Сяргей Вераціла: “У Эквадоры я не прыжыўся, моцна цягнула на радзіму”

Сяргей Вераціла з маці

Дзе нарадзіўся, там прыгадзіўся – сцвярджае народная прыказка. На жаль, далёка не заўсёды так бывае. Пісьменнік Сяргей Вераціла, маючы ўніверсітэцкую адукацыю, вярнуўшыся з блізкіх і далёкіх дарог на малую радзіму, сталай працы там пакуль не знайшоў. Як жывецца творчаму чалавеку ў пасёлку Краснасельскі на Ваўкавышчыне – ён расказаў чытачам “Народнай Волі”.

– Сяргей, ты гадоў дзесяць даглядаў старэнькую маці. Пасля яе сёлетняга сыходу ці ёсць у цябе магчымасць працаўладкавацца ў Краснасельскім па спецыяльнасці?

– Шанцаў тут у мяне – нуль цэлых нуль дзясятых, калі коратка сказаць. Каму сёння патрэбны філолагі? Можна было б пайсці на завод “Краснасельскбудматэрыялы” простым рабочым, для мяне гэта не з’яўляецца праблемай – любая праца пачэсная. Але на заводзе даволі спецыфічныя ўмовы працы – з маімі хваробамі туды нельга. Так што для мяне цяпер гэта праблема нумар адзін, жыць жа за нешта трэба. Дзякуй Богу, пасля маці застаўся невялічкі запас, я яго размяркоўваю вельмі акуратна. А пакуль ёсць час, пішу, даводжу да ладу раней напісанае. Бо ў маім узросце (61 год) чалавек павінен ужо бачыць край. Лінія далягляду ўжо не адсоўваецца, а стаіць на месцы, і кожны дзень ты да яе няўхільна набліжаешся. Хутка давядзецца справаздачыцца перад продкамі. А яны запытаюцца – што ты, Сяргей, пакінуў пасля сябе ў тым свеце?

– Дык жа нешта пакінеш. Дачку, сына, кнігі…

– Дзе тыя дачка і сын… Справа ў тым, што мая жонка Інэс Лурдэс была з Паўднёвай Амерыкі, з Эквадора. Мы разам вучыліся на філфаку БДУ. Я ўжо ў той час  захапляўся лацінаамерыканскай літаратурай, таму нам было пра што пагаварыць. Ну, пабраліся мы шлюбам, двое дзяцей мне жонка нарадзіла тут, у Беларусі. Але цяпер дачка жыве ў Лондане, а сын разам з маці ў Эквадоры.

– А прозвішча ў іх тваё?

– Так, яны абое Верацілы. Дачка – Ляля Марыя Ліза дэ Вераціла-Бэрэсуэта, сын – Ян Францыск дэ Вераціла-Бэрэсуэта. Другое прозвішча ад маці. У Эквадоры такая традыцыя – калі дачка выходзіць замуж, яна бярэ прозвішча мужа, але і бацькоўскага не пазбаўляецца,  яно ставіцца на другое месца. Ездзіў і я ў той Эквадор, але не прыжыўся там, моцна цягнула на радзіму.Больш за паўгода не вытрымаў. Жонка не магла жыць у Беларусі, а я ў Эквадоры… На жаль, мы абодва ўпусцілі адзін момант. Мы маглі б выбраць для жыцця трэцюю краіну, напрыклад Канаду, адкуль і да жончынай, і да маёй радзімы было б аднолькава далёка. Да таго ж у Канадзе ёсць урадавыя праграмы, скіраваныя на падтрымку падобных сем’яў, калі муж з жонкай з розных кантынентаў.

– Дык чаму беларус з эквадоркай не ўжыліся? Клімат не той?

– Мы цудоўна ўжываліся, разам перакладалі Борхеса на беларускую мову. Але ў Беларусі ў нас не было свайго жытла. І перспектывы набыць яго – таксама. Таму і падаліся ў Эквадор. Там – у цешчы ўласны вялікі дом, цесна не было. Але мяне проста заела настальгія. Па-беларуску не было з кім пагаварыць! Гэта па-першае. А па-другое, у нас усё ж вельмі розны менталітэт. Эквадорцы вельмі абярэжліва і пяшчотна ставяцца адзін да другога. Калі мая жонка слухала, як беларусы размаўляюць паміж сабой, ёй здавалася, што мы зараз будзем біцца (смяецца).

