізаваная, то што тут зробіш: сама ўлада абракае сябе на тое, каб гэты помнік называўся манументам «Ніны Багінскай». І сэнс ёсць, і гісторыя, і нацыянальны строй, і прывязка да месца.

Ігар Барысаў, nv-online.info