Новы выпуск на ютуб-канале CHADANOVIČ прысвечаны самаму забароненаму беларускаму літаратару Альгерду Бахарэвічу і яго, магчыма, самай балючай для сённяшніх беларусаў кнізе «Ператрус у музеі».
У новым відэа даведаемся:
— што значыць назва кнігі «Ператрус у музеі»;
— як аўтар паказвае сябе і сваю жонку ў адным з апавяданняў;
— чаму кніга не з’яўляецца плоскай публіцыстыкай;
— якія паралелі ў кнізе Альгерда Бахарэвіча з творчасцю Алеся Адамовіча і іншых вядомых літаратараў;
— якія персанажы твора маюць сучасных прататыпаў;
— як у кнізе «Ператрус у музеі» апісана гульня дзетак у АМАП і людзей;
— як аўтар вярнуўся да паэзіі;
— як выглядаюць менскія пратэсты ў кнізе Бахарэвіча «Вершы».
Некалькі думак з відэа:
Сярод персанажаў кнігі ёсць тыя, што маюць пазнавальных прататыпаў. І, магчыма, гэтыя прататыпы смяротна абразяцца на аўтара. Ёсць сярод персанажаў адыёзны прапагандыст з пазнавальным прозвішчам Макраштаннік, што заходзіць у секс-шоп і зацікаўліваецца дзіўнаватай цацкай — ружовым гумовым Гімлерам з выкінутым угору нацысцкім жэстам. Ёсць здавалася б добрая пісьменніца з бясспрэчнымі заслугамі перад беларускай культурай, але супрацоўніцтва з сістэмай заганяе яе ў сітуацыю быкаўскага Рыбака, прымушаючы зрабіць выбар.
Што гэта: «Ператрус у музеі»? Гэта помста культуры, якая зрабілася зброяй бяссільных, і нават тупыя ворагі пабачылі яе значнасць і вырашылі яе зачысціць? Або знаёмая нам па Оруэлу, спроба змяніць мінулае? Памятайце, як у «1984» у міністэрстве праўды выразалі з газет нязручнае мінулае і знішчалі яго ў адпаведнай трубе, перапісваючы нанова. Ёсць у гэтым і элемент самахарактарыстыкі — вобраз няўрымслівага аўтара, які раз за разам робіць сваё выказванне некамфортным, здымае музейны пыл з культуры, з таго, што спрабуе ператварыцца ў штампы, у змярцвелыя словы, спробай зноў зрабіць гэтыя словы, гэтую культуру актуальнай нават коштам болю, якім баліць аўтару і якім баліць чытачам. Тэза, сфармуляваная Бахарэвічам яшчэ ў прадмове — змяніць гісторыю, павярнуць час немагчыма. Можна адрэзаць стрэлкі ў гадзінніка, але немагчыма спыніць час. Помста будзе балючай. На жаль, акрамя тых, хто заслугоўвае гэтай справядлівай адплаты, пацярпяць і цярпяць зараз вялікая колькасць нявінных людзей.
Бахарэвіч — аўтар, чые кнігі затрымліваліся на мяжы беларускай мытняй, канфіскоўваліся больш чым на год на прадмет экстрэмізму, аўтар, чые тэксты паводле «экспертаў рэжыму» распальваюць, заклікаюць. Можа так яно і ёсць. Аўтар распальвае, заклікае нас быць людзьмі, быць грамадзянамі, несці адказнасць за свой час, за сваю краіну, за тыя катастрофы, што адбываюцца побач з намі, а часам і з нашым удзелам.