– Дзеці сябе кім больш адчуваюць – беларусамі ці эквадорцамі?

– Сын – адназначна патрыёт Эквадора. Дачка больш прыхільная да Беларусі, можа, каб зрабіць прыемнае бацьку, сказаць “Жыве Беларусь!”. Але калі тэлефануе з Лондана, я размаўляю з ёй па-іспанску.

– Уяўляю, як жонка тлумачыла табе якога-небудзь Маркеса ці Борхеса (пісьменнікаў, якіх без каментарыяў чытаць немагчыма). А ты жонцы беларускую літаратуру на якіх узорах паказваў?

– Чытаў ёй Караткевіча, Багдановіча, Гарэцкага, але найперш коласаўскія паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка” – для мяне гэта з’явы проста касмічнага маштабу! Дарэчы, заўваж, усе тры славянскія аўтарскія эпасы створаны беларусамі – “Слова пра паход Ігаравы”, “Дзяды” Адама Міцкевіча і “Новая зямля” другога Міцкевіча – Коласа. Ці ж гэта не феномен? Мне робіцца смешна, калі расіяне называюць “Яўгенія Анегіна” энцыклапедыяй рускага жыцця. Бо калі прачытаць раман менавіта з гэтага пункту гледжання, то як там рускае жыццё паказана? Рускі жыве ў Пецярбургу, які пабудаваны італьянскімі архітэктарамі. Рускі харчуецца ў французскім рэстаране. Рускі вечарам ходзіць на французскі балет. І гэта энцыклапедыя рускага жыцця? Што ж там, патлумачце вы мне, рускага?

– Імперская звычка – усё заграбаць у “русский мир”. Пісаў жа аўтар “Яўгенія Анегіна”: “Славянские ручьи сольются в русском море”.

– Таму і хочуць яны “слиться”, бо “мора” тое міфічнае перасохла. Чытаў я нядаўна кніжку вядомага расійскага філолага і гісторыка Саламона Лур’е “Русские современники Возрождения”. Дык там проста на кожнай старонцы боль і крык: эх, каб знайсці хоць адзін лацінамоўны старажытны тэкст, напісаны ў Масковіі, то можна было б гаварыць, што эпоха Рэнесанса была і там. А ў нас, беларусаў, тысяча лацінскіх тэкстаў, напісаных у тыя часы! Пачынаючы ад славутай “Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага. І мы сціпленька стаім збоку і маўчым.

– Твая маці пражыла амаль 96 гадоў. Як лічыш, ты быў добрым сынам?

– Гледзячы што разумець пад выразам “добры сын”. Калі маё апякунства, то я стараўся, і тут, відаць, я быў някепскім сынам. Але я зусім не апраўдаў спадзяванні маці, яна вельмі хацела, каб я быў заможным чалавекам.

– Дык, можа, яшчэ будзеш.

– Твае словы ды Богу ў вушы. Але ў гэтым сэнсе я маці падвёў. У мяне нічога свайго няма. Хата – гэта спадчына, якая мне дасталася. І цяпер мая задача – яе не прафукаць. Колькі я назіраў выпадкаў, калі бацькоўскую спадчыну няўдзячныя дзеткі прадавалі, прапівалі і г.д. Я буду трымацца. Цяпер я вучуся таму, што ў хрысціян называецца “змірэнне”. Што ёсць, за тое і дзякую Богу. Раніцай прачнуўся – дзякую. Нешта ўдалося за дзень напісаць – дзякую. Мне цяпер вельмі хочацца пісаць, я адчуваю сябе перапоўненым тэмамі, як збан з забрадзілым півам.

– Па-мойму, у такім стане ты перабываеш пастаянна. А як так атрымалася, што кніга ў цябе толькі адна – зборнік апавяданняў “Разбітае сэрца Вітаўта” (2013)?

– Калі яна выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, я даў інтэрв’ю газеце “Новы час”, дзе назваў Саюз пісьменнікаў, які ўзначальваў Мікалай Чаргінец, саюзам прыслужнікаў. Відаць, ён тое інтэрв’ю прачытаў і зрабіў так, што цяпер у дзяржаўныя выдавецтвы мне шлях закрыты. А выдаваць кнігі за свой кошт у мяне магчымасці няма.

– У свой час ты працаваў вартаўніком на знакамітай Лысай Гары – пільнаваў пісьменніцкія лецішчы. Ці былі для цябе карыснымі непасрэдныя кантакты з пісьменнікамі?

– Канешне ж! Тагачасная Лысая Гара – гэта кавалачак ідэальнай Беларусі, яе насельнікі ўжывалі беларускую мову 24 гадзіны ў суткі. Цераз плот перагаворваліся, спрачаліся і сварыліся па-беларуску, песні спявалі на роднай мове. Там я пасябраваў з Алесем Жуком, Леанідам Дайнекам (светлая ім памяць), Генрыхам Далідовічам, Максімам Клімковічам, Аксанай Спрынчан, Уладзіславам Ахроменкам. Помню доўгія размовы з празаікам і былым работнікам ЦК КПБ Алесем Савіцкім. Вельмі неадназначны чалавек. Яго часам вінавацяць, што ён стаў па той бок барыкад. А ён проста быў з той катэгорыі людзей, якія заўсёды на баку ўлады. Любой улады.

– А ці пісалася табе там, на Лысай Гары?

– Ты ведаеш, не вельмі. Помню, неяк узімку напісаў такое чатырохрадкоўе: “На Лысагор’і, дзе я замярзаю / ў дамку чырвоным, ля копанкі круглай, / я не замерзну, я кнігу маю, / закіну ў печку – заззяюць вуглі”.

– Ты паліў кнігі?

– Усяго дзве – “Гісторыю КПСС” і “Матэрыялы XXIII з’езда Камуністычнай партыі Савецкага Саюза”. Тоўстыя такія кнігі. Я іх знайшоў каля сметніцы…

– Польшча, Літва і Украіна ўзводзяць на мяжы з Беларуссю ледзь не крапасныя сцены, візы, праўда, беларусы пакуль атрымліваюць. Мы з табою помнім савецкія часы, штамп у пашпарце “дазвол на выезд”. А ці гатовая сучасная беларуская моладзь жыць за жалезнай заслонай, як жылі дзяды і бацькі?

– Не, яна абсалютна не гатовая перасаджвацца на “Ладу-Каліну” без падушак бяспекі. Вось я бяру свой Краснасельскі. Амаль уся актыўная моладзь з’ехала, няма каму на цэментным заводзе працаваць. Там ужо набіраюць абы каго, пенсіянераў угаворваюць, каб вярнуліся. А маладыя едуць у Польшчу, у Літву, у ЗША. Хоць увогуле беларус – як хобіт, ён хацеў бы жыць дома, найлепш на ўласным хутары. Галоўнае месца для беларуса – родная хата. Згадай радкі Францішка Багушэвіча: “Я не кіну хату, хоць мяне вы рэжце! / Не пайду да вас я, хіба ў арэшце!”. І гэта таксама феномен беларускай літаратуры, які можна браць у сусветныя прыклады. Але калі на радзіме няма да чаго прыкласці рукі і розум, моладзь будзе з’язджаць у любым выпадку. Нават праз жалезную заслону. Вада дзірачку знойдзе.

– У Беластоку і Вільнюсе нейкая паралельная Беларусь ужо ўзнікае – са сваім тэлебачаннем, радыё, тэатрам, школамі… І не факт, што, акліматызаваўшыся там, людзі потым вернуцца на радзіму.

– Вернуцца. Не ўсе, вядома ж. Тое самае было з яўрэямі. Яны таксама спачатку стварылі “паралельны Ізраіль” у Еўропе і Злучаных Штатах. І далёка не ўсе паехалі потым у дзяржаву Ізраіль. А паглядзі, што ў ХVІІ стагоддзі рабілі іспанскія і партугальскія каралі з тымі ж яўрэямі – узялі і павыганялі іх. А тыя былі выдатнымі юрыстамі, фінансістамі, рамеснікамі. Частка з іх выехала ў Асманскую імперыю, частка ў Нідэрланды. Знакаміты нідэрландскі філосаф Спіноза – ён жа з партугальскіх яўрэяў. І чым ён на жыццё зарабляў? Апрацоўкай аптычнага шкла, граніў яго. Між іншым, рэдкая на той час прафесія.

