23 траўня юрфак БДУ апублікаваў «палоннае відэа» студэнта, які каяўся ў тым, што «распаўсюджваў дыскрэдытуючыя звесткі ў дачыненні да адміністрацыі і БРСМ», піша «Новы Час».
Прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр лічыць гэта абуральным парушэннем фундаментальных правоў, якія ляжаць у аснове ўсяго акадэмічнага шляху.
Крысціна Рыхтэр кажа:
— Студэнцтва — гэта час свабоды, самавыяўлення і творчасці. Гэта перыяд, калі маладыя розумы расцвітаюць, напаўняючыся ідэямі, марамі і жаданнем фармаваць свет вакол сябе. Але не ў Беларусі Лукашэнкі.
У Беларусі Лукашэнкі ідэя «пакаянных відэа» выбралася за сцены ГУБАЗіКа і аддзелаў міліцыі. Цяпер нават не трэба быць падпісаным на «экстрэмісцкія» медыя, распаўсюджваць «экстрэмісцкія» матэрыялы або выходзіць на маршы. Дастаткова проста не любіць БРСМ і выказвацца пра гэта, каб трапіць у Instagram сваёй ВНУ з пакаянным відэа.
Прымус студэнта да запісу відэа з’яўляецца абуральным парушэннем фундаментальных правоў, якія ляжаць у аснове ўсяго акадэмічнага шляху.
Гэта парушае свабоду выказвання меркаванняў і забівае асяродак, неабходны для інтэлектуальнага росту і даследаванняў. Рэжым, які прымушае студэнтаў запісваць такія відэа, спрабуе здушыць іх голас і перашкаджае развіццю крытычнага мыслення. Гэта абраза самой сутнасці студэнцтва — часу, калі цікаўнасць, незалежнае мысленне і адкрыты дыялог павінны шанавацца і заахвочвацца.
Спадзяюся, што ў маладога чалавека з відэа ўсё добра. Спадзяюся, што гэты досвед не прымусіць яго замаўчаць, перастаць думаць крытычна, задаваць пытанні і шукаць на іх адказы, нават калі яны будуць «нязручныя» для дарослымх Будучыня Беларусі — у нашых маладых людзях, а не ў тых, хто прымушае іх запісваць падобныя відэа.
Марыя Колесава-Гудзіліна: выкладчыкі юрыдычнага факультэта БДУ парушаюць стандарты правоў чалавека
Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна назвала запісанае на Юрыдычным факультэце БДУ “палоннае відэа” парушэннем правоў чалавека.
Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
— Юрыдычны факультэт БДУ парушае правы чалавека!
Учора ў Instagram юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта было апублікавана «пакаяннае відэа» са студэнтам (я на відэа спецыяльна закрыла твар).
Відэа на фоне плаката юрфака БДУ сведчыць пра тое, што выкладчыкі юрыдычнага факультэта парушаюць стандарты правоў чалавека.
Прымус да ўдзелу ў такіх роліках парушае свабоду выказвання меркаванняў. Гэта прамое парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, калі чалавек вымушаны ў непрацэсуальнай форме прызнацца ў здзяйсненні забароненых дзеянняў.
Такое відэа парушае права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажальнаму абыходжанню або катаванням.
Я ўпэўнена, што тых, хто прымушае здымацца ў падобных відэа, можна прыцягнуць да адказнасці. Гэта трапляе пад кваліфікацыю арт. 426 Крымінальнага кодэкса («Злачынства супраць чалавечнасці, якое здзяйсняецца прадстаўніком дзяржавы»).