Паліна Шарэнда-Панасюк адмаўляецца ад беларускага грамадзянства з-за катаванняў

У знак пратэсту супраць катаваннняў Паліна Шарэнда-Панасюк вырашыла адмовіцца ад беларускага грамадзянства, піша «Новы Час». Палітзняволеная цалкам адмаўляецца падпарадкоўвацца адміністрацыі калоніі, суду і іншым сілавым структурам.

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк падала афіцыйны зварот, каб адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Пра гэта ў сацсетках паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда.

Андрэй Шарэнда напісаў, што некалькі дзён таму да маці Паліны чарговы раз вярнулася медычная бандэроль, у якой былі неабходныя для Паліны лекі. Паліна ўжо больш за год не прымала патрэбныя для функцыянавання пячонкі медыкаменты.

Стала вядома, што паліттзняволеную этапавалі з калоніі №24 (Зарэчча) для праходжання судова-псіхіятрычнай экспертызы. Калонія ў Зарэччы, нагадваем, створаная для жанчын-рэцыдывістак, якія паўторна здзейснілі цяжкае злачынства. Цяпер месцазнаходжанне Паліны невядомае.

Андрэй Шарэнда паведамляе, што на Паліну працягваецца “каласальны фізічны ціск”. “Паліну фактычна ўвесь час трымаюць у штрафным ізалятары. Толькі за апошнія 5 месяцаў яна правяла ў жудасных умовах ШІЗА 120 дзён, а агулам за няпоўны год знаходжання ў калоніі №24 — больш як 200 дзён. І гэта без уліку месяцаў, праведзеных у ПКТ, дзе ўмовы не значна лепшыя за штрафны ізалятар. Паліну марудна, але мэтанакіравана забіваюць. Арганізм Паліны настолькі знясілены, што ёй ужо цяжка хадзіць. Праз адсутнасць сонечнага святла зрок у Паліны моцна сапсаваўся.

Паліна разумее, што з яе выцягваюць жыццё, і спрабуе супраціўляцца. Трэба ўлічваць, што Паліна — жанчына, а жанчыне значна цяжэй нявечыць свае цела, як гэта звычайна робяць зняволеныя, даведзеныя да мяжы ў знак пратэсту. Але пакідаць бясконцыя здзекі без адказу яна не можа”.

У знак пратэсту супраць катаванняў Паліна вырашыла адмовіцца ад беларускага грамадзянства і падала наконт гэтага афіцыйны зварот. 

“Паліна адмаўляецца ад беларускага пашпарту, са сталінскім гербам на вокладцы,— піша Андрэй Шарэнда. — Яна больш не хоча мець нічога агульнага з акупацыйным рэжымам, што ўсталяваўся на Беларусі. Рэжымам, які знішчае незалежнасць Беларусі. Рэжымам, які ўдзельнічае ў акупацыйнай вайне. Рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязняў у турмах. 

З моманту адмовы ад грамадзянства Паліна перастае ўважаць сабе падуладнай усялякім законам акупацыйнай улады і адмаўляецца выконваць ўсе патрабаванні. Таксама Паліна цалкам адмаўляецца падпарадкоўвацца адміністрацыі калоніі, суду і іншым сілавым структурам. 

Паліна падкрэслівае, што застаецца беларускай і патрыёткай сваёй Радзімы — Беларусі, і будзе да канца жыцця змагацца за яе свабоду. Паліна просіць міжнародныя гуманітарныя і праваабарончыя арганізацыі сачыць за яе лёсам, і зрабіць усё магчымае для вызвалення яе і ўсіх палітзняволеных. Таксама Паліна просіць незалежныя медыі распаўсюдзіць яе зварот адмовы ад грамадзянства акупацыйнай улады, якая захапіла Беларусь”.

novychas.online