– У сувязі з вайной ва Украіне ў Беларусі ствараецца (праўда, неяк вяла) тэрытарыяльная абарона, пры кожным сельсавеце па 50 чалавек. Як ты лічыш, беларуская тэрабарона будзе эфектыўнай, калі, не дай Божа, узнікне такая патрэба?

– Думаю, што эфектыўнасці тут чакаць не выпадае. Разбяжыцца наша тэрабарона па хатах. Там павінны служыць поплеч з  пяцідзесяцігадовымі дзядзькамі маладыя хлопцы. Сыны мусяць стаяць побач з бацькамі, а бацькі побач з сынамі – так зроблены атрады тэрабароны ва Украіне. Яны разам, яны натхняюць адзін аднаго і падтрымліваюць. Вось чаму так важна з гарадоў, якія падлягаюць асадзе, не эвакуяваць усё насельніцтва. Калі салдат ведае, што ў доме за ягоным акопам ёсць жанчыны, дзеці і старыя, ён будзе біцца яшчэ мацней.

– А яшчэ вайсковец павінен быць патрыётам сваёй радзімы. А дзе той беларускі патрыятызм у нашых школах і ВНУ?

– Патрыятызм закладзены ў нас ад нараджэння, большасць з нас любіць сваю радзіму. Але ён у нас такі… своеасаблівы. Згадай, калі ў нас партызанка пачалася – як толькі немцы пачалі рабаваць двары, адпраўляць моладзь у Германію… Беларус – патрыёт найперш сваёй хаты, свайго двара. Але калі па-сапраўднаму дапячэ – выходзяць усе. І тады робяцца актуальнымі нацыянальныя сімвалы. Вось у 2020 годзе пэўныя, скажам так, актывісты бегалі з белымі стужачкамі, а як толькі пачаўся сапраўды масавы рух – адразу залунаў гістарычны бел-чырвона-белы сцяг. Ён не на кожны дзень – ён акурат на такія моманты. І тады гучаць імёны і Канстанціна Астрожскага, і Кастуся Каліноўскага…

– Помнік Каліноўскаму, дарэчы, нядаўна быў дэмантаваны ў Старых Дарогах – па даносе адной жыхаркі Гродна. Як мяркуеш, чаму ў нас, як у 1930-я гады, зноў актывізаваліся даносчыкі?

– Памятаеш словы Сяргея Даўлатава: “Мы без канца праклінаем таварыша Сталіна, і, зразумела, ёсць за што. Але хто напісаў чатыры мільёны даносаў?”. Помню, мой дзед Іван казаў так – на кожную сотню людзей ёсць адзін чалавек, які ніколі не возьме чужога. Памрэ з голаду, а не возьме. І ёсць некалькі чалавек, якія ўкрадуць пры любых умовах, трэба гэта ім, ці не трэба. Так і з даносчыкам. Ён можа напісаць данос з-за крыўды на некага, з-за зайздрасці. Вось у яго сусед паспяховы прадпрымальнік, ён з даносчыкам неяк не павітаўся. А тут – бел-чырвона-белы сцяг на яго балконе. Ну як не паквітацца? І вось даносчык сядзіць і атрымлівае задавальненне, калі бачыць, як суседа з надзетымі кайданкамі выводзяць з пад’езда. Гэта ж для яго кайф.

– Пасёлак Краснасельскі знакаміты найперш сваім цэментным заводам. Уявім сабе такую сітуацыю – дырэктар завода вырашыў падараваць табе як адзінаму мясцоваму пісьменніку вагон адборнага цэменту. На што б ты яго патраціў?

– Заклаў бы добрыя падмуркі пад помнікі, а рэшту прадаў бы і купіў мармуру і бронзы. У мяне сусед – выдатны скульптар Сяргей Стальмашок, ён зрабіў бы помнікі знакамітым асобам, якія нарадзіліся на Ваўкавыскай зямлі ці праславілі яе: князю Глебу Ваўкавыскаму, першаму шахцёру, які адкрыў крэйдавыя радовішчы, спеваку Міхасю Забэйду-Суміцкаму, пісьменнікам Ларысе Геніюш і Аляксею Карпюку. Думаю, на пяць помнікаў хапіла б цэменту. Ну, і адзначылі б адпаведна адкрыццё тых помнікаў…

Міхась Скобла, „Народная Воля“,
Мінск – Краснасельскі