«Плошча Перамогі» Бахарэвіча і вершы Насты Кудасавай: якія кнігі набываюць беларусы на кніжным кірмашы

У Варшаве распачаўся Міжнародны кніжны кірмаш, на які прыехалі выдаўцы і пісьменнікі з усяго свету. Гандлёвыя павільёны Палаца культуры і навукі стракацяць прапановамі: кнігі, кнігі, кнігі… Гістарычныя, мастацкія, навуковыя, дзіцячыя. А што беларускі стэнд? «Радыё Ўнэт» паспяшалася ў павільён #168, каб пацікавіцца, якія кніжкі чытаюць і набываюць у незалежных беларускіх выдаўцоў.

 Валянціна Гарцуева, актрыса незалежнай тэатральнай трупы «Купалаўцы»

–  «Побач» Насты Кудасавай. Гэта была мая мара… Я чытала вершы Насты ў яе фэйсбуку, мы спісвалася. Мне вельмі падабаецца, абсалютна мой настрой зараз. Я ўжо чакаю, як прыйду дадому, усё пагляджу, пачытаю. Гэта для мяне падзея. І яшчэ, вельмі цудоўна пабачыць на кірмашы так шмат беларусаў.

Аўтар фота: Аляксандр Драгавоз
Марына Весялуха, журналістка

– Ох, у мяне тут шмат усяго. Некалькі часопісаў Arche, іх любіць чытаць мой муж. Мы зараз сумуем па тым, што ў Варшаве так мала беларускай перыёдыкі. З задавальненнем набыла чатыры выпускі «Нашай гісторыі». Спачатку пачытаем самі, а потым перадамо сябрам у іншыя краіны. Набыла яшчэ дзве кнігі Альгерда Бахарэвіча – «Ператрус у музеі» і «Плошчу перамогі». І даўно марыла купіць «Фатаграфію і культуру памяці ў беларусаў» Сяргея Грунтова. Я чула пра гэтую кнігу, але яна выйшла ў Беларусі, а замаўляць яе адтуль было б і дорага, і доўга.

Андрэй Янушкевіч, выдавец

– Я раю набываць тое, што не прадаецца. Сур’ёзна! Кнігі, якія ўжо маюць поспех, купяць і так. Таму я хачу звярнуць увагу нашых патэнцыйных наведвальнікаў, што тут ёсць сапраўдныя рарытэты. Напрыклад, кніга Томаса Мана «Смерць у Венецыі». Дзясятак экзэмпляраў застаўся па ўсім свеце. Альбо адзінкавыя экзэмпляры «Пячоры» Жазэ Сарамага, нобелеўскага лаўрэата. Гэта адзіная кніга, выдадзеная па-беларуску ў перакладзе з партугальскай мовы.

Валянціна Андрэева, галоўны рэдактар Gutenberg Publisher

– Канешне, я раю пачытаць «Беларускі народны Соннік». Гэта кніжка цікавых і містычных гісторый. Там ёсць не толькі тлумачэнні сноў, а і цэлы набор раскошных народных гісторый пра тое, як жылося і чаго чакалася нашым бабулям.

 А самі тлумачылі свае сны?

– Свае не, але сябры заглядалі. Камусьці сніўся сабака, і гэта значыла, што хутка будзе новы сябар.

– Які кошт Сонніка?

– Кніжка дарагая, 99 злотых. Але яна імкнецца апраўдаць гэтую цану, бо выдана без кампрамісаў, у раскошнай цвёрдай вокладцы на цудоўнай паперы.

Вольга Татарчык, кіраўнічка выдавецтва Słowianka і Павел Адамовіч, наведвальнік кірмаша

– Адразу кінулася ў вочы вокладка, файная назва — «Каток-пестунок». Спадабаліся ілюстрацыі, я такія люблю. Майму сыну два з паловай гады, хутка трэба будзе нешта яму чытаць. Кніжка з такімі вершамі і файнымі малюнкамі нам вельмі прыдасца, – распавядае пра сваю пакупку Павел Адамовіч.

– Мы надрукавалі вершы нашых класікаў – Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, вершы паэтаў 30-х гадоў, творы сучасных аўтараў. Акрамя таго, у кнізе ёсць дадатковыя заданні і тлумачэнні ад  Катка-пестунка, які стане сябрам вашаму дзіцёнку, — прэзентуе навінку Вольга Татарчык.

Яшчэ больш размоў з беларускімі выдаўцамі і чытачамі слухайце ў нашым аўдыёрэпартажы.

Праграма беларускага стэнда на Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве

26 мая (14:00—14:55, канферэнц-зала) рэжысёрка Яўгенія Давідзенка правядзе творчую сустрэчу.

27 мая (12:00—12:55, канферэнц-зала) пісьменнік і гісторык Сяргей Тарасаў прэзентуе сваю кнігу «Еўфрасіння, Афрасіння, Офрасіння Полацкая. Яе час, яе крыж» пра жыццё і таямніцы святой Еўфрасінні Полацкай.

27 мая (15:00—15:55, канферэнц-зала) знаны паэт, пісьменнік, гісторык Уладзімір Арлоў раскажа пра ранейшыя свае бестселеры, а таксама навінкі ад выдавецтва «Камунікат».

27 мая (18:00—18:55, канферэнц-зала) з чытачамі сустрэнецца вядомы паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч.

26 мая, 17:00 і 27 мая 16:00

На беларускім стэндзе #168 прэзентуе сатырычны раман “Свінні” Аляксандр Чарнуха. За год раман «Свінні» прачыталі больш чым у трыццаці краінах, а п’есу па рамане купалаўцы паставілі ў тэатры Rampe у Штутгарце. Цяпер сатырычны бэстсэлер можна будзе прачытаць і па-беларуску.

Каля стэнда 26 мая (18:00—19:00), а таксама 27 мая (14:00—15:00) сустрэнецца з чытачамі і правядзе аўтограф-сесію Паўліна Скурко — жонка журналіста і палітзняволенага нашаніўца Андрэя Скурко. Паліна прэзентуе зборнікі мужавых вершаў «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў» ды перакладной кнігі «Добры доктар Будзь-Здароў».

Каля стэнда 26 мая (17:00—18:00), 27 мая (17:00—18:00) прывітае наведнікаў і чытачоў сваіх твораў пісьменніца, перакладчыца і журналістка Святлана Курс. Яна аўтарка кнігі «Па што ідзеш, воўча?» выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм».

Каля стэнда 26 мая а 17-й гадзіне паэтка Наста Кудасава і мастачка Сафія-Святлана Дземідовіч прэзентуюць кнігу «Побач», выдадзеную імпрынтам Skarynyčy.

Каля стэнда 27 мая (10:30—11:55) пісьменнік Аляксандр Кудрыцкі раскажа пра сваю новую кнігу «Казік з Каменнай горкі», якая пабачыла свет у выдавецтве «Янушкевіч».

Каля стэнда 27 мая (13:00—13:55) аўтограф-сесію правядзе даследчык-нумізмат Дзмітрый Гулецкі.

Каля стэнда 27 мая (13:00—14:30) прэзентуе кнігу прозы «Тастамент Рагвалода» яе аўтар Алесь Аркуш. Зборнік выдадзены імпрынтам Skarynyčy.

Каля стэнда 28 мая (11:00—12:00) пра кнігу для дзяцей «Каток-пестунок» раскажа яе ўкладальнік пісьменнік Васіль Дранько-Майсюк.

radiounet.